Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛКОЎНІК ПАЎЛЮЧЭНКА ЗАЙМАЕЦЦА ПАТРЫЯТЫЧНЫМ ВЫХАВАНЬНЕМ "ПРАБЛЕМНАЕ" МОЛАДЗІ


Ігар Карней, Менск

Імя палкоўніка Паўлючэнкі фігуруе ў некаторых рапартах, якія тычацца зьніклых апанэнтаў цяперашняга рэжыму. Пра Дзьмітрыя Паўлючэнку як непасрэднага выканаўцу злачынных загадаў на зьнішчэньне Захаранкі, Ганчара й Красоўскага, паведамілі шырокай грамадзкасьці былыя сьледчыя Петрушкевіч і Случак. Гэткую ж інфармацыю ўтрымлівалі і копіі рапартаў генэрала міліцыі Лапаціка, якія прадэманстраваў журналістам Уладзімер Ганчарык. Сам Паўлючэнка, правёўшы некалькі дзён у ізалятары, нягледзячы на санкцыю пракурора, быў вызвалены пасьля асабістага ўмяшаньня Лукашэнкі.

Кажуць, што менавіта арышт Паўлючэнкі стаў канцом кар'еры для кіраўнікоў Генэральнае пракуратуры й КГБ. Сам жа Паўлючэнка быў тэрмінова адноўлены ў пасадзе і нават атрымаў узнагароду ад таго ж Лукашэнкі. Менавіта тады перад тэлекамэрамі ён заявіў, што гатовы выканаць любы загад Лукашэнкі.

Ва ўчорашнім сюжэце тэлекампаніі СТВ (заснавальнікам якой ёсьць Менскі гарадзкі выканкам) Дзьмітрый Паўлючэнка быў паказаны ў новай якасьці — як настаўнік маладых. Каля сотні гэтак званых праблемных падлеткаў Першамайскага раёну сталіцы пад кіраўніцтвам Паўлючэнкі ды ягоных байцоў бліжэйшым часам будуць жыць ва ўмовах, набліжаных да баявых. У інтэрвію каналу СТВ сам Паўлючэнка распавёў, што менавіта жорсткая дысцыпліна можа мець плён у дачыненьні да тых, хто ня ладзіць з законам.

Новую ролю палкоўніка, які сам мае даволі спэцыфічныя зносіны з законам, камэнтуе Алег Волчак. Група Волчака некалькі гадоў дасьледуе акалічнасьці зьнікненьня палітычных апанэнтаў цяперашніх уладаў.

(Волчак: ) "Сама ідэя з падлеткамі добрая. Я сам у 89-м годзе арганізаваў клюб "Памяць" воінаў-інтэрнацыяналістаў. Але ў нас была ідэя, было што распавесьці моладзі й што паказаць. А якому патрыятызму будзе навучаць Паўлючэнка, і якую ідэю ён будзе агалошваць? Чарговы раз выклікае вялікае зьдзіўленьне, што людзі, на сумленьні якіх "плямы" са зьніклымі, будуць нешта тлумачыць моладзі.

Я думаю, гэта зьвязана найперш з тым, каб сябе "абяліць" пасьля таго, як ягонае прозьвішча непрыгожа "усплыло". Зараз, маўляў, будуць казаць, што ён прыстойны чалавек, займаецца зь цяжкімі падлеткамі. Але гэта чарговы прыклад крывадушша ўладаў, якія імкнуцца свайго падначаленага выратаваць: вельмі вялікі сьлед пакінуў ён у справах зьнікненьня людзей".

Гэта было меркаваньне праваабаронцы Алега Волчака.

Усе падлеткі (якія хто сам, а хто зь ініцыятывы райвыканкаму — трапілі ў элітны спэцатрад), пройдуць курс маладога байца, а таксама атрымаюць першыя ўрокі рукапашнага бою. Дзьмітрый Паўлючэнка і ягоныя падначаленыя таксама будуць займацца патрыятычным выхаваньнем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG