Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНТЭРНЭТ У БЕЛАРУСІ ПАВОДЛЕ АЦЭНКІ ААН


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Апошнія дасьледваньні экспэртаў Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў паказалі, што ў Беларусі на кожныя 10 тысячаў жыхароў ёсьць усяго 3 кампутары, празь якія можна выйсьці ў Інтэрнэт. Лічба зусім не суцяшальная, але яна напэўна адпавядае ўзроўню эканамічнага разьвіцьця краіны.

Іншая справа – палітыка. Калі б нехта правёў дасьледваньне, якая частка насельніцтва ў краіне карыстаецца Інтэрнэт-матэрыяламі, сытуацыя ў Беларусі не выглядала б такой безнадзейнай.

Пад час маёй апошняй паездкі ў Беларусь я некалькі разоў сутыкаўся зь людзьмі, якія ня мелі доступу да Інтэрнэту, але праз сваіх знаёмых, якія такі доступ маюць, арыентаваліся, што надрукавана сёньня на той ці іншай Інтэрнэт-старонцы.

Вось жа якраз распаўсюджанасьць Інтэрнэт-інфармацыі і падштурхоўвае шмат каго ствараць новыя старонкі ва ўсясьветным сеціве. Асабліва гэты працэс актывізаваўся ў сувязі з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў. Некаторыя мае знаёмыя, замест звыклага для іх выхаду на апазыцыйныя акцыі на вуліцу пачалі шукаць выхаду ў Інтэрнэт, каб празь яго ўплываць на сьвядомасьць сваіх суайчыньнікаў.

Пра новыя беларускія Інтэрнэт-старонкі шмат гаварыла ў папярэднім выпуску перадачы Вольга Караткевіч. Прайшоў тыдзень, і сеціва падаравала нам яшчэ колькі цікавых сюрпрызаў.

Першым вызначылася вядомая ўжо старонка “Дранікі”. Цяпер зь ейнай дапамогай вы можаце выйсьці на простую сувязь з трыма магчымымі кандыдатамі ў прэзыдэнты: Сямёнам Домашам, Паўлам Казлоўскім і Міхаілам Марынічам...

“Скажыце, калі ласка, – пытаецца, напрыклад, у Сямёна Домаша нехта KGBist – калі я за вас прагаласую, ці я змагу таксама паспрабаваць купіць які-небудзь гарадзенскі клюб за 150 тысячаў даляраў, ці можа быць лепш зьвярнуцца да вашых дзяцей?”

“Кожны грамадзянін Беларусі, у тым ліку і вы, – адказвае Сямён Домаш, – будзеце мець магчымасьць укласьці заробленыя грошы ў якую заўгодна справу, стаць акцыянэрам альбо нават гаспадаром якога заўгодна аб’екту. Аднак у Вашым пытаньні я бачу нейкія незразумелыя мне намёкі. Мае сыны не працуюць швайцарамі ў гарадзенскіх клюбах"”

“Ці гатовыя вы далучыцца да “пяцёркі” і зьняць сваю кандыдатуру на карысьць адзінага кандыдата?” – пытаецца ў Міхаіла Марыніча нехта Сяргей.

“Так, я гатовы працаваць сумесна з усімі дэмакратычнымі кандыдатамі для дасягненьня выключна важнай мэты – вызваленьня дзяржавы з эканамічнага і палітычнага крызысу. Калі будзе неабходна, вызначымся разам з вылучэньнем адзінага,” – адказвае Міхаіл Марыніч.

Абодва прэтэндэнты, у адрозьненьне ад Паўла Казлоўскага, досыць актыўныя на старонцы: http://draniki.com/ask/

А побач са знаёмымі ўжо “Дранікамі” узьнікаюць зусім новыя, справакаваныя, так бы мовіць, выбарамі, старонкі. Адна зь іх: vybary.org. якая днямі зьявіцца ў сеціве. Пра стваральнікаў старонкі гаворыць адзін зь ейных аўтараў, гісторык Генадзь Самусевіч:

(Самусевіч: ) “Стваральнікі старонкі – людзі блізкія да дэмакратычнай супольнасьці. Яны вельмі розных палітычных паглядаў, але ў прынцыпе яны адны ў адным: яны жадаюць стварэньня незалежнай грамадзянскай думкі аб палітычнай сытуацыі на Беларусі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “На сёньняшні дзень ужо ёсьць Інтэрнэт-старонкі, прысьвечаныя выбарам. Чаму ўзьнікла неабходнасьць стварыць гэтую старонку?”

(Самусевіч: ) “Мы проста палічылі, што, як калісьці сказаў Мао Цзэ Дун, хай расквітаюць усе кветкі. Многія сайты створаныя рэдакцыямі незалежных газэтаў. У іх свой погляд, свае каманды, яны маюць сваю рацыю, яны цікавыя, але яны пазіраюць на становішча ў Беларусі неяк збоку. А мы знаходзімся, скажам так, у эпіцэнтры гэтых падзяў, мы выдатна ведаем амаль усіх, мы ведаем, хто пра што марыць, хто чым дыхае. І мы паспрабавалі стварыць нешта сваё”.

(Сокалаў-Воюш: ) “І чым гэтая старонка будзе прынцыпова адрозьнівацца ад іншых старонак?”

(Самусевіч: ) “Што тычыцца кандыдатаў і іхных палітычных поглядаў – мы зрабілі цудоўны прэсавы архіў, прысьвечаны прэзыдэнцкім выбарам у Беларусі наагул, а таксама пэрсанальна ўсім кандыдатам. І нейкія разьдзелы ў нас будуць адрозьнівацца ад іншых сайтаў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ну, напрыклад…”

(Самусевіч: ) “Ну, напрыклад: “Прэтэндэнты пра прэтэндэнтаў”. Мы зьбіраем інфармацыю: што кажуць прэтэндэнты пра становішча ў Беларусі, асабіста пра сябе і пра іншых. Мы ня будзем камэнтаваць гэтыя выказваньні, але гэта дазволіць нашым чытачам хутка адсочваць і бачыць адрозьненьні аднаго прэтэндэнта ад іншага.

Таксама мы будзем рабіць такі прыватны разьдзел пра кожнага кандыдата. Мы паспрабуем адлюстраваць імідж кандыдата, ягоны характар, ягоныя погляды.

Таксама там будзе так званы форум – думка чытачоў пра наш сайт.

Нарэшце, мы прыцягнулі некалькі дасьледчыкаў, аналітыкаў, якія пагадзіліся пісаць для нас аналітычныя матэрыялы. Гэта будуць вельмі разнастайныя матэрыялы ня толькі за, але і супраць”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Як я зразумеў, старонка павінна зьявіцца ў бліжэйшыя дні. Нагадаем яшчэ раз каардынаты старонкі для нашых слухачоў”.

(Самусевіч: ) www.vybary.org, альбо проста: vybary.org.

(Сокалаў-Воюш: ) “Гэта быў адзін са стваральнікаў новай Інтэрнэт-старонкі пра выбары Генадзь Самусевіч.

А цяпер да тэмы, зь якой мы пачалі нашую перадачу: паводле ацэнак экспэртаў Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў, на кожную тысячу жыхароў Беларусі прыпадае па 0.3 кампутары з доступам у Ітэрнэт. У параўнаньні зь іншымі эўрапэйскімі краінамі горшая сытуацыя толькі ў Альбаніі. Гэта азначае, што нестабільная Макэдонія, паваенныя Югаславія і Босьнія маюць маюць лепшую сытуацыю з Інтэрнэтам, чым стабільная – абы не было вайны – Беларусь.

У суседняй Польшчы на кожную тысячу жыхароў ёсьць 11.5 кампутараў з доступам у Інтэрнэт. У Літве – 7.5, ва Ўкраіне 1.2, а ў Расеі 3.5. На жаль, няма дадзеных па асобных расейскіх рэгіёнах, але можна прыпусьціць, што нават спляжаная вайной Чачня мае тут ня горшыя ад Беларусі паказчыкі. Чачэнскія незалежнікі і іхныя прыхільнікі актыўна ўжываюць Інтэрнэт для прапаганды сваіх ідэяў і падачы інфармацыі.

Дарэчы, нягледзячы на вайну, у Чачні ўведзены першы інфармацыйны канал для доступу ў Інтэрнэт мяцовага насельніцтва. У будынку прамаскоўскага ўраду рэспублікі ў Грозным усталяваны сэрвэр. Першыя карыстальнікі – супрацоўнікі міністэрства фінансаў, наступным падлучаць Грозьненскі Ўнівэрсытэт. Што ж да Беларускіх унівэрсытэтаў, то яны маюць доступ да Інтэрнэту, але празь вялікую дарагоўлю доступ гэты больш тэарэтычны, чым практычны.

У выніку, зазначаюць ААНаўскія экспэрты, шмат якія беларускія навукоўцы значна абмежаваныя ў магчымасьці атрымліваць усясьветную навуковую інфармацыю, а таксама браць удзел у сумесных зь іншымі краінамі дасьледчых праектах, што пагражае адкінуць разьвіцьцё беларускай навукі і тэхнікі далёка назад.

Ёсьць надзея, што прэтэндэнты на пасаду новага прэзыдэнта Беларусі ўжо ацанілі магчымасьці Інтэрнэту, але гэта тэма асобнай перадачы.

А цяпер да навінаў Інтэрнэту:

“Високий Вал” (каардынаты: http://bunker.4t.com/) так называецца чарнігаўская старонка аб’яднаньня “Щит Батьківщини”. На ёй вы можаце пазнаёміцца з артыкулам рэдактара чарнігаўскай абласной газэты “Сіверщина” Пятра Антаненкі “Да Беларусі зь любовяй. Гарачае лета Беларусі”. У прыватнасьці аўтар піша, як кіраўнік Гомельскай арганізацыі КХП Уладзімер Старчанка правёў апытаньне ў Гомельскім унівэрсытэце.

“На пытаньне пра кандыдатаў у прэзыдэнты студэнты назвалі Лукашэнку, “пяцёрку” і Пазьняка, на пытаньне, ці задавальняе людзей наяўны рэжым, ці яго трэба зьмяніць – бальшыня адказала: зьмяніць. А хто ж ёсьць сапраўдным апанэнтам Лукашэнкі? Бальшыня адказала – Пазьняк. (...) Дык у чым справа? Схадзі і прагаласуй. Але не! Дзеіць псыхалягічны стэрыатып “непраходнага” кандыдата”. (...) Таму і “непраходны”, што ты думаеш, нібыта ўсе так думаюць! Гарачае лета Беларусі. Міфы пра міфы”.

Дарэчы, пры пераезьдзе ўкраінска-беларускай мяжы аўтобус, у якім ехаў аўтар артыкулу, беларускія мытнікі пратрымалі больш як паўтары гадзіны. Адна з украінскіх пасажырак, якая везла на продаж чарэшню, нешта ня так напісала ў дэклярацыі і, піша Пётар Антаненка, “выглядае, што чарэшні пералічвалі паштучна”. Іншая везла сала больш, чым належыць. “Ці яго пераўзважвалі, ці бралі на аналіз, ці, дай Бог здароўя, каштавалі? Ніхто ні слова. Як, вядома ж, ніхто не палічыў патрэбным папрасіць прабачэньня ў дзясяткаў пасажыраў”.

З чарнігаўскай старонкі я патрапіў на нашага “Дзеда Талаша”, дзе сутыкнуўся зь яшчэ адной навіной: чат “Вэбальны фронт” – “Кіевацэнтрызам”, дзе вядзецца гарачая беларуска-украінская дыскусыя. Але пра гэта наступным разам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG