Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ПОДПІСЫ Ў ПАДТРЫМКУ РОЗНЫХ ПРЭТЭНДЭНТАЎ ПАСТАВІЛІ 162 ТЫСЯЧЫ ЧАЛАВЕК


Казімер Яноўскі, Гомель

Як паведаміў намесьнік старшыні камісіі Аляксандар Усаў, на Гомельшчыне збор подпісаў вялі групы 16 прэтэндэнтаў. Агулам жыхары рэгіёну за вылучэньне гэтых 16 асобаў кандыдатамі на прэзыдэнта паставілі амаль 162 тысячы подпісаў.

Паводле афіцыйных зьвестак, зь іх 51 тысяча сабрана за Аляксандра Лукашэнку, 23 тысячы — за Сямёна Домаша, 18,5 тысячы — за Сяргея Гайдукевіча. Яшчэ двое — Сяргей Калякін і Віктар Цярэшчанка — пераўзыйшлі 10-тысячны рубеж. Блізкім да яго вынікі збору подпісаў за Міхала Чыгіра й Паўла Казлоўскага. Міхал Марыніч займае восьмы радок — з 6740 подпісаў палова атрымана ў Мазыры й Лельчыцкім раёне.

За адзінага кандыдата ад шырокай дэмакратычнай кааліцыі Ўладзімера Ганчарыка ў рэгіёне сабрана толькі 4748 подпісаў. Асноўную падтрымку спадар Ганчарык атрымаў у абласным цэнтры, Рагачоўскім і Рэчыцкім раёнах.

За лідэра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка пададзены ў камісіі 3491 подпіс. Амаль столькі ж подпісаў сабрана за былога кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Леаніда Сініцына й старшыню прафсаюзу аграрнікаў Віктара Ярашука. Яшчэ больш сьціплыя вынікі ў спадароў Калугіна, Скрабца і Антончыка. Замыкае сьпіс Валер Леванеўскі з 39 подпісамі, якія сабраныя ў Калінкавіцкім раёне.

Кампанія збору подпісаў вялася ў надзвычай жорсткіх ўмовах. Ініцыятыўнікам не дазвалялі нават раздаваць улёткі зь біяграфіямі прэтэндэнтаў. Выключэньне рабілася хіба толькі для Лукашэнкі. Ягоныя групы працавалі ў рабочы час на прадпрыемствах і ва ўстановах. Напрыклад, у абласным гандаль-саюзе збор подпісаў вёўся на тле расклееных велізарных партрэтаў кіраўніка дзяржавы й заклікаў падпісацца менавіта за яго.

Цікавым падаецца й такі факт. Паводле распараджэньня старшыні абласнога выканкаму №683, утвораная абласная каардынацыйна-кансультацыйная група. Як сказана, дзеля забесьпячэньня належных умоваў дзейнасьці назіральнікаў. У ейны склад увайшлі 20 абласных чыноўнікаў, уключна з начальнікамі міліцыі ды КГБ. Аналягічныя групы створаны “вэртыкальлю” ва ўсіх раёнах. Функцыі гэтых групаў невядомыя, бо Выбарчы кодэкс падобных фармаваньняў не прадугледжвае.

XS
SM
MD
LG