Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ – КРУГЛАСУТАЧНАЕ П’ЯНСТВА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Пад пільную ўвагу віцебскіх міліцыянтаў трапіў сёньня з раніцы вядомы апазыцыянэр Барыс Хамайда, які выйшаў гэтым разам да "сіняга дому" з плякатамі "Ператворым Славянскі базар у Беларускі кірмаш!" ды "Няхай жыве дружба паміж Пуціным ды Лукашэнкам!".

Забіраючы сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ у пастарунак, міліцыянты ўголас скардзіліся на сваё начальства, якое загадала ім сёньня затрымліваць усіх падазроных асобаў. "Падазроным", такім чынам, сталася само зьяўленьне ў цэнтры гораду вядомага віцебскага апазыцыянэра, і толькі ўжо ў Чыгуначным аддзеле міліцыі супрацоўнікі заўважылі, што слова "дружба" на плякаце напісана "падазронай" чорнай фарбаю (астатнія словы — чырвонай). Плякаты сканфіскавалі, а спадара Хамайду праз паўгадзіны адпусьцілі.

Каля дзьвюх гадзінаў правёў сёньня ў Першамайскім аддзеле міліцыі лідэр віцебскага "Маладога Фронту" Віктар Шляхцін — яго затрымалі проста на вуліцы, па якой ён ішоў у футболцы з надпісам "Выбірай!" іншых прычынаў Віктару не назвалі.

І нарэшце, супрацоўнікамі міліцыі Кастрычніцкага раёну былі затрыманыя дзевяць сяброў "Маладога Фронту". У дзяжурнай частцы мне паведамілі, што іх "правяраюць паводле падазрэньня ў цяжкім злачынстве". Самі сябры "Маладога Фронту" лічаць гэтую падставу надуманай, бо якраз на момант іхнага затрыманьня яны кіраваліся ў цэнтар Віцебску для правядзеньня несанкцыяванай акцыі "Славянскі пажар".

А што да злачынстваў, дык насамрэч асноўным клопатам для віцебскай міліцыі ёсьць сёньня зусім ня дзеяньні тутэйшай апазыцыі — у мінулую сыботу, да прыкладу, невядомы "падрыўнік" на чыгуначным вакзале пакінуў муляж выбуховага прыстасаваньня, у выніку чаго вакзал 40 хвілінаў не працаваў. Вінаватага так і не знайшлі. А празь нейкі час віцябляне даведаліся пра яшчэ адную сумную навіну — у ноч з сыботы на нядзелю ў выніку п'янае бойкі ад удару бутэлькай па галаве ў шпіталі сканала дзяўчына 21 году. І кажуць, гэта не адзіная ахвяра фэстывальнага кругласутачнага п'янства.

Дарэчы, віцебская міліцыя сама штогод зьвяртаецца ў гарадзкі выканкам з просьбаю забараніць продаж сьпіртовых напояў на вуліцах гораду падчас фэстывалю. Але ўправа гандлю штогод адмаўляецца зрабіць гэта — і адпаведна страціць гэтакую надзейную грашовую плынь у бюджэт. Такім чынам, фэстывальны Віцебск зрабіўся сапраўды небясьпечным. І можа недарэмна перад пачаткам гэтак званага "прэзыдэнцкага" канцэрту а 19-й вечара на вуліцах праз кожныя 30 крокаў ужо стаяць узброеныя міліцыянты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG