Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДА ПЕРАСЬЛЕДУЕ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Ігар Карней, Менск

Падставаю для пратэсту стаў выпадак, калі ў выніку супольных дзеяньняў ведамства ў справе барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю, падатковай інспэкцыі і суду сям'ю менскіх прадпрымальнікаў ня толькі пазбавілі магчымасьці займацца камэрцыяй, але й прымусова выселілі зь інтэрнату на вуліцу.

Вось ужо чатыры месяцы прадпрымальнікі Вольга й Дзьмітры Захарэвічы ня могуць атрымаць адказ на пытаньні: чаму закрыты іхны разьліковы рахунак, заблякаваная ўсялякая дзейнасьць, а самі яны аштрафаваны на $10 тысячаў. Паводле словаў саміх Захарэвічаў, цяперашні канфлікт зь дзяржаўнымі ворганамі пачаўся зь нялепшых стасункаў з дырэктарам інтэрнату. Каб кантраляваць аплату за жытло, Дзьмітры пачаў пералічваць грошы з рахунку. Дырэктару, які прызвычаіўся атрымліваць гатоўкаю, гэта не спадабалася, і ён вырашыў нацкаваць на "няўдзячных" кватарантаў праверку. Спадар Захарэвіч лічыць, што падобным чынам распраўляюцца зь дзясяткамі прадстаўнікоў малога й сярэдняга бізнэсу.

(Дз. Захарэвіч: ) "Усё больш беларускіх прадпрымальнікаў зачыняюць прадпрыемствы і зьяжджаюць з краіны. Далёка ня трэба хадзіць, можна адкрыць прадпрыемства ў той жа Расеі, дзе нармальныя эканамічныя законы; дзе ва ўрадзе людзі імкнуцца кіравацца нармальным падатковым кодэксам — ясным, выразным, празрыстым. Якая тэндэнцыя ў нас? Прадпрыемства трымаць невыгодна. Падатковае заканадаўства заблытанае да непазнавальнасьці. Дастаткова адной тэхнічнай памылкі, і ўсе разьлікі можна выкідваць ў сьметнік. Дасканала разьбірацца ў бугальтэрыі ў нас немагчыма, нават маючы вышэйшую адукацыю. Колькі падатковых інспэктараў — столькі й меркаваньняў. Тое, як праводзілі праверку ў нас... Даручы іншаму інспэктару, былі б зусім іншыя лічбы. Дык як можна гэтак усё трактаваць? Бугальтэрыя — навука дакладная: два плюс два заўжды чатыры".

Спадар Захарэвіч дадае, што зь цяжкасьцю разумее матывы, якімі кіруюцца кантрольныя ворганы, калі мэтанакіравана зьнішчаюць прыватныя прадпрыемствы: менавіта ад існаваньня прыватнага сэктару амаль на 100% залежыць дабрабыт саміх падатковых структураў. Паводле інфармацыі сталічнага Саюзу прадпрымальнікаў, кожны сябра арганізацыі адлічвае ў розныя дзяржаўныя структуры штогод мінімум $1,5 тыс. Пры гэтым колькасьць камэрсантаў увесь час скарачаецца. Штогод банкрутуе да сотні індывідуальных прадпрымальнікаў.

Вялізныя страты, якія церпяць у выніку разнастайных рэвізіяў беларускія прадпрымальнікі, маюць яшчэ адзін трагічны працяг. Вось што кажа Вольга Захарэвіч.

(В.Захарэвіч: ) "Мала таго, што гэта вядзе да банкруцтва, гэта цягне вялікі маральны крах. Ня кожны чалавек такое вытрымае. У нас шмат прадпрымальнікаў, якія пайшлі з жыцьця, атрымаўшы такія штрафы. Апошні выпадак быў у Маладэчне, калі прыблізна такі штраф, як і нам, прад'явілі фіскальныя ворганы чалавеку, які, дарэчы, быў дэпутатам гарадзкога савету".

"І дэпутат скончыў жыцьцё самагубствам. Вось як лёгка зьнішчыць чалавека",— гэта ўжо дадаў Дзьмітры Захарэвіч.

Перасьлед працягваецца вось ужо чатыры месяцы. Дарэчы, дагэтуль Захарэвічы ня могуць знайсьці асабістыя рэчы, якія кудысьці зьніклі ў выніку прымусовага высяленьня з інтэрнату. Зараз Вольга з 9-гадовай дачкой (у якой, дарэчы, хранічны парок сэрца), жыве ў аднапакаёвай кватэры з бацькамі. А Дзьмітры вымушаны блукаць па знаёмых.

XS
SM
MD
LG