Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ НЕЗАЛЕЖНЫХ ЭКСПЭРТАЎ, ЗБОР ПОДПІСАЎ ПРАЙШОЎ ЗЬ ВЯЛІКІМІ ПАРУШЭНЬНЯМІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўнікі "Незалежнага назіраньня" зарганізавалі сёньня прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой распавялі пра характэрныя парушэньні ўладамі закону. Паводле кіраўніка Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі Мечыслава Грыба, назіральнікі вызначылі некалькі відаў парушэньняў уладамі заканадаўства. Гэта выкарыстаньне адміністратыўнага рэсурсу, арганізацыя розных перашкодаў зьбіральнікам подпісаў, матэрыяльнае ўзнагароджаньне выбарцаў, агітацыя за Аляксандра Лукашэнку й г.д. Усяго было зафіксавана 240 падобных фактаў.

Прадстаўнікі Гэльсынскага камітэту Зьміцер Маркушэўскі й цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч нагадалі выпадкі, калі людзей на прадпрыемствах ды ва ўстановах прымушалі ставіць подпісы ў падтрымку Лукашэнкі. Так, кіраўнікі Бярозаўскае ДРЭС патрабавалі ад супрацоўнікаў прыйсьці на сустрэчу з ініцятыўнай групаю Лукашэнкі з пашпартамі; галоўны лекар магілеўскага псыхіятрычнага шпіталю прымушаў пацыентаў ставіць подпісы за Лукашэнку. Падобныя выпадкі зафіксаваныя таксама ў Менску ды іншых гарадох Беларусі.

Мечыслаў Грыб казаў, што тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ў шэрагу выпадкаў адмаўляліся прымаць подпісы прытэндэнтаў, не хацелі выдаваць расьпіскі пра колькасьць прынятых подпісаў і г.д. На ўсе скаргі ў гэтых справах ЦВК даваў стандартны адказ — "пасьля спраўджваньня парушэньня закону ня выяўлена". Назіральнікі таксама лічаць, што ўчорашні візыт у Віцебск прэзыдэнтаў Пуціна й Кучмы ёсьць умяшаньнем у выбарчы парцэс у Беларусі. Гаворыць прадстаўнік БГК Зьміцер Маркушэўскі:

"Фактам выкарыстаньня рэсурсу можа быць учорашні візыт прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны ў Беларусь. Напярэдадні, Міжнародная Гэльсынская фэдэрацыя, Беларускі Гэльсынскі камітэт, Маскоўская Гэльсынская група і ўкраінскі камітэт "Гэльсынкі–90", прыняў адкрыты зварот да прэзыдэнта Расейскае Фэдэрацыі й прэзыдэнта Ўкраіны. І мы зьвярнулі іхную ўвагу, што прыезд і сустрэча з адным з кандыдатаў на прэзыдэнта будзе ўспрынятая выбарцамі Беларусі як падтрымка, як адкрытае ўмяшаньне ў выбарчую гонку",— сказаў спадар Маркушэўскі.

На думку Мечыслава Грыба, чым бліжэй да дня выбараў, тым больш улады будуць парушаць закон. Гаворыць Мечыслаў Грыб:

"Мы атрымалі такія зьвесткі, што апошнім часам у раёнах пачалі стварацца кансультацыйна-аналітычныя цэнтры ў справе арганізацыі й правядзеньню выбараў. Якія не прадугледжаныя ніякім заканадаўствам. І гэта першае. А другое, што ў склад гэтых цэнтраў уваходзяць даволі такі цікавыя асобы. Узначальвае гэты цэнтар, як мінімум, намесьнік старшыні выканкаму раёну ці гораду. А ў склад іх уваходзяць начальнік міліцыі, пракурор, а там дзе ёсьць КГБ, то й старшыня КГБ. Цікавыя падыходы?",— распавёў спадар Грыб.

Ён таксама сказаў, што пры тэрытарыяльных выбарчых камісіях створаныя г.зв. рабочыя групы для падліку й спраўджваньня подпісаў за прэтэндэнтамі на прэзыдэнта. Прычым сябры гэтых групаў не ўваходзяць у выбарчыя камісіі і ў асноўным складаюцца з супрацоўнікаў выканкамаў. Назіральнікі ўжо накіравалі ў гэтай справе адпаведны запыт на імя старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, і тая адказала, што стварэньне такіх структураў супярэчыць выбарчаму заканадаўству. Паводле Мечыслава Грыба, нават аднаго падобнага факту хапіла б, каб прызнаць гэтыя выбары незаконнымі. Сябры "Незалежнага назіраньня" будуць фіксаваць усе падобныя факты ды накіроўваць скаргі ў ЦВК, суд і пракуратуру.

Праваабаронцы таксама зьбіраюцца зарганізаваць сыстэму паралельнага падліку галасоў. Пра гэта паведаміў сёньня прадстаўнік Фонду імя Лява Сапегі Міраслаў Кобаса. Падлік галасоў будзе праводзіцца з дапамогаю сацыялягічных службаў. Паводле спадара Кобасы, такая сыстэма была пасьпяхова выкарыстана ў многіх краінах, у тым ліку летась у Югаславіі.

XS
SM
MD
LG