Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАВОДЛЕ ІНФАРМАЦЫІ СЯБРА “НАРОДНАЙ ГРАМАДЫ”, ПІНСКІ ВЭРТЫКАЛЬШЧЫК КАНЕЎСКІ ПРАВЯРАЎ ПАДПІСНЫЯ ЛІСТЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Учора намесьнік старшыні пінскае філіі Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Сяргей Касьцюковіч у часе свайго наведваньня гарадзкога выканкаму засьпеў намесьніка старшыні выканкаму Аляксандра Канеўскага ў службовым кабінэце за стосам падпісных лістоў.

(Касьцюковіч: ) “"23 ліпеня каля 12-й гадзіны я падыйшоў у выканкам да намесьніка старшыні — Аляксандра Канеўскага — каб вырашыць справы па ўдзелу сяброў партыі ва ўчастковых выбарчых камісіях. Дзьверы былі адчыненыя, я зайшоў і ўбачыў, што намесьнікі старшыні Канеўскі праглядае падпісныя аркушы... Я павітаўся — ён адразу замахаў рукамі й запатрабаваў, каб я выйшаў з кабінэту".

Аднак старшыня гарадзкое выбарчае камісіі Лявонці Лемяшэўскі на пытаньне нашага карэспандэнта, ці вывучае падпісныя лісты хто-небудзь, акрамя сяброў камісіі, адказаў наступнае: "Эта ісключэно! Толька члены гарадзкой ізьбірацельнай камісіі".

А тым часам палітычныя партыі ды грамадзкія арганізацыі, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі (некаторыя ўчора, а некаторыя яшчэ ў мінулую пятніцу) даведаліся, што, акрамя ўжо прынятых выканкамам дакумэнтаў, неабходна дадаць яшчэ паперы, якія пацьвердзілі б сяброўства назіральнікаў у арганізацыях, якія іх вылучылі.

Прыкладам, у прадстаўнікоў мясцовае філіі Праваабарончага цэнтру "Вясна" нават патрабавалі заявы будучых назіральнікаў пра ўступленьне ў арганізацыю. Аднак, паводле словаў кіраўніка Цэнтру Алеся Моргаля, гэтыя патрабаваньні незаконныя і таму сябры "Вясны" адмовіліся яго выконваць.

XS
SM
MD
LG