Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗНОЎ ПАГАДНЕНЬНЕ ПРА ПЕРАМІР’Е Ў МАКЕДОНІІ


Мікола Іваноў, Прага

Папярэдняе перамір’е, якое таксама было падпісанае пры пасярэдніцтве НАТО, парушылі альбанскія партызаны, якія за кароткі тэрмін амаль удвая павялічылі тэрыторыю пад сваім кантролем. Два дні таму яны амаль атачылі з усіх бакоў галоўны горад поўначы краіны Тэтава, значную частку 80-тысячнага насельніцтва якога складаюць альбанцы. І нават пачалі штурм гэтага гораду.

Але ўчора ўвечары баі спынілася і пачаліся перамовы. Галоўны прадстаўнік НАТА Пітэр Фэйс здолеў пераканаць альбанскіх партызанаў вярнуцца на свае папярэднія пазыцыі і дазволіць македонцам-уцекачам з Поўначы вярнуцца ў іх дамы. Вяртаньне будзе ажыцьцяўляцца аўтобусамі НАТО.

“Няма альтэрнатывы перамір’ю, - так пракамэнтаваў новае пагадненьне прэзыдэнт краіны Барыс Трайкоўскі. І дадаў, - альтэрнатывай можа быць толькі вайна, якая прывядзе да падзелу краіны.”

Гэтыя словы прэзыдэнта сымбалічныя, таму што на яго рабіўся моцны націск, каб ён у якасьці галоўнакамандуючага арміяй аддаў загад пачаць шырокамаштабны наступ на пазыцыі альбансікх партызанаў.

Нягледзячы на падпісанае пагадненьне, пакуль ня ясна, ці шэраговыя партызаны альбанцы падапарадкуюцца загадам кіраўніцтва Нацыянальна вызвольнай арміі, якое падпісала перамір’е з урадам.

Варажэча паміж альбанцамі і македонцамі за апошнія дні значна ўзрасла. Здарыліся шматлікія выпадкі выкраданьня людзей, зьбіцьця і катаваньня мірных жыхароў, рабаваньня пакінутых македонцамі дамоў і перасьлед македонцаў на кантрольна-прапускных пунктах, арганізаваных альбанскімі паўстанцамі.

Стварэньне гэтых пунктаў зьяўляецца парушэньнем пагадненьня аб прыпыненьні агню, як адзначаецца ў апошняй справаздачы АБСЭ.

Дзесяткі тысяч людзей (пераважна македонцаў) вымушаныя былі за апошнія дні ператварыцца ва ўцекачоў. Дзеяньні альбанскіх партызанаў у адносінах да мясцовага неальбанскага насельніцтва нагадваюць “этнічныя чысткі” добра вядомыя з часоў грамадзянскай вайны ў Харватыі і Босніі-Герцагавіне.

І таму шмат хто з палітычных міжнародных аналітыкаў выказвае думку, што толькі прамое ўмяшаньне НАТО ў канфлікт можа ўратаваць Македонію ад вялікай вайны. НАТЭ, Эўрапейскі Зьвяз і ЗША не выказваюць зацікаўленьня ідэяй накіраваньня войскаў у якасьці міратворцаў.

Пакуль што генеральны сакратар НАТО Джордж Робэртсан паведаміў пра згоду альянсу накіраваць да 3000 жаўнераў дзеля ажыцьцяўленьня апэрацыі здачы зброі альбанскімі партызанамі. Плянуецца, што падобная місія жаўнераў НАТО будзе абмежаваная 30 днямі.

Войскі НАТО ўжо знаходзяцца з міратворчымі місіямі ў Босніі-Герцагавіне і ў Косаве. І таму прадстаўнікі Эўрапейскага Зьвязу вельмі пэсымістычна глядзяць на пэрспэктыву пашырэньня міратворчай місіі на Македонію.

Адказныя прадстаўнікі міністэрства абароны ЗША таксама выключаюць пакуль што пашырэньне міратворчай ролі амэрыканскіх войскаў на Бальканах.

Між тым, у Скоп’е прыбаў элітны аддзел марской пяхоты ЗША ў складзе 46 жаўнераў дзеля абароны амэрыканскай амбасады. Яны ўзброены кулямётамі, гранатамётамі і сродкамі барацьбы з разьюшаным натоўпам. У аўторак прыблізна 200 маніфэстантаў-македонцаў закідалі амбасаду камянямі.
XS
SM
MD
LG