Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ БОК АДРЫНАЕ ІНФАРМАЦЫЮ ПРА НЕЗАКОННЫ ГАНДАЛЬ ЁЮ РАСЕЙСКІМ ЗОЛАТАМ


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле інфармацыі расейскага часопіса "Компания", Беларусь наладзіла маштабны незаконны продаж расейскага золата. У прыватнасьці, сёлета з 10-ці тонаў каштоўнага мэталу, які вывезьлі расейскія банкі, 96% нібыта прайшло праз рахункі Нацыянальнага банку Беларусі. Як сьцьвярджаюць расейскія крыніцы, Пётра Пракаповіч у золатавалютных апэрацыях наўпрост зьвязаны з гэтак званымі "шэрымі схэмамі".

З дазволу Аляксандра Лукашэнкі беларускі Нацбанк нібыта зь вялікай выгодаю перапрадае за мяжу расейскае золата. У той жа час Цэнтральны банк Расеі катастрафічна губляе прыбыткі на гэтым рынку. Толькі сёлета набыцьцё ім золата скарацілася ў 20 разоў. У Расеі гэтая інфармацыя набыла скандальны характар.

Сёньня спадар Пракаповіч выступіў з абвержаньнем гэтых абвінавачваньняў. У прыватнасьці, ён зазначыў:

"Апэрацыі з каштоўнымі мэталамі праводзяцца ў межах дзейнага заканадаўства. Нацбанк ніколі не парушаў гэтага заканадаўства. Ужо больш як паўтары гады экспарт золата Нацыянальным банкам спынены. Летась мы перайшлі да чыста банкаўскіх апэрацыяў з каштоўнымі мэталамі. А сёлета мы распачалі авансаваньне расейскіх прадпрыемстваў, якія здабываюць золата",— зазначыў Пётра Пракаповіч.

Ён паведаміў, што ў гэты рынак Беларусь сёлета ўжо ўнесла 15 мільёнаў даляраў авансавых сродкаў. Нацыянальны банк нават распрацаваў інвэстыцыйную праграму для гэтага сэктару расейскай эканомікі і мае намер інвэставаць у яго 30 мільёнаў даляраў.

Гэтыя грошы, паводле словаў спадара Пракаповіча, лёгка акупяцца. Якім чынам? Паводле расейскіх крыніцаў, Нацыянальны банк Беларусі ў золатавалютных апэрацыях выкарыстоўвае мытныя правілы, якія не стасуюцца з расейскімі. Камэнтуючы гэта нашаму Радыё, Пётра Пракаповіч паведаміў:

"У Мытным саюзе пяць дзяржаваў. Нацыянальныя банкі Казахстана, Кіргізіі ды Таджыкістана пачалі працаваць з золатам значна раней за нас. Але нашыя спэцыялісты вельмі хутка авалодалі сакрэтамі і ў параўнаньні з астатнімі мы стварылі лепшыя ўмовы",— патлумачыў старшыня Нацбанку.

Паводле ягоных словаў, "золатавалютны" скандал разьдзімаюць расейскія канкурэнты зь ліку камэрцыйных структураў. Афіцыйная Масква, маўляў, нічога да беларусаў ня мае.

Між тым, паводле апошніх зьвестак, рэха скандалу ўжо даляцела да крамлёўскіх кабінэтаў. І Ўладзімір Пуцін падпісаў указ пра зьмену парадку экспарту расейскага золата, які ў хуткім часе пачне дзейнічаць. Як вынікае зь яго, Расея мае намер прымусіць прытрымлівацца гэтых правілаў і Беларусь.

XS
SM
MD
LG