Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УДЗЕЛЬНІКІ “ЛАНЦУГУ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ”: НЕ БАІМСЯ, ТРЭБА ПРЫБІРАЦЬ ЛІДЭРА, ЯКІ КРАІНУ ЗРАБІЎ УБОГАЙ!


Валер Каліноўскі, Менск

Першымі ў ланцуг сталі жонкі зьніклых і загінулых палітыкаў. Людміла Карпенка паведаміла Радыё Свабода, што жонкі зьніклых зьбіраюцца цягам наступнага месяца езьдзіць і расказваць праўду пра сваіх мужоў у беларускіх рэгіёнах:

(Карпенка: ) “Шэраговыя людзі мала ведаюць, я проста езьдзіла ў рэгіёны, і тыя людзі, які далучаныя да дэмакратычнай партыі – яны ведаюць, а звычайныя ведаюць мала. Яны зь цікавасьцю слухаюць і я думаю свае погляды мяняюць”.

Сьвятлана Завадзкая на акцыю прыйшла з сынам Юрам. Яна лічыць, што перадвыбарчы час спрыяе таму, каб дабівацца праўды:

(Завадзкая: ) “Я лічу, што калі не зараз, то пасьля будзе проста прзна”.

Звычайныя людзі выказвалі абурэньне пазыцыяй уладаў, якія не рэагуюць на абвінавачваньні Ўладзіміра Ганчарыка:

(Голас жанчыны: ) “Чаму я прыйшла? Бо Карпенку – зьнічтожылі, Захаранка – зьнік, Ганчар, Красоўскі і Завадзкі – іх, відаць, забілі. Я чула пра інфармацыю Ганчарыка і давяраю ёй”.

Многія зазначалі, што пакуль на падобныя акцыі выходзяць сотні, а не сотні тысячаў людзей, бо ў грамадзтве запанаваў страх:

(Голас мужчыны: ) “Насельніцтва запалоханае, бо 7 гадоў праўленьня Аляксандра Рыгоравіча дарэмна не прайшлі”.

Ці можна праводзіць выбары ва ўмовах страху? Адказвае Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Ва ўмовах страху трэба йсьці на выбары, бо гэта – магчымасьць зьменшыць страх. Ідэя адмовы ад барацьбы ва ўмовах страху – гэта, мабыць, злачынства перад уласным народам, бо людзі чакаюць, калі вы прыходзіце да іх, яны ўжо ня так баяцца”.

Але тыя, хто выйшлі на гэтую акцыю, ужо ня так баяцца:

(Голас жанчыны: ) “Не магу быць абыякавай. Не баюся. Зараз ужо не баюся”.

(Голас мужчыны: ) “Не баюся, што Вы? У мяне 3 дзяцей растуць, калі я буду баяцца, гэта перадасца ім. Ні ў якім разе. Будзем да канца стаяць. Трэба прыбраць гэтага вось “лідэра”, убогага, прабачце. Які ўсю гэтую краіну зрабіў убогай. Што тут яшчэ скажаш, як ізгоі ва ўсім сьвеце”.

Гэты мужчына выказаў упэўненасьць, што нават фальсыфікацыя не дапаможа рэжыму на выбарах.
XS
SM
MD
LG