Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ЧАКАЮЦЬ ВЫКАНАНЬНЯ БЕЛАРУСЬСЮ АБАВЯЗАЦЕЛЬСТВАЎ ПЕРАД АБСЭ


Юры Сьвірко, Гомель

Амбасадар ЗША ў Беларусі Майкал Козак, які прысутнічаў на цырымоніі, заявіў, што Злучаныя Штаты гатовыя прызнаць любога пераможцу беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў, калі Беларусь будзе выконваць свае абавязацельствы ў межах АБСЭ.

Камандаваньне ўзброеных сілаў ЗША ў Эўропе выдаткавала на стварэньне цэнтру пераліваньня крыві ў гомельскай бальніцы хуткай дапамогі 420 тысячаў даляраў. Яшчэ 50 тысячаў даляраў дадаў бюджэт гомельскай вобласьці.

Праект быў распачаты ў сакавіку 2000 году і за гэты час быў цалкам рэканструяваны 90-гадовы будынак станцыі пераліваньня крыві.

На цырымоніі адкрыцьця прысутнічаў міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў, які не выступаў. Ня выступіў і ніводзін з прадстаўнікоў гомельскай мясцовай улады.

Амбасадар ЗША ў Беларусі Майкал Козак нагадаў, што праект рэканструкцыі гомельскай бальніцы ёсьць толькі часткай амэрыканскай дапамогі. Ад 1992 году ўрад ЗША надаў Беларусі дапамогу на суму 561 мільён даляраў.

На думку амбасадара Козака, станцыя пераліваньня крыві ў Гомелі – гэта выдатны прыклад таго, што адбываецца, калі беларусы і амэрыканцы працуюць разам дзеля дасягненьня высокіх мэтаў. Майкал Козак таксама зазначыў:

(Козак: ) “На жаль, ад лістападу 1996 году адносіны паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі нельга назваць нармальнымі. Гэта адбываецца таму, што нашая магчымасьць аказваць Беларусі больш істотную і прамую дапамогу наўпрост зьвязаная з выкананьнем Беларусьсю яе міжнародных абавязацельстваў забясьпечваць асноўныя чалавечыя свабоды і вольны, празрысты і справядлівы выбарчы працэс. Злучаныя Штаты гатовыя да нармалізацыі адносінаў зь Беларусьсю, калі беларускія ўлады будуць прытрымлівацца тых нормаў, якія Беларусь абавязалася выконваць у рамках АБСЭ. Злучаныя Штаты былі б гатовыя прыняць вынікі працэсу выбараў прэзыдэнта, калі б гэты працэс, пачынаючы ад сёньняшняга дня, будзе праводзіцца ў адпаведнасьці з гэтымі стандартамі, незалежна ад таго, хто стане пераможцам.

Напрыклад, калі б беларускія ўлады пачалі выконваць гэтае забавязаньне з сёньняшняга дня, мы былі б гатовыя зрабіць шэраг канкрэтных крокаў, што да ўзнаўленьня кантактаў на вышэйшым узроўні, пашырэньня двухбаковага гандлю, інвэстыцыяў і супрацоўніцтва ў ваеннай сфэры.

Я хацеў бы быць дакладным: нашая прамая гуманітарная дапамога беларускім людзям, якую сымбалізуе сёньняшняе адкрыцьцё цэнтру пераліваньня крыві, будзе працягвацца незалежна ад адносінаў паміж нашымі ўрадамі.

Але нашыя магчымасьці, што да аказаньня дапамогі ў разьвіцьці Беларусі па ўсіх накірунках, будуць наўпрост залежыць ад таго, наколькі добра ўлады змогуць выкарыстаць унікальную магчымасьць, якую даюць надыходзячыя выбары, каб прадэманстраваць выкананьне Беларусьсю сваіх міжнародных забавязаньняў”.

Наступным выступіў генэрал Джозэф Ролстэн, галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі ЗША ў Эўропе і вярхоўны камандуючы аб’яднанымі сіламі НАТО ў Эўропе:

(Ролстан: ) “Адкрыцьцё цэнтру пераліваньня крыві адлюстроўвае адно з галоўных амэрыканскіх перакананьняў, што мы можам пераадолець палітычныя разьдзяленьні дзеля агульнага дабра, але гэты шпіталь – не адзіны праект, у якім мы супрацоўнічаем. Зь мінулага верасьня ЗША выдаткавалі больш як 24 мільёны даляраў на праграмы дапамогі Беларусі. Апроч гэтага праекту, мы сёлета аказваем гэтую падтрымку тром іншым праектам – аднаму з магілеўскай управы здароўя, аднаму ў дзіцячым доме-інтэрнаце ў Радані і аднаму з грамадзкім аб’яднаньнем “Разуменьне”.

Генэрал Ролстан таксама заявіў: “Мы спадзяемся працягваць гэтыя праграмы як выказваньне нашых добрых намераў і пачуцьцяў амэрыканскага народу ў дачыненьні да народу Беларусі”.

Пазьней на прэсавай канфэрэнцыі я задаў спадару Ролстану пытаньне, ці браў ён пад увагу падзеі вакол нядаўніх сьведчаньняў двух былых беларускіх сьледчых пра існаваньне “эскадрону сьмерці”, калі плянаваў свой гомельскі візыт. Генэрал Ролстан адказаў:

(Ролстан: ) “Я ведаю пра падзеі, якія адбываюцца, але я тут, каб прадэманстраваць народу Беларусі гуманітарную добрую волю”.

Джозэф Ролстан нагадаў, што гомельскі праект быў распачаты яшчэ год таму. Амбасадар ЗША Майкл Козак у інтэрвію Радыё Свабода, адказваючы на пытаньне, ці будзе задаволеная просьба беларускай амбасады ў Вашынгтоне пра сустрэчу з былымі сьледчымі Случакам і Петрушкевічам, сказаў:

(Козак: ) “Я ня ведаю, бо я не кантактаваў з Вашынгтонам, але, я думаю, што гэта залежыць толькі ад гэтых асобаў, ці хочуць яны сустракацца з прадстаўнікамі Беларусі. Гэта ня нашая справа”.

Майкл Козак адмовіўся пракамэнтаваць рашэньне беларускай апызыцыі вылучыць адзіным кандыдатам Уладзіміра Ганчарыка.

Адзначу, што на імпрэзе ў Гомелі прысутнічаў сябра “пяцёркі” Павал Казлоўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG