Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАЗЫЦЫІ ЗША Й РАСЕІ ШТО ДА БЕЛАРУСКІХ ВЫБАРАЎ ЗБЛІЖАЮЦЦА


Юры Сьвірко, Менск

Як і абяцаў у мінулую пятніцу ў Менску кіраўнік ЦВК Расеі Аляксандар Вешнякоў, сёньня ён дамаўляўся ў Варшаве з прадстаўнікамі БДІПЧ — Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ — пра тое, каб сфармаваць агульную каманду назіральнікаў ад АБСЭ на беларускія выбары і каб можна было потым разам ацэньваць, ці адпавядалі выбары 9 верасьня агульнапрынятым міжнародным стандартам.

Цікава, што ўчора ў Гомелю амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак заявіў журналістам:

(Козак: ) "Я мушу сказаць: гэта шырока прызнаныя стандарты. Вы маглі бачыць нядаўна старшыню Цэнтральнае выбарчае камісіі Расейскае Фэдэрацыі, які казаў збольшага тыя самыя рэчы, што іншыя дзяржавы АБСЭ — як мы — кажуць: наконт таго, ШТО патрабуецца для вольных выбараў тут",— сказаў у Гомелю Майкл Козак, амэрыканскі амбасадар у Беларусі.

А сёньня перамовы паміж кіраўніком расейскае ЦВК і БДІПЧ АБСЭ ў Варшаве на маю просьбу пракамэнтаваў кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы ў Менску Ганс-Георг Вік, які сказаў, што бакі падпісалі ў польскай сталіцы "вельмі пазытыўную заяву" наконт супольнага назіраньня за беларускімі прэзыдэнцкімі выбарамі.

(Вік: ) "На думку Кансультацыйна-назіральнае групы, запрашэньне БДІПЧ для міжнароднага назіраньня — гэта прынцыповая рэч, бо Хартыя дзеля бясьпекі ў Эўропе, прынятая самітам у лістападзе 1999 году ў Стамбуле, у тым ліку прэзыдэнтам гэтае краіны (Беларусі), забавязвае сяброў АБСЭ запрашаць БДІПЧ для міжнароднага назіраньня",— падкрэсьліў амбасадар Вік і дадаў,— "Па-другое, удзел гэтага добра сфармаванага, створанага 55-цю краінамі бюро ў міжнародным назіраньні з удзелам шмат якіх краінаў, улучна з суседзямі Беларусі, узмоцніць міжнародную далучанасьць да гэтага, і праз гэта — шанцы справядлівых і празрыстых выбараў",— заявіў кіраўнік КНГ АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік.

Я задаў амбсадару Віку пытаньне, ці можна ўжо сказаць, што Расея пагадзілася браць удзел у міжнародным назіраньні за выбарамі прэзыдэнта Беларусі разам з (і ў рамах) АБСЭ?..

(Вік: ) "Я ўспрымаю словы старшыні Цэнтральнае выбрачае камісіі Расейскае Фэдэрацыі як вельмі сур'ёзнае забавязаньне".

Як сказана ў заяве для прэсы, яны будуць супрацоўнічаць ў межах гэтае місіі БДІПЧ.

Амбасадар Вік на маю просьбу ўпершыню пракамэнтаваў абвешчаньне Ўлдазімера Ганчарыка адзіным кандыдатам ад беларускай апазыцыі на выбарах 9 верасьня:

(Вік: ) "Любая канцэнтрацыя палітычных сілаў у падобнай прэзыдэнцкай кампаніі ёсьць канструктыўным унёскам у сапраўдныя, празрыстыя і справядлівыя выбары",— заявіў Ганс-Георг Вік, кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі.

XS
SM
MD
LG