Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСПЭРТЫЗА СВАБОДЫ. НАКОЛЬКІ РЭАЛЬНАЯ МАГЧЫМАСЬЦЬ РАСКОЛУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ ПЕРАД ВЫБАРАМІ?


Вядучы Віталь Тарас, Прага

Абвяшчаньне Ўладзіміра Ганчарыка адзіным кандыдатам ад шырокай грамадзянскай кааліцыі на прэзыдэнцкім выбарах выклікала неадназначную рэакцыю – найперш, у рэгіёнах Беларусі. Ці можна сказаць, што ўсе рознагалосьсі паміж учорашнімі палітычнымі спаборнікамі пераадоленыя? Ці выключаная магчымасьць расколу дэмакратычных сілаў перад выбарамі? І ў чым перавага адзінай кандыдатуры над усімі астатнімі варыянтамі?

(Тарас:) “Прайшло ўсяго тры дні, як было дасягнутае пагадненьне адносна адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Праўда, агаваруся, пачуцьця эйфарыі не было адразу, бо ўсе разумеюць, які складаны, цярністы шлях чакае ўсе дэмакратычныя сілы – а ня толькі магчымага кандыдата. Абвяшчэньне Гачарыка такім кандыдатам, як ведаюць слухачы Свабоды, выклікалі розныя, часам процілеглыя водгукі на мейсцах. А тут яшчэ зьявіліся чуткі, быццам Сямён Домаш ледзьве не гатовы адмовіцца ад дасягнутага пагадненьня. Сп. Домаш абверг гэтыя чуткі. А кансультацыі паміж пяцьцю кандыдатмі завершылася стварэньнем агульнага штабу.

Ці можна казаць,што ўсе магчымыя рознагалосьсі паміж учорашнімі супернікамі ўжо ўладжаныя? Ці ня сьведчаць апошнія чуткі пра нейкую напружанасьць, ці, прынамсі, нэрвознасьць у дэмакратычным лягеры? Альбо гэта вынік прадуманай тактыкі ўладаў, ускоснага ціску на дэмакратаў?”

(Карбалевіч:) “Я думаю, што сапраўды сытуацыя неадназначная, няпэўная. Сытуацыя з рашэньнем “пяцёркі” ў сыботу аб вылучэньні адзінага кандыдата выклікала неадназначны рэзананс у стане праціўнікаў Лукашэнкі. І прычын такой рэакцыі некалькі.

Па-першае – збор подпісаў выйграла каманда Сямёна Домаша амаль па ўсіх паказчыках. Але адзіным кандыдатам выбраны Ўладзімер Ганчарык. У выніку ў каманды Домаша і ў тых палітычных колаў, якія стаяць за гэтай камандай – напрыклад, у структурах БНФ, АГП, аб’яднаньня Рэгіянальная Беларусь узьнікла адчуваньне несправядлівасьці, адчуваньне, што Ганчарык перамог ня ў выніку сумленнай канкурэнцыі, а ў выніку кулюарных інтрыгаў. Масла ў вагонь падлівае і дзейнасьць арганізацыйнага камітэту “За новую Беларусь” на чале зь Лявонавым, якога падазраюць у тым, што ён падыгрываў Ганчарыку.

Гэтае нездавальненьне пачало выходзіць на паверхню. Па-другое, пасьля суботняга рашэньня зьявіліся новыя абставіны.
Аказалася, што толькі чатыры кандыдаты здалі сто тысяч неабходных подпісаў. А зь сяброў пяцёркі толькі два палітыкі – Ганчарык і Домаш здалі сто тысяч подпісаў. Усе астатнія сябры пяцёркі – Калякін, Чыгір, Казлоўскі – у суботу, фактычна, ужо не былі кандыдатамі ў прэзыдэнты, і таму ўзьнікае пытаньне ў такім разе: ці мелі яны паўнавартаснае права голасу на роўных з Ганчарыкам і Домашам? І гэта ставіць пад сумненьне легітымнасьць суботняга рашэньня.

І па-трэцяе. Наогул, сам факт, што засталіся толькі чатыры кандыдаты стварае новую канфігурацыю, якая стала нечаканай для ўсіх – у тым ліку, і для ўладаў. Такая сытуацыя не прагназавалася нікім, і новыя абставіны патрабуюць новага аналізу і магчыма, новай тактыкі.

Напрыклад, небясьпека вялікай колькасьці кандыдатаў, якія разцягваюць галасы антылукашэнкавага электарату, значна зьменшылася. Засталося толькі тры апазыцыйныя кандыдаты.
І таму павялічваецца спакуса ісьці на выбары не адзінаму кандыдату, а двум – напрыклад, Ганчарыку і Домашу адначасова”.

(Дракахруст:) “Вы, Віталь, назвалі два матывы. Я думаю, што ўсё-ткі, акрамя таго, пра што казаў Валер Карбалевіч, існуе і матыў тактычны: у тым, каб вывесьці ўлады з раўнавагі, каб не адкрываць ім усе карты. Я нагадаю, што падчас суботняга пасяджэньня было прынятае рашэньне, што калі кандыдатуру Ганчарыка, прыкладам, не рэгіструюць, дык адзіным кандыдатам робіцца іншы сябра пяцёркі – у дадзеным выпадку, паколькі толькі чатыры кандыдаты сабралі належную колькасьць подпісаў, то размова ідзе аб Домашы.

Але, сапраўды, хутчэй за ўсё, больш значнай прычынай вось гэтай няпэўнасьці ёсьць, шчыра скажам, крыўда з боку асабіста Сямёна Домаша і з боку ягонай каманды, ягоных прыхільнікаў на такое рашэньне. Я хачу нагадаць, што Сямён Домаш сабраў ня толькі больш подпісаў, але і ягоны рэйтынг увесь час быў вышэй, чым рэйтынг Ганчарыка, і так званы паказчык падачы галасоў у Сямёна Домаша таксама больш спрыяльны. Гэта значыць, што амаль палова тых, хто гатовы галасаваць за Ганчарыка, маглі б прагаласаваць і за Домаша. І значна менш прыхільнікаў Домаша гатовя галасаваць за Ганчарыка.

І я хацеў бы зьвярнуць увагу на нядаўнюю публікацыю ў “Белорусской деловой газете” – артыкул галоўнага рэдактара Пятра Марцава, дзе ён амаль у адкрытую, зьвяртаючыся да Васіля Лявонава, гаворыць: ці правільным будзе выбар на карысьць Уладзіміра Ганчарыка. У некаторых людзей узьнікае думка, што ў дадзеным выпадку Васіль Лявонаў, так бы мовіць, архітэктар суботняга рашэньня, кіраваўся ня столькі меркаваньнямі эфэктыўнасьці найлепшага кандыдата, а нейкімі іншымі меркаваньнямі”.

(Тарас:) “Я таксама хацеў бы згадаць артыкул Пятра Марцава, які параўнаў тое, што зараз адбываецца, з гульнёй у карты. Параўнаньне ясна ня новае, ён кажа, што апазыцыя гуляе ў прэфэранс, а Лукашэнка гуляе ў “дурня”, і ў гэтым, маўляў, ягоная перавага? Я зараз хацеў бы спытаць – наколькі правамерныя гэтыя параўнаньні з гульнёй? Ну, натуральна, у палітыцы заўсёды ёсьць элемэнт гульні. Але ж надзвычай вялікая стаўка зараз перад палітыкамі. Ці ўдасца захаваць дасягнутае на сёньняшні дзень адзінства?”

(Дракахруст: ) “Гульня з высокімі стаўкамі, нават надзвычай высокімі стаўкамі, усё адно застаецца гульнёй. І ў ёй застаюцца правілы гульні. І вось пра гэтыя правілы, можа, варта сказаць некалькі словаў.

З нашых з Валерам Карбалевічам словаў можна было б зрабіць выснову, што ў адносінах да Сямёна Домаша, так бы мовіць, паступілі несправядліва, і што калі ён пойдзе на выбары самастойна – гэта будзе разумны крок і аднаўленьне справядлівасьці. Вось з гэтай высновай я б абсалютна не пагадзіўся.

Я лічу, што і пры наяўнасьці крыўды, і ўсяго астатняга, раскол – два кандыдаты, якія пойдуць на выбары ад дэмакратычных сілаў, гэта будзе найвялізная памылка.

Чаму, на мой погляд? Таму што плойма дэмакратычных кандыдатаў – нават два ці больш, зацямняе сапраўдны сэнс верасьнёўскіх выбараў. Гэты сэнс палягае ў тым, што выбары робяцца не паміж добрымі і дрэннымі асобамі, не паміж Лукашэнкам, Ганчарыкам, Гайдукевічам, Домашам і інш. выбар робіцца паміж шляхамі, адным зь якіх можа пайсьці Беларусь. Ці яна – вельмі цяжка, вельмі марудна будзе рабіцца нармальнай краінай, ці яна застанецца ў тым залюстроўі, у якім яна знаходзіцца зараз.

У гэтым сэнсе, як сказаў адзін разумны чалавек, дэмакратыя палягае ў тым, што раз на некалькі гадоў кожны, нават самы просты грамадзянін улазіць у скуру кіраўніка дзяржавы. І вось, калі будзе адзіны кандыдат – гэтая сытуацыя будзе зразумелая, яўная для ўсіх. Будзе зразумела, што добры Ганчарык, ці дрэнны – калі ты не галасуеш за яго, калі ты ня йдзеш на выбары, ты галасуеш за Лукашэнку. І тое, што будзе потым – будзе твая адказнасьць. Вось у такіх сытуацыях знаходзяцца кіраўнікі дзяржаваў. У такой сытуацыі будзе знаходзіцца кожны грамадзянін Беларусі.

Калі будзе некалькі дэмакратычных кандыдатаў, то гэтая жорсткая дылема будзе расьцякацца. Спараўднае дзяржаўнае рашэньне ператворыцца ў конкурс прыгажосьці: у гэтага твар прыгожы, а той гаворыць добра…

Выбар, рэальна, паміж двума варыянтамі. І вось гэта зьнікне”

(Тарас: ) “А ці магчымы, усё ж, раскол паміж дэмакратычнымі сіламі перад выбарамі, і як гэтаму можна запабегчы?”

(Карбалевіч: ) “Небясьпека расколу існуе – па тых прычынах, якія мы абмяркоўвалі вышэй. І няўдалыя заявы адзінага кандыдата Ганчарыка, кшталту той, што ня трэба сьпяшацца з роспускам “нацыянальнага сходу”, могуць толькі падліць масла ў вагонь.

Абсалютных гарантыяў няма. Існуюць нейкія адносныя гарантыі – напрыклад, нейкія пісьмовыя дамовы, нейкія вельмі жорсткія абавязкі, нейкая праграма дзеяньняў, рашэньні асноўных палітычных партыяў, якія замацоўвалі б гэтую дамову.

Але я таксама хацеў бы згадзіцца з тым, што сказаў Юры Дракахруст наконт адзінага кандыдата. Сапраўды, грамадзтва хоча мець альтэрнатыву Лукашэнку ў выглядзе канкрэтнай асобы. І на гістарычнае беларускае пытаньне – а хто замест Лукашэнкі? – шэраговы выбаршчык павінен атрымаць канкрэтны адказ у выглядзе канкрэтнага прозьвішча, а ня ў выглядзе пяцёркі, ці нават двойкі. У нашых інфармацыйных умовах нават адно прозьвішча данесьці да сьвядомасьці грамадзтва цяжка, ня кажучы пра больш складаныя канструкцыі. І для значнай часткі апалітычнага электарату адсутнасьць адзінай альтэрнатывы можа падштурхнуць да галасаваньня зла Лукашэнку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG