Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА БУДУЦЬ ЗМАГАЦЦА ЧАЦЬВЁРА КАНДЫДАТАЎ. ГЭТА КАНЧАТКОВАЯ ЛІЧБА


Валер Каліноўскі, Менск

Сакратар ЦВК Мікола Лазавік паведаміў, што ён не чакаў, што колькасьць прэтэндэнтаў, якія зьбяруць і здадуць больш за сто тысячаў подпісаў, будзе нагэтулькі малой — чатыры чалавекі. Паводле ягоных словаў, ніякіх перашкодаў пры зборы подпісаў не было, і ЦВК заўсёды апэратыўна рэагавала на скаргі ініцыятыўных групаў. Пасьля заканчэньня збору подпісаў у ЦВК паступіла толькі тры скаргі, але й яны не ставілі пад сумнеў вынік збору подпісаў — толькі чатыры чалавекі могуць разьлічваць на рэгістрацыю ў якасьці кандыдатаў: Сяргей Гайдукевіч, Уладзімер Ганчарык, Сямён Домаш і Аляксандар Лукашэнка.

Аляксандар Ярашук ўчора прыйшоў на прыём у ЦВК і паскардзіўся спадару Лазавіку, што некаторыя сябры ягонае ініцыятыўнае групы аказаліся нядобрасумленнымі ды аддалі 20 тысячаў подпісаў, сабраных на ягоную карысьць, невядомаму канкурэнту. Зьдзівіў Канстанцін Канановіч, які сам узначальваў сваю іцыятыўную группу, — ён сабраў 117 тысячаў подпісаў, прычым толькі ў Першамайскім раёне Менску, і здаў іх на засьведчаньне старшыні раённага выканкаму — але на ўсіх падпісных лістах не было прозьвішчаў, адрасоў, пашпартных дадзеных тых, хто падпісваўся. Зразумела, што такія подпісы не маглі быць прынятыя да ўвагі. Юры Данькоў, які здаў 80 тысячаў подпісаў, наіўна папрасіў ЦВК прадоўжыць тэрмін прыёму падпісных лістоў.

Ня менш арыгінальным быў і Леанід Сініцын, які прынёс на паседжаньне ЦВК стос падпісных лістоў з 25 тысячамі сабраных й засьведчаных подпісаў. Ён папрасіў Цэнтральную камісію прыняць іх у дадатак да 86 тысячаў подпісаў, якія былі налічаныя выбарчымі камісіямі. Натуральна, што ЦВК адмовіўся іх прымаць, бо, па-першае, скончыўся тэрмін прыёму подпісаў, а па-другое, ЦВК не ўпанаважаны на гэта. Тым ня менш, сябры ЦВК паспачувалі Леаніду Сініцыну, які, паводле ягоных словаў, сабраў больш за 160 тысячаў подпісаў, але некаторыя адклаў і вырашыў здаць толькі 112. Але высьветлілася, што подпісы, сабраныя ў большасьці раёнаў Магілеўскае вобласьці й некаторых раёнах Берасьцейскае не дайшлі да тэрытарыяльных выбарчых камісіяў, і як сьцьвярджае супрацоўнік ЦВК Сяргей Бабаеў, што дасьледаваў гэтую спрэчную сытуацыю, нават не засьведчваліся ў раённых выканкамах.

Гаворыць Леанід Сініцын:

"Па форме — я з вамі згодзен, што да 20 чысла мы не здалі гэтыя подпісы, але па-сутнасьці мы іх сабралі, і факт грамадзкага прызнаньня адбыўся",— так Леанід Сініцын заклікаў ЦВК прыняць прынесены ім стос подпісаў. Але ЦВК дзейнічаў па форме, а не па сутнасьці. І параіў яму пашукаць дакумэнтальнага пацьверджаньня здачы подпісаў у тых раёнах Магілеўскае і Берасьцейскае абласьцей, якія застаюцца спрэчнымі. Пакуль такіх дакумэнтаў спадар Сініцын не прадставіў.

Сёньня ж ЦВК зацьвердзіў умовы выкарыстаньня дзяржаўных СМІ кандыдатамі ў прэзыдэнты. Яны атрымаюць права апублікаваць свае праграмы ў васьмі дзяржаўных цэнтральных газэтах і па два разы ў запісе выступіць з 30-хвіліннымі прамовамі на Беларускім радыё і тэлебачаньні. Прычым у вельмі нязручны час: на БТ з 18:30 да 19:30, на радыё — з 8-мі да 9-ці раніцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG