Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ. НАРАЧАНСКІ КРАЙ


Вячаслаў Ракіцкі, Ягор Маёрчык

(Ракіцкі: ) "Зь мястэчка, дзе знаходзіцца галоўная каталіцкая сьвятыня Беларусі, — абраз Маці Божай Будслаўскай — мы й пачынаем нашую вандроўку па раёне. З усходу — на захад.

Будслаўскі касьцёл у стылі позьняга барока. А мястэчка — у стылі савецкае калгаснае вёскі. Мы блукаем са сьвечкамі ў рукох па скляпеньнях храму, любуемся драўляным разным аўтаром XVII-га стагодзьдзя і заміраем перад абразам Маці Божай. Тут іншы час ды іншы сьвет…"

(Маёрчык: ) "Ксёндз Славамір у клопатах — дзе даваць начлег пілігрымам, якія на сьвята Маці Божай Будслаўскай скіроўваюцца сюды, як распачаць рамонт касьцёлу, якога даўно ўжо не было?.. Тым больш, што вернікі не пакідаюць надзеі ўбачыць у Будславе Папу".

(Ксёндз Славамір: ) "Першае, пра што мы марым — гэта зрабіць рамонт даху. Без рамонту даху нельга рабіць іншых працаў. А затым будзем рамантаваць вокны, рэстаўраваць храм звонку і ўнутры — росьпісы, гэтую цудоўную капліцу Сьвятой Варвары. Маю надзею, што будзе цуд: знойдуцца такія людзі, якія захочуць нам дапамагчы".

(Маёрчык: ) "Знакаміты помнік архітэктуры, касьцёл мог бы стаць цэнтрам пілігрымак ня толькі вернікаў, але й турыстаў. Працаваць і на духоўнасьць, і на дабрабыт людзей".

(Ракіцкі: ) "А пакуль Будслаў бяднее, і, як падаецца з сумнага расповеду інжынэра Будслаўскага сельсавету Пётры Хацяновіча, мястэчка ня мае пэрспэктывы".

(Хацяновіч: ) "За апошнія пяць-сем гадоў удвая зьменшылася насельніцтва. Летась памерла 86, нарадзілася 11 чалавек. Гэта прыблізна мінус дзьве невялікія вёскі, а ўсіх вёсак у нас 19. Празь некалькі гадоў у нас застанецца дзьве-тры буйныя вёскі".

(Маёрчык: ) "А як жыве звычайная, шараговая сям'я?"

(Хацяновіч: ) "Людзі здаюць малако дзяржаве, а мы ім сенакосу мала выдзяляем — палову, а то і трэцюю частку ад таго, што чалавеку патрэбна. У нас тут чыгунка праходзіць блізка, і яны садзяцца ў цягнікі і вязуць прадаваць у гарады масла, твораг, сыр…"

(Ракіцкі: ) "Як і за саветамі, людзі прыстасоўваюцца да жыцьця. Расчараваныя ў Лукашэнкавых парадках, яны спадзяюцца толькі на сябе. Пра гэта гутарым з пэнсіянэрам, былым дырэктарам мясцовай школы Васілём Жуком, які адарваўся на час ад сваіх градаў".

(Жук: ) "Спачатку людзі вельмі падтрымлівалі Лукашэнку. Зь цягам часу ў многіх наступіла расчараваньне, погляды іхныя памяняліся. Цяпер кажуць: "Лепей бы мы выбралі Пазьняка. Некалі ў нас быў такі начальнік СМУ, які ўвесь час людзям абяцаў, "абяшчаў". І ніколі не выконваў сваіх абяцаньняў. Дык яго празвалі "абяшчалкіным". Вось і складваецца такая думка наконт Лукашэнкі і ў многіх нашых людзей".

(Ракіцкі: ) "Чым ён іх расчараваў?"

(Жук: ) "Цэнамі."

(Маёрчык: ) "У Будславе жыцьцё ціхае, і толькі адна падзея, што здарылася напярэдадні Вялікадня, бы Божы цуд, ускалыхнула мястэчка, — адкрыцьцё прыватнай крамы.

У сяльпо цяпер пуста. А ля прыватнай крамы братоў Станкевічаў ужо за чвэрць гадзіны да адкрыцьця стаіць чарга. Максім Станкевіч, малады й абаяльны хлопец, не хаваючы радасьці, тлумачыць нам:"

(Станкевіч: ) "У дзяржаўнай краме няма з чаго выбіраць, а ў нас выбар багаты. У нас сем гатункаў піва, гарбата, кава — пяць-шэсьць гатункаў, рыба сьвежамарожаная, курыныя кумпячкі. Людзі казалі, што ніколі ня бачылі столькі тавараў у нас, у Будславе".

(Ракіцкі: ) "Цяжка было адчыніць гэтую краму? Ці быў супраціў?"

(Станкевіч: ) "Быў, і вельмі моцны. Раённыя ўлады баяцца, што затухне дзяржаўны гандаль".

(Ракіцкі: ) "Там робяць вельмі вялікія накруткі?"

(Станкевіч: ) "Так. Грэчка ў нас каштуе 490, а ў іх —– 740 рублёў. Розьніца ёсьць?"

(Ракіцкі: ) "А зараз не чапляюцца да вас?"

(Станкевіч: ) "Чапляюцца. Вельмі часта наведваюцца, усё правяраюць".

(Маёрчык: ) "А мо з адкрыцьця гэтай крамы жыцьцё ў мястэчку нарэшце пойдзе наперад, усьлед за стрэлкамі гадзіньніка на вежы Будслаўскага касьцёлу?!"

(Ракіцкі: ) "Нашае аўто цяпер імчыць на захад. Горад Мядзел сустракае бязьлюднымі вуліцамі. Панура-задумённым, бы затаіўшы тугу і боль за тых людзей, што тут жывуць, сёньня выглядае і возера Мястра.

Узгадалі, што Ўладзімер Дубоўка вучыўся тут і што старэйшая зь мядзелскіх школаў (вядомая яшчэ з 1843 году) носіць імя выдатнага паэта. Адна з найлепшых школаў Віленшчыны, як лічыў ейны гадаванец Дубоўка, сёньня вяртаецца да стандартаў савецкае адукацыі і да расейскае мовы. Дырэктар Мікалай Грышкевіч занепакоены, што настаўнікі губляюць моўную культуру, бо ў адной клясе вядуць урок па-расейску, а ў паралельнай — па-беларуску".

(Грышкевіч: ) "Я нават не магу сказаць, якая нашая школа: ці рускамоўная, ці беларускамоўная?.."

(Ракіцкі: ) "Нарачанскі край з прыгожымі азёрамі, лясамі — цудоўнае месца, каб адпачываць і лячыцца. Гэта галоўны беларускі курорт. А яшчэ рыба. Знакамітыя вугры. Такое багацьце мусіла б зрабіць заможнымі тутэйшых людзей. Мы так лічылі… Цягам далейшай нашай вандроўкі зразумелі, што памыляліся".

(Маёрчык: ) "Па трасе М9 едзем вакол возера Нарач. Робім прыпынкі ў курортным пасёлку Нарач, у Кабыльніку, перайменаваным у 1960-х гадох у вёску Нарач, ля рыбзаводу, санаторыяў.

З намі падарожнічае былы супрацоўнік Мядзелскай адміністрацыі, цяпер вясковы настаўнік, Анатоль Чараповіч. Ён апускае нас зь нябёсаў на грэшную зямлю.

Дык вось, не турызм, ня здраўніцы, а яна, неўрадлівая зямля, абавязаная карміць нарачанцаў".

(Чараповіч: ) "Ставіцца толькі адно пытаньне: даць малако і мяса, каб былі нейкія грошы. На гэтым мы не згуляем. Ну, 4 цэнтнэры пасадзім, а 5 атрымаем… Дзе тут будзеш багатым? Мы ходзім па грашох. Вось толькі іх трэба ўзяць".

(Ракіцкі: ) "Дык чаму ж Мядзелскі раён гэтыя грошы не падбірае?"

(Чараповіч: ) "МВД кіруе сваім, "Будаўнік" — сваім, "Зубраня" — сваім… Любы нахлебнік, ён і ёсьць нахлебнік. Кожны, канешне, стараецца адхапіць свой кавалак. Людзі прыехалі адпачыць, з грашыма. Мала таго, што мы ім не даем добрага адпачынку, дык мы ў іх яшчэ й грошай не забіраем".

(Ракіцкі: ) "Няўжо нельга зьмяніць сытуацыю?"

(Чараповіч: ) "Калі сёньня ў Беларусі Мядзелскі раён зробяць ня сельскагаспадарчым, а курортным, усё адразу памяняецца. Яшчэ ў 1990-м годзе стаяла такое пытаньне, каб зрабіць наш раён курортным…"

(Ракіцкі: ) "Як жа так? Азёры, а значыць — рыба, пляжы, здраўніцы на тэрыторыі Мядзелшчыны. Дык што ж улады раёну?"

(Чараповіч: ) "А ў нас улады мясцовай і не было, у нас увесь час заежджыя, варагі. Усе думаюць: ах, паляцеў на Нарач, тут і азалаціўся… Год-два, і адразу пачынаюць думаць, як адсюль уцячы…"

(Маёрчык: ) "Выйсьце ёсьць, але ключык ад яго ня ў Мядзелі, а ў Менску. З такой сытуацыі ўлады прапануюць выходзіць не празь дзьверы, а праз вакно: маларэнтабэльныя калгасы злучаюць з прыбытковымі прадпрыемствамі, што працуюць з возера. Усе задаволеныя. Калгасы становяцца на ногі, а прадпрыемствы, шмат губляючы, дапушчаюцца да сакральнага".

(Ракіцкі: ) "Ля майстэрняў калгасу "Нарач", які аб'ядналі з рыбзаводам, мы гутарым са старшынём гаспадаркі Аляксандрам Альхавым. Раней калгас выжываў коштам рыбнага промыслу".

(Альхавы: ) "Рашэньне было такое, каб адзін гаспадар зноў быў на азёрах — рыбзавод. Старшыня райвыканкаму кажа дырэктару рыбзаводу: калі хочаш быць гаспадаром на возеры, забірай усё разам — і рыбалоўчую брыгаду, і ўсё абсталяваньне і заадно ўсіх калгасьнікаў. Рыбзаводу ня выгадна было нас браць, таму што мы былі стратнай гаспадаркай. Тут іх ужо крыху прымусілі. Не паляпшаюцца ў іх паказальнікі — гэта адназначна".

(Ракіцкі: ) "А чым выклікана тое, што рыбзавод стаў манапалістам на рыбную лоўлю?"

(Альхавы: ) "Гэта рашэньне было зьверху".

(Ракіцкі: ) "А ў каго ў падпарадкаваньні гэты рыбзавод?"

(Альхавы: ) "Цяпер ён падпарадкоўваецца Нацыянальнаму парку".

(Ракіцкі: ) "Прыбытак каму ідзе?"

(Альхавы: ) "Увесь прыбытак ідзе працаўнікам рыбзаводу".

(Ракіцкі: ) "Ужо праз 10 хвілінаў мы на свае вочы пабачылі, чаго варты аптымізм старшыні калгасу".

(Маёрчык: ) "На прахадной другой часткі гэтага зьвязу, рыбзаводу, рабочыя горка іранізуюць адносна тых даходаў, што нібыта цяпер плывуць у іхныя рукі".

(Жанчына: ) "Кансэрваў мы есьці ня хочам: сільна ня любім".

(Ракіцкі: ) "Вам не даюць зарплаты?"

(Мужчына: ) "Не".

(Ракіцкі: ) "Дык можа рыбай даюць?"

(Мужчына: ) "Ні рыбай, ні мясам."

(Ракіцкі: ) "Прадалі б гэтую рыбу і далі зарплату…"

(Жанчына: ) "Ня так проста яе прадаць і ўзяць за яе грошы. Іх трэба здаць у банк, зь іх возьмуць падатак, зь іх налічаць па картатэцы… І ўсё — да пабачэньня. Мы іх не пабачым".

(Ракіцкі: ) "А колькі вы атрымліваеце?"

(Жанчына: ) "25-28 тысяч рублёў".

(Ракіцкі: ) "А па чым у вас рыба?"

(Жанчына: ) "Вугар вэнджаны — 25.300".

(Ракіцкі: ) "Дык куды тыя грошы дзяюцца?"

(Жанчына: ) "Ядуць нехта…"

(Маёрчык: ) "Гэтымі днямі вугра лавіць забаронена — нераст. Але…"

(Мужчына: ) "Вунь разгружаюць вугра".

(Жанчына: ) "Сядзі ціхенька і маўчы! Ня ведаеш і гаворыш. Тожа галоўка зварыла!"

(Ракіцкі: ) "Мы не купілі жаданага вугра ў галоўнага браканьера краю — рыбзаводу. Купляем знакамітую рыбу зусім адкрыта ў браканьераў на кірмашы курортнага пасёлку Нарач. Цана на некалькі тысячаў меншая, чым на заводзе. А пазьней на беразе возера яшчэ больш танна, і больш асьцярожна нам прапануе рыбу ненахабны браканьер. Разгаварыліся".

(Ракіцкі: ) "Ці многа людзей жывуць з гэтага?"

(Браканьер: ) "Ёсьць катэгорыя людзей, якая жыве толькі гэтым. Іх, можна сказаць, што многа. Ёсьць катэгорыя, для якой гэта другасны заробак. Для нашага гораду гэта выгадна, паколькі няма добрай працы".

(Ракіцкі: ) "А можна на рыбе пракарміць сям'ю і жыць прыстойна?"

(Браканьер: ) "Толькі калі займацца менавіта вугром".

(Ракіцкі: ) "А вугра нельга лавіць?"

(Браканьер: ) "Не".

(Ракіцкі: ) "А як міліцыя, рыбнагляд?"

(Браканьер: ) "Канешне, яны перашкаджаюць".

(Ракіцкі: ) "А адмазацца можна?"

(Браканьер: ) "Канешне, можна. Калі адмазацца, дык толькі рыбай".

(Ракіцкі: ) "А вугра стала больш зараз ці менш?"

(Браканьер: ) "Менш".

(Ракіцкі: ) "Ці запускалі апошнімі гадамі малькоў?"

(Браканьер: ) "Даўно ўжо не запускалі. Апошніх, мабыць, гадоў пяць".

(Маёрчык: ) "Людзі цягнуцца да возера. Па-за законам здабываюць зь яго грошы, ды й па афіцыйныя заробкі ідуць не ў калгасы, не на аўтабазы, не ў райсельэнэргі, што ўжо даўно ляглі, а ў здраўніцы".

(Ракіцкі: ) "Мы выбіраем дзеля знаёмства сярэдняга ўзроўню пансыянат — "Нарачанскі бераг". Адміністратарка Ядзьвіга Мілто тлумачыць, што працаваць у санаторыі выгадна. І хоць заробкі не такія ўжо вялікія, але вышэй на Мядзелшчыне больш нідзе ня плацяць. Таму.."

(Мілто: ) "Усе цягнуцца сюды. Ідуць да дырэктара, запісваюцца. Вось мы хочам у вас працаваць. Таму што ў Мядзелі няма працы. Людзі пакутуюць".

(Маёрчык: ) "На курортнай набярэжнай мы ня бачым прыстойных рэстарацыяў, бараў, сучасных атракцыёнаў. Легендарны карабель-рэстарацыя, што колісь Лукашэнкаў заўхоз прыцягнуў сюды праз усю Беларусь, сёньня на рамонце. Ад людзей, што там працуюць, даведваемся, што прэзыдэнцкая адміністрацыя ўжо нацешылася караблём і цяпер шукае, каму аддаць яго ў арэнду, каб спакайней было, а грошыкі цяклі".

(Ракіцкі: ) "Мы вяртаемся ў пансыянат, каб даведацца, як там бавяць час адпачываючыя. Малюсенечкі басэйн, саўна. І ў традыцыях часоў савецкіх танцы з масавіком-зацейнікам. Усё разам гэта называецца Нацыянальным паркам".

(Маёрчык: ) "Пакідаем курортную зону, кіруем сваё аўто на захад і праз колькі дзясяткаў кілямэтраў, ля Канстанцінава, бачым гэты парк у зусім жахлівым стане. Колісь вёска была лясной, цяпер стала палявой. Пасьля ўрагану, які пранёсься тут колькі гадоў таму, гэтак званыя гаспадары парку бязбожна папілавалі лес і забыліся вывезьці пні дый іншыя адыходы. Уражаньне: поле пасьля бітвы. Пілуюць Нацыянальны парк ня толькі тут. У іншым месцы партызанская зямлянка Машэрава цяпер таксама апынулася ў полі.

Нашыя эмоцыі сугучныя словам Эдуарда Вайцяховіча — дэпутата Вярхоўнага Савету 13-скліканьня, дырэктара Сьвірскага сельска-гаспадарчага прафэсійнага ліцэю, што ў вёсцы Камарова".

(Вайцяховіч: ) "Так, мне цяжка глядзець на тую самую Воўчую гару, што вырабілі зь лесам, і як ня могуць яго адсадзіць. Тут атрымліваецца такое двухуладзьдзе.

Ёсьць у нас сёньня райвыканкам. Ён павінен быць уладай. Яна павінна зрабіць сыстэму, у якой працуюць усе гаспадаркі ў нас у раёне. Ёсьць Нацыянальны парк. Ён павінен глядзець, як утрымліваюцца прырода і ляндшафты ўнутры Нацыянальнага парку. Не павінен ён займацца гаспадарчай дзейнасьцю. Ну, калі ён павінен дошкі пілаваць, дык ня будзе ён іх нармальна пілаваць!"

(Ракіцкі: ) "У Камарове будуюць акуратныя домікі й не адгароджваюцца ад суседзяў. На панадворках разьбіваюць траўнікі і клюмбы, а бульбу вырошчваюць у полі. Так Вайцяховіч з аднавяскоўцамі распачынаюць рэалізоўваць ідэю адраджэньня культуры сядзібы. А разам зь ёй прыватна-ўласьніцкую псыхалёгію.

Мо й надыдзе той час, калі нарачанцы зноў самі загаспадараць на сваёй зямлі і збудуюць свой Нацыянальны парк, да якога яны будуць ставіцца беражліва, а парк ім адплоціць дабрабытам".
XS
SM
MD
LG