Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАГЧЫМА БУДЗЕ СТВОРАНАЯ МІЖНАРОДНАЯ КАМІСІЯ ДЗЕЛЯ НЕЗАЛЕЖНАГА РАСЬСЛЕДАВАНЬНЯ СПРАВАЎ ЗЬНІКЛЫХ


Ганна Соусь, Менск

Беларускія жанчыны нават не чакалі, што ў Амэрыцы яны будуць мець сустрэчы з афіцыйнымі асобамі такога высокага ўзроўню, бо ўжо прызвычаіліся да таго, што беларускія ўлады проста ігнаруюць усе пытаньні пра лёс зьніклых людзей.

Гаворыць Ірына Красоўская.

(Красоўская: ) "Адная справа, калі чатыры жанчыны хочуць ведаць праўду й пытаюцца пра гэта ва ўлады. Але зусім іншая справа, калі міжнародная супольнасьць пачынае задаваць ураду тыя ж пытаньні. Ад гэтых пытаньняў ужо нельга адмахнуцца, таму я думаю, што толькі міжнародная супольнасьць можа нейкім чынам націснуць на беларускія ўлады, каб яны далі адказ — што ўсё ж адбылося?".

Гэтак мяркуе Ірына Красоўская, жонка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Нагадаю, што ў выніку візыту была зробленая адмысловая заява Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт напісаў ліст прэзыдэнту Джорджу Бушу, ён жа паабяцаў прыехаць у Беларусь падчас прэзыдэнцкіх выбараў ды сустрэцца з палітычнымі вязьнямі Андрэям Клімавым, Валерам Шчукіным ды іншымі. Былі праведзеныя два брыфінгі Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў беларускім пытаньні. Да таго ж амэрыканскія палітыкі паабяцалі паспрыяць стварэньню міжнароднае камісіі ў справе незалежнага расьсьледаваньня зьнікненьня людзей.

А як паставіліся беларускія ўлады да візыту Людмілы Карпенкі, Сьвятланы Завадзкай, Тацяны Клімавай ды Ірыны Красоўскай у ЗША? Ці адчувалі жанчыны іхную прысутнасьць у часе сутрэчаў? На гэтае пытаньне Радыё Свабода Ірына Красоўская адказала наступным чынам.

(Красоўская: ) "Калі мы праводзілі прэсавую канфэрэнцыю на Радыё Свабода, дык побач сядзелі два мужчыны, якія размаўлялі па-расейску. Нам падалося, што гэта людзі, падобныя да тых, якіх мы бачылі тут. Але пасьля прэсавай канферэнцыі да нас падыйшоў адзін зь іх і сказаў, што ён прадстаўнік беларускага Міністэрства замежных справаў у Амэрыцы. Таксама на нашай прэсавай канфэрэнцыі на прыступках Капітолія прысутнічаў адзін з прадстаўнікоў МЗС, але ён не прадстаўляўся нам".

Існуе пэўная практыка, калі беларуская амбасада запрашае да сябе грамадзянаў сваёй краіны, калі тыя наведваюць Амэрыку зь нейкімі важнымі візытамі. Паводле Ірына Красоўскай, такога запрашэньня яны не атрымалі.

Сёньня ж жанчыны выказалі й сваю рэакцыю на апошнюю перадачу "Рэзанансу", у якой Аляксандар Зімоўскі гаварыў пра тое, што нібыта апазыцыя выкарыстоўвае гэтых жанчынаў дзеля агітацыі амэрыканцаў супраць беларуска-расейскае саюзнае дзяржавы...

Гаворыць Людміла Карпенка.

(Карпенка: ) "Я ўжо прызвычаілася, бо вельмі шмат бруду заўсёды "лілося" на майго мужа. Таму я мяркую, што раз гавораць, значыцца іх закранула. Было б дрэнна, калі б увогуле нічога не казалі".
XS
SM
MD
LG