Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗНОЎ СУДЗЯЦЬ ЗА ГРАФІЦІ


Любоў Лунёва, Менск

Некалькі дзясяткаў чалавек з раніцы сабраліся ля будынку суда на знак салідарнасьці з "зубрамі". У судовай залі, акрамя сяброў "Зубра", былі прадстаўнікі амэрыканскай амбасады, Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ й журналісты.

На лаве падсудных — тры выпускнікі журфаку БДУ — Сяргей Коктыш, Анатоль Алізар, Аляксандар Ермакоў і студэнт журфаку Аляксей Шыдлоўскі, які ў 98-м годзе за антыпрэзыдэнцкія надпісы на будынках у Стоўбцах быў пакараны на 17 месяцаў пазбаўленьня волі. Усе яны абвінавачваныя ў пашкоджаньні маёмасьці.

26 студзеня гэтыя хлопцы напісалі слова "Зубр" на сьценах некалькіх дамоў на вуліцы Захарава, на будынках адміністрацыі Партызанскага раёну й Вылічальным цэнтры Міністэрства адукацыі. Страты ацанілі на 404 тысячы рублёў. Хлопцы ў судзе паведамілі, што ўсе грошы яны заплацілі й паказалі квіткі аплаты.

Сяргей Коктыш, Анатоль Алізар, Аляксандар Ермакоў і Аляксей Шыдлоўскі тлумачылі, што надпісы рабілі з адзінай мэтаю — прыцягнуць увагу грамадзкасьці да палітычнай сытуацыі ў краіне. Наўмысна шкодзіць маёмасьць яны не зьбіраліся.

Прадстаўнік пракуратуры запатрабаваў Аляксандра Ермакова і Анатоля Алізара арыштаваць на тры месяцы, а Аляксея Шыдлоўскага й Сяргея Коктыша асудзіць да папраўчых работ з утрыманьнем заробку.

Судзьдзя Анатоль Барысёнак зачытаў прысуд: Анатоль Алізар і Аляксандар Ермакоў пакараныя штрафам 100 мінімальных заробкаў (гэта 750 тысячаў рублёў), Аляксей Шыдлоўскі асуджаны на два гады папраўчых работ з утрыманьнем 20% заробку штомесяц, а Сяргей Коктыш на гэты ж тэрмін, але з утрыманьнем 10% заробку. Акрамя таго, хлопцы павінны заплаціць каля 42 тысячаў рублёў за правядзеньне экспэртызы.

Аляксей Шыдлоўскі так пракамэнтаваў гэты прысуд Радыё Свабода:

"Прысуд можна лічыць даволі мяккім, асабліва, у параўнаньні з тым, чаго можна было чакаць — ізаляцыі да пачатку выбараў. Але, тым ня менш, на маю думку, неапраўдана ўжылі да нас 218-ты артыкул. Відавочна, што працэс быў палітычны. Судзьдзя не пайшоў на пазбаўленьне волі, хаця пракурор яго падціскваў на гэта. Мне здаецца, што пракурору было нейкае ўказаньне зьверху, каб хоця некалькі чалавек пасадзілі. Гэта запалохваньне моладзі напярэдадні выбараў".

Гэта быў Аляксей Шыдлоўскі з судовай залі Партызанскага суда.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG