Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДРУГІ РАЗ АБРАБАВАНАЯ ГАЗЭТА “ДЗЕНЬ” НАПЯРЭДАДНІ ПУБЛІКАЦЫІ МАТЭРЫЯЛАЎ ПРА ЗЬНІКЛЫХ


Віталь Цыганкоў, Менск

Газэту "День" абрабавалі другі раз за апошнія 10 дзён. Гаворыць намесьнік рэдактара газэты Анатоль Гуляеў:

(Гуляеў: ) "Стала ўжо "традыцыяй" абкрадаць "День" у адзін і той жа час. Тыдзень таму гэта было ўначы з панядзелка на аўторак, і зараз таксама. Як і мінулым разам, начыньне з кампутараў выдалена, няма таксама аднаго манітора.

Цікавая рэч: мінулым разам, калі мы аргумэнтавалі, што гэта ня проста побытавы крадзеж, мы казалі, што побач з кампутарамі ляжыць "ноўтбук", які аказаўся нікому не патрэбны. Што ж гэта за злодзеі такія? Ну, мусіць, злодзеі чытаюць газэты, і сёньня іхная памылка была выпраўленая — "ноўтбук" таксама зьнік".

Адметна, што рэдакцыя разьмяшчаецца ў будынку “Беларусьфільму”, які даволі строга пільнуе пазаведамасная ахова. Міліцыя лічыць, што злодзеі забраліся праз вакно, і потым знутры зламалі дзьверы. Зламысьнікі, аднак, дзейнічалі вельмі выбарна — насупраць пакояў рэдакцыі месьцяцца склады "Беларусьфільму", на якія злачынцы не паквапіліся. Гаспадарылі яны ў памяшканьнях рэдакцыі даволі грунтоўна й спакойна, нібы ведаючы, што ў іх хапае часу, і ніхто іх не патурбуе.

Першы крадзёж, які здарыўся ў рэдакцыі тыдзень таму, адбыўся адразу пасьля таго, як газэта "День" першай апублікавала скандальныя дакумэнты, абнародаваныя Ўладзімерам Ганчарыкам.

(Гуляеў: ) "Нашыя непрыемнасьці пачаліся з таго, што мы надрукавалі інтэрвію з Іванам Ціцянковым. Да гэтага быў эпізод, калі мы надрукавалі ўвогуле бяскрыўдны артыкул Сяргея Аніські пра вайсковую рэформу, і ў выніку нашага рэдактара выклікалі ў КГБ. Пасьля таго — матэрыялы Ганчарыка, менавіта пасьля чаго й быў першы крадзёж у рэдакцыі. А потым мы заявілі, што будем друкаваць спэцвыпуск, прысьвечаны зьніклым..."

Напярэдадні начнога нападу рэдакцыя як раз скончыла працу над гэтым спэцвыпускам, выхад якога быў сарваны з прычыны крадзяжу тыдзень таму. Анатоль Гуляеў лічыць, што менавіта спэцвыпуск ёсьць сапраўднай мішэньню для невядомых злачынцаў. Але намесьнік рэдактара запэўніў, што ўсе матэрыялы ўдалося захаваць, і неўзабаве гэты выпуск выйдзе ў сьвет.

XS
SM
MD
LG