Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШ ЗА СТО ТЫСЯЧАЎ ПОДПІСАЎ МАЮЦЬ ЧАТЫРЫ ПРЭТЭНДЭНТЫ: ГАЙДУКЕВІЧ, ГАНЧАРЫК, ДОМАШ І ЛУКАШЭНКА


Валер Каліноўскі, Менск

Прэсавы сакратар ЦВК Валеры Юрэвіч паведаміў Радыё Свабода папярэднія вынікі падачы падпісных лістоў у выбарчыя камісіі:

(Юрэвіч: ) "Больш за сто тысячаў подпісаў маюць чатыры чалавекі: Гайдукевіч, Ганчарык, Лукашэнка, Домаш. Яны маюць больш за сто тысячаў — гэта ўся інфармацыя, якую я маю".

Паводле словаў спадара Юрэвіча, тэарэтычна яшчэ тры-чатыры чалавекі могуць прэтэндаваць на пераадоленьне стотысячнага бар'еру. Але канчаткова сытуацыя праясьніцца 24 ліпеня. На працягу дзесяці наступных дзён — да 30 ліпеня — будзе йсьці праверка падпісных лістоў у выбарчых камісіях, а пасьля ўжо распачнецца рэгістрацыя кандыдытаў. За Ўладзімера Ганчарыка, які вылучаны адзіным кандыдатам ад шырокай грамадзянскай кааліцыі, у выбарчыя камісіі было пададзена звыш 123-х тысячаў подпісаў.

Спадар Ганчарык паведаміў, што будзе сустракацца з прадстаўнікамі "пяцёркі" як мінімум раз на тыдзень, па аўторках. А Сямён Домаш сёньня праводзіў нараду свайго рэспубліканскага штабу. Ён паведаміў, што за яго здадзена больш за 160 тысячаў подпісаў.

(Домаш: ) "Буду прапаноўваць працаваць далей. У нас жа ня ўсё скончана. Яшчэ наперадзе шмат працы. Яшчэ невядома якім бокам гэтая кампанія выйдзе".

(Карэспандэнт: ) "А ў цэлым, які ў вас настой?"

(Домаш: ) "Нармальны, баявы. Настроены на перамогу".

Сямён Домаш таксама будзе рэгістраваць сваю кандыдатуру. Шанцы адзінага кандыдата ад "пяцёркі" Сямён Домаш расцаніў такім чынам:

(Домаш: ) "Усё будзе залежаць ад таго, хто сабраў сто тысячаў подпісаў з нашай "пяцёркі". Калі пацьвердзіцца, што сто тысячаў подпісаў не сабралі ўсе, то рэйтынг наш агульны будзе невялікі. Ён будзе складацца толькі за кошт тых асобаў, якія сабралі дастаткова подпісаў".

Спадар Домаш паведаміў, што наступная сустрэча "пяцёркі" адбудзецца заўтра.

Сяргей Гайдукевіч паведаміў, што ягоны блёк "Новая Беларусь — Адзінства" падаў на рэгістрацыю звыш 176 тысячаў подпісаў. Паводле словаў спадара Гайдукевіча, гэта было дасягнута ва ўмовах перашкодаў з боку ўладаў:

(Гайдукевіч: ) "І я зусім нікому не зьбіраюся плакацца, таму што я настроены на сур'ёзную барацьбу, нягледзячы на страшнейшае процідзеяньне кіроўнага рэжыму. Я ведаў, куды я іду".

Сяргей Гайдукевіч зазначыў, што, на ягоны погляд, барацьба будзе паміж Лукашэнкам і Гайдукевічам, ён разьлічвае ня менш чым на 30 адсоткаў. Спадар Гайдукевіч паведаміў, што ня супраць кансультацыяў з Уладзімерам Ганчарыкам з мэтаю забесьпячэньня назіраньня за выбарамі й вырашэньня іншых тэхнічных праблемаў. Ад ягонага блёку ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях дзейнічае сорак чалавек. Ва ўчастковыя камісіі ад ЛДПБ вылучана больш за 1200 сябраў. Сяргей Гайдукевіч назваў "гранічна сур'ёзнымі" апошнія сэнсацыйныя заявы Ўладзімера Ганчарыка пра дачыненьне ўладаў да зьнікненьня вядомых палітыкаў і зазначыў, што асабіста ён зробіць дадатковыя захады дзеля забесьпячэньня ўласнае бясьпекі.
XS
SM
MD
LG