Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ІЗНОЎ СУДЗЯЦЬ ЗА НАДПІСЫ НА СЬЦЕНАХ


Любоў Лунёва, Менск

Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся каля будынку суда на знак салідарнасьці з "зубрамі".

На лаве падсудных тры выпускнікі журфаку БДУ: Анатоль Алізар, Сяргей Коктыш, Аляксандар Ермакоў і студэнт журфаку Аляксей Шыдлоўскі, якога ў 98-м годзе за надпісы на сьценах у Стоўбцах асудзілі на 17 месяцаў пазбаўленьня волі. Усіх абвінавачваюць ў пашкоджаньні маёмасьці.

26 студзеня гэтыя хлопцы напісалі слова "ЗУБР" на сьценах некалькіх дамоў на вуліцы Захарава, на будынках адміністрацыі Партызанскага раёну й вылічальным цэнтры Міністэрства адукацыі. Страты ацанілі на 404 тысячы рублёў. Сёньня ў судзе адвакаты паведамілі, што ўсе грошы заплацілі й прадставілі суду квіткі аплаты.

Анатоль Алізар, Сяргей Коктыш, Аляксандар Ермакоў і Аляксей Шыдлоўскі ў сваіх паказаньнях тлумачылі, што надпісы рабілі толькі з адной мэтаю — прыцягнуць увагу грамадзкасьці да палітычнай сытуацыі ў краіне. Наўмысна шкодзіць маёмасьць яны не зьбіраліся.

Аляксей Шыдлоўскі ў судовай залі паведаміў Радыё Свабода:

(Шыдлоўскі: ) "Бачна, што пракурор капае больш пад мяне, чым пад астатніх падсудных, намагаючыся даказаць большую частку маёй віны, каб я хутчэй апынуўся за кратамі. Можа, гэта й таму, што ў мяне "рэцыдыў". Але я лічу, што тут хутчэй зьвязана з маім удзелам у руху супраціву "Зубр". Зараз арганізацыя "Зубр" найбольш актыўная. Праводзіць нейкія акцыі-гэпэнінгі. Гэта прыцягвае ўвагу праваахоўных ворганаў. Магчыма, менавіта таму на гэты час прызначана судовае паседжаньне. Толькі каб запалохаць моладзь напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў".

Заўтра адбудзецца працяг судовага паседжаньня і, магчыма, заўтра судзьдзя Анатоль Барысёнак вынясе прысуд.
XS
SM
MD
LG