Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ПЯЦЁРКА" ПАШЫРЫЛАСЯ, АЛЕ "ШАСЬЦЁРКАЙ" НЯ СТАНЕ


Юры Сьвірко, Менск

Кіраўніком аб’яднанага штабу адзінага кандыдата ачоліў Васіль Лявонаў. Пашыранае паседжаньне "пяцёркі" — Уладзімера Ганчарыка, Сямёна Домаша, Паўла Казлоўскага, Сяргея Калякіна й Міхала Чыгіра — распачалося а 17-й гадзіне. Мэта сёньняшняе нарады — стварыць аб'яднаны штаб агульнага кандыдата. Абвешчаны гэтым кандыдатам Уладзімер Ганчарык гэтак праанансаваў паседжаньне:

(Ганчарык: ) "Будзе апэратыўнае кіраваньне, будзе палітычнае. Будуць разгледжаныя ўсе блёкі".

(Карэспандэнт: ) "Уладзімер Іванавіч, а ўсё ж такі — можна сказаць, што Вы гатовыя тэарэтычна пакуль што прапанаваць Домашу другую пасаду ў дзяржаве — прэм'ер-міністра?"

(Ганчарык: ) "Так не стаіць пытаньне наогул. Не таму, што Домаш другі ці першы. Гэтае пытаньне мы дамовіліся разгледзець крыху пазьней. Ён і так ідзе дублёрам. І тут я думаю, што аніякіх пытаньняў не ўзьнікае".

(Карэспандэнт: ) "Вядома, што зь "пяцёркі" прайшлі празь сіта ЦВК толькі два чалавекі — Вы й Домаш..."

(Ганчарык: ) "Так. Ну й што з гэтага? А калі б яны былі зьнятыя на стадыі рэгістрацыі — тады што? "Пяцёрка" будзе выконваць свае функцыі й надалей. Гэта будзе форма аб'яднаньня, якая будзе прымаць і надалей калектыўныя рашэньні".

(Карэспандэнт: ) "Ці былі ўжо у Вас перамовы з Марынічам?"

(Ганчарык: ) "Так, былі. Ён прыйшоў".

(Карэспандэнт: ) "Ён далучыўся да "пяцёркі"?"

(Ганчарык: ) "Так".

(Карэспандэнт: ) "Ён увойдзе ў вашую Прэзыдэнцкую раду?"

(Ганчарык: ) "Так".

(Карэспандэнт: ) "А колькі там чалавек будзе? "Пяцёрка", Марыніч... — можа яшчэ нехта?"

"Магчыма, яшчэ нехта. Але вось я магу сказаць толькі пра аднаго. Другія яшчэ думаюць. Былі перамовы",— зазначыў Уладзімер Ганчарык.

У Міхала Марыніча, амбасадара Беларусі ў Латвіі, сёньня скончыўся адпачынак, які ён браў на час збору подпісаў. Таму ён напісаў міністру замежных справаў заяву пра звальненьне. Спадар Марыніч, паводле зьвестак ЦВК, патрэбную колькасьць подпісаў ня здаў, але сам ён кажа наступнае:

(Марыніч: ) "Улічваючы тое, што па-бандыцку скралі мае подпісы, я далучыўся да "пяцёркі" й буду падтрымліваць адзінага кандыдата".

(Карэспандэнт: ) "Ганчарыка?"

(Марыніч: ) "Ганчарыка!"

(Карэспандэнт: ) "А Вы ўвойдзеце ў склад ягонага штаба?"

(Марыніч: ) "Безумоўна. Думаю, што галоўныя функцыі мае будуць Менск, Менская вобласьць — вось гэты рэгіён, дзе для мяне вялікі масыў работы: прамысловасьць, "вэртыкаль", бізнэс..."

(Карэспандэнт: ) "Вы ведаеце, што Ганчарык пераняў Вашу ідэю наконт стварэньня Прэзыдэнцкае рады й нават сказаў, што Марыніч туды ўвойдзе?"

(Марыніч: ) "Я лічу, што гэта слушна. Трэба менавіта сёньня даць нейкія гарантыі людзям, грамадзтву, каб любы кандыдат або прэтэндэнт нёс з сабою пэўны зрэз нашага грамадзтва: Домаш свой, як кажуць, зрэз, можа ў тым ліку й ледзь-ледзь правы, Калякін — левую частку, я й многія іншыя — цэнтар. Ярашук цалкам можа далучыцца гэтаксама, як і я. Можа быць, яшчэ нехта. Леанід Георгіевіч Сініцын — а чаму б і не?"

(Карэспандэнт: ) "Яшчэ пытаньне. Ці можа Ўладзімер Ганчарык зрабіць сваім галоўным лёзунгам — лёзунгам кампаніі — "Дом наш — Беларусь"?"

"Гэта было б здорава. Гэта было б здорава, таму што ідэі сувэрэнітэту, незалежнасьці — гэта ідэі Беларусі, захаваць Беларусь",— заявіў Міхал Марыніч.

З наступным пытаньнем я зьвярнуўся да Сямёна Домаша, якому й належыць лёзунг "Дом наш — Беларусь".

(Карэспандэнт: ) "Ці ня лічыце Вы ўсё ж патрэбным пасьля таго, як Вас зарэгіструюць, а Вы з Ганчарыкам удвох ідзяце на рэгістрацыю — не адразу здымаць сваю кандыдатуру, а ўсё ж такі атрымаць гадзіну эфірнага часу на тэлевізіі ды столькі ж на радыё, каб агітаваць за адзінага?"

(Домаш: ) "Мы дамовіліся такім чынам. Як толькі пройдзе рэгістрацыя і калі мы пройдзем удвох, мы сядзем і будзем вырашаць, складаць далейшы плян дзеяньняў. Пакуль рана тут пра што гаварыць, як гэта будзе".

(Карэспандэнт: ) "Ці трэба ўсё ж фармат "пяцёркі" звузіць да фармату Ганчарык—Домаш і вырашаць..."

(Домаш: ) "Не. Мы дамовіліся, што ў нас "пяцёрка" застаецца ў агульным штабе радаю, галоўным органам, так што мы ўсе рашэньні, што будзем прымаць, будзем прымаць толькі "пяцёркай".

(Карэспандэнт: ) "Цікава, што Вы яго абвесьцілі адзіным кандыдатам. Менавіта спадар Домаш выйшаў і сказаў, што адзіным будзе Ганчарык... Вы не шкадуеце пра свае словы?"

(Домаш: ) "Я ніколі не шкадую, калі рашэньне ўжо прынятае. Што шкадаваць? Ужо ніякага сэнсу няма. А я абвесьціў, таму што здарылася замінка. Трэба было каму-небудзь выходзіць зь яе, таму я ўжо й сказаў гэта. Мусіць, Ганчарыку няёмка было пра гэта гаварыць. А ніхто наогул да гэтага гатовы ня быў".

(Карэспандэнт: ) "Пытаньне ў працяг. Як Вы думаеце, ці можа стаць галоўным лёзунгам кампаніі Ганчарыка, калі ён будзе адзіным кандыдатам, "Дом наш — Беларусь"?"

(Домаш: ) "Ну, ня ведаю. Ва ўсялякім разе, усе свае прынцыпы, якія я абвяшчаў, я буду адстойваць, каб яны засталіся ў агульнай праграме — калі мы такую распрацуем".

(Карэспандэнт: ) "Марыніч сказаў, што, калі б вось Ганчарык выбраў лёзунг "Дом наш — Беларусь", гэта было б здорава".

(Домаш: ) "Я таксама думаю, што гэта было б здорава",— сказаў Сямён Домаш, дублёр адзінага кандыдата ад апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG