Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАМЯТАЮЦЬ МЕНЧУКІ, ШТО СЁНЬНЯ – ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ?


Ганна Соусь, Менск

Ці памятаюць беларусы пра тое, што ў 90-м годзе, яшчэ да распаду Савецкага Саюзу, Вярхоўны Савет 12-га скліканьня прыняў Дэклярацыю дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі? Першымі, да каго я зьвярнулася з гэтым пытаньнем, былі маладыя людзі, якія прыехалі ў Менск з Гомелю адмыслова дзеля сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці.

(Малады чалавек: ) "Вельмі добра памятаем, што была прынятая Дэклярацыя незалежнасьці Рэспублікі Беларусь".

(Карэспандэнтка: ) "А як Вы ставіцеся да таго, што цяперашнім Днём Незалежнасьці лічыцца 3 ліпеня?"

(Малады чалавек: ) "Вельмі дрэнна. 27-е — гэта наш Дзень Незалежнасьці".

(Другі малады чалавек: ) "3 ліпеня — гэта сьвята аднага чалавека. Я мяркую, што нам ня трэба ні з кім аб'ядноўвацца. Можна жыць кожны сваёй сям'ёй і сябраваць з усімі".

Побач з маімі суразмоўцамі стаяла дзяўчына, на ейнай кашулі быў значак з надпісам: "За дзяржаву крыўдна".

(Дзяўчына: ) "За нашу, за Беларусь..."

(Карэспандэнтка: ) "Чаму?"

(Дзяўчына: ) "Таму што дрэнна жывем, хацелася б лепей. Але ж сьвяткаваць зьбіраемся, канешне, таму сюды й прыехалі".

Якім чынам адбудзецца сьвяткаваньне, дзяўчына адмовілася распавесьці, зазначыла толькі, што заўтра пра гэта паведамяць усе незалежныя газэты.

Некаторыя з апытаных сьцьвярджалі, што Беларусь ужо згубіла сваю незалежнасьць. Гэтак мяркуе прадпрымальнік з гандлёвага кімашу "Дынама" Раман...

(Раман: ) "Няма нічога. Беларусь з Расеяй аб'ядналася. Атрымліваецца, сапраўднай незалежнасьці няма".

Пасьля агульных развагаў многія мае суразмоўцы адразу ж пераходзілі да сваіх надзённых клопатаў. Гаворыць Вадзім Прыгожы з Барысава...

(Прыгожы: ) "Я супраць таго, што ў кожным горадзе будуюць лядовыя палацы. Дзень на дзень не прыходзіцца, а мы жывем, як прыходзіцца. Мы яшчэ за сакавік–красавік заробку не атрымалі. Вы гэта ведаеце?"

Сярод розных меркаваньняў з нагоды Дня Незалежнасьці былі й такія. Пэнсіянэрка Галіна ўпэўнена, што Беларусі трэба ўваходзіць у склад Расеі.

(Галіна: ) "Рускае поле — адзінае поле Расеі, Украіны й Беларусі. Мне гэта вельмі падабаецца".

А супрацоўнік міліцыі Ігар, які прыехаў у Менск зь Берасьця па службовыя справы, мяркуе, што трэба, каб 27 ліпеня ізноў стаў дзяржаўным сьвятам.

(Ігар: ) "Цяпер адзначаем 3 ліпеня, але ж гэта Дзень вызваленьня ад нямецка-фашыскіх захопнікаў. А Дзень Незалежнасьці — гэта тады, калі прынялі Дэклярацыю".

(Карэспандэнтка: ) "Ці пагражае цяпер што-небудзь незалежнасьці Беларусі?"

(Ігар: ) "Аб'яднаньне з Расеяй".

А вось Алег Каратай, студэнт Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі, мяркуе, што пытаньне, якую дату трэба лічыць сапраўдным Днём Незалежнасьці, будзе вырашанае пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Сам Алег ужо вызначыўся, за каго ён будзе галасаваць...

(Каратай: ) "За адзінага кандыдата — за Ганчарыка. Калі будзе Домаш, то за Домаша. Але супраць Лукашэнкі й Гайдукевіча".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG