Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНЭРАЛЬНАЯ ПРАКУРАТУРА ПАЦЬВЯРДЖАЕ РАШЭНЬНЕ ПАТЭНТНАЕ КАЛЕГІІ ВЯРХОЎНАГА СУДУ НА СКАСАВАНЬНЕ РЭКЛЯМНАГА ШТОТЫДНЁВІКА "ИЗ РУК В РУКИ. БЕЛОРУССКИЙ ВЫПУСК"


Ігар Карней, Менск

Гэтак скончылася шасьцігадовае супрацьстаяньне калектыву рэдакцыі з прыватным маскоўскім заснавальнікам аднайменнага выданьня. Адкрыты ліст калектыву да Аляксандра Лукашэнкі, які летась браўся асабіста дапамагчы вырашыць канфліктную сытуацыю, застаўся без адказу.

Зараз у менскіх шапіках можна набыць дзьве рэклямныя газэты амаль з ідэнтычным назовам — "Из рук в руки" и "Из рук в руки. Белорусский выпуск". І цягам ужо шасьці гадоў кожны з заснавальнікаў аспрэчвае права на тое, каб карыстацца кідкім лягатыпам на правох уласьніка.

Летась адмыслова створаная калегія ў патэнтных справах Вярхоўнага суду Беларусі пазбавіла беларускі выпуск "Из рук в руки" пасьведчаньня на таварны знак. Гэта стала вынікам працяглага судовага разьбору паміж заснавальнікамі газэты зь беларускага боку й прыватнай маскоўскай фірмаю, якая таксама прэтэндавала на лягатып "Из рук в руки". Спроба аспрэчыць рашэньне ў Генэральнай пракуратуры таксама ня мела плёну, і кіраўніцтва газэты атрымала адказ, што выкарыстоўваць лягатып мае права выключна менскае прадстаўніцтва маскоўскага выданьня.

Апошні нумар газэты "Из рук в руки. Белорусский выпуск" датаваны 23 ліпеня. З тае пары гэты рэклямны штотыднёвік, а таксама яшчэ адна газэта "Всё для вас. Минский выпуск", што ўваходзіць у склад выдавецкае кампаніі, не выходзіць. На мінулым тыдні паводле пазоўнай заявы расейскага выданьня быў накладзены арышт на разьліковы рахунак "Беларускага выпуску". Пасьля гэтага на першай старонцы ліпеньскага нумару калектыў зьвярнуўся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі, але спадзяваньнямі на адказ практычна ніхто ня цешыцца.

Гаворыць галоўная рэдактарка Алена Фірсава.

(Фірсава: ) "Ніякай рэакцыі на наш ліст з боку Лукашэнкі няма. У свой час Генпракуратуры мы прадставілі дакумэнты, якія даказвалі: мы падалі раней на рэгістрацыю таварнага знаку, чым Масква. А зараз атрымліваецца, што час прайшоў, ніякіх дзеяньняў не было, і ўжо яны падалі на нас у суд за выкарыстаньне таварнага знаку. У нас блякаваная ўсялякая дзейнасьць, таму мы й напісалі зварот да Лукашэнкі як да апошняй інстанцыі. Арыштаваны рахунак, а значыць, няма ніякае магчымасьці працаваць. Дарэчы, яшчэ ў траўні мінулага году суд быў на нашым баку. Але нечакана адбыўся малазразумелы пералом. Таму мы мяркуем, што тут не абыйшлося без удзелу нейкіх грашовых узьдзеяньняў. А зараз мы нічога ня можам зрабіць, трэба згортваць гаспадарчую дзейнасьць, прызнаваць сябе банкрутамі й зьліквідоўваць прадпрыемства..."

Спадарыня Фірсава лічыць, што нявыхад двух-трох нумароў газэты можа нанесьці непапраўную шкоду выданьню, а ўсе спробы рэанімацыі будуць цалкам бяссэнсоўныя. Да таго ж беспрацоўнымі аўтаматычна робяцца шэсьць дзясяткаў супрацоўнікаў рэклямнага штотыднёвіка.

Зусім іншы настрой у лягеры канкурэнтаў. Сёньня па тэлефоне мне паведамілі, што маскоўскія заснавальнікі спакойна чакаюць апошняга жнівеньскага суду, калі шматгадовая блытаніна з назовам "Из рук в руки" нарэшце будзе вырашаная.
XS
SM
MD
LG