Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ ПЯЦЁРКІ ВЫЛУЧАЮЦЬ СВАІХ ПРАДСТАЎНІКОЎ У ШТАБ АДЗІНАГА КАНДЫДАТА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў сябраў "пяцёркі" адбыліся рабочыя сустрэчы ў справе стварэньня агульнага штабу адзінага кандыдата. Паводле Ўладзімера Ганчарыка, цьвёрдая дамоўленасьць пра стварэньне агульнага штабу дасягнутая, і цяпер прэтэндэнты вызначаюць групы сваіх актывістаў, што будуць дэлегаваныя ў аб'яднаную дэмакратычную каманду.

Гаворыць Уладзімер Ганчарык:

(Ганчарык: ) "Ёсьць контуры, гэта будзе такі трохроўневы штаб. Рада сяброў "пяцёркі", і некаторых іншых асобаў, апэратыўны аддзел, які будзе займацца самой тэхналёгіяй выбараў, і палітычная рада, у склад якой увойдуць кіраўнікі палітычных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў, якія будуць падтрымліваць адзінага кандыдата".

Агульны штаб адзінага кандыдата будзе канчаткова створаны заўтра, у часе пашыранага паседжаньня сяброў "пяцёркі" ды лідэраў апазыцыйных партыяў. Паводле Ўладзімера Ганчарыка, заўтра ж будуць названыя ўсе прозьвішчы актывістаў, што ўвойдуць у агульны штаб, а таксама вызначаны кіраўнік аб'яднанае каманды адзінага кандыдата. Пакуль спадар Ганчарык толькі паведаміў, што будзе захаваны касьцяк ягонае ранейшае каманды, да якога далучацца й іншыя людзі.

Павал Казлоўскі й Міхал Чыгір гатовыя дэлегаваць у агульны штаб бальшыню сваіх актывістаў — Казлоўскі ўсіх, хто пажадае там працаваць, Чыгір амаль усіх, за выключэньнем сяброў невялікага ўласнага сакратарыяту.

Больш складаная сытуацыя ў перадвыбарчым штабе Сямёна Домаша. Вось, што паведаміў нашаму радыё сам спадар Домаш:

(Домаш: ) "Частку людзей нашых мы яму аддаем, частка ў нас застаецца. Бо невядома чым усё гэта яшчэ скончыцца, далейшыя працэсы. А частка людзей нашых пераходзіць у агульны штаб. Зараз мы якраз усе гэтыя пытаньні высьвятляем, гэта вельмі балючыя пытаньні для людзей. Нават адбываецца так, што я недзе на іх цісну каб яны пераходзілі. Можа ўжо прызвычаіліся, ці можа ёсьць нейкія свае перакананьні. Ну пакуль што якраз праводзім такія кансультацыі. Каб частка людзей, якіх мы сёньня ня можам выкарыстоўваць, спэцыялістаў, каб яны пайшлі туды, дзе іх можна выкарыстоўваць лепей. У агульным штабе, каб яны туды перайшлі".

Паводле Домаша, ягоны штаб будзе актыўна працаваць да самага заканчэньня этапу рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта. (Такая дамоўленасьць была дасягнутая ў рамках "пяцёркі" ў мінулую сыботу). Калі ж Уладзімер Ганчарык будзе зарэгістраваны кандыдатам, дык паводле Сямёна Домаша, яны правядуць паміж сабой кансультацыі й дамовяцца як дзейнічаць далей. Пры гэтым Сямён Домаш гаворыць, што ніякіх папярэдніх дамоўленасьцяў "пяцёркі", ён парушаць не зьбіраецца й ня будзе. Уладзімер Ганчарык, Міхал Чыгір і Павал Казлоўскі таксама спадзяюцца, што іхны калега Сямён Домаш будзе выконваць дасягнутыя раней пагадненьні.

XS
SM
MD
LG