Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ ПЛЯНУЮЦЬ ПРАЦАВАЦЬ НА АДЗІНАГА КАНДЫДАТА


Алег Супрунюк, Берасьце

Згодна з апошнiмi дадзенымi, iнiцыятыўная група па вылучэньню Ўладзiмера Ганчарыка перадала ў тэрытарыяльныя выбарчыя камiсіi, што створаныя ў Берасьцейскай вобласьцi, больш за 26 тысячаў подпiсаў. Фактычна подпiсаў было сабрана яшчэ больш - каля 37 тысячаў, - але ня ўсе яны трапiлi ў мясцовыя выбаркамы.

У iнiцыятыўнай групе па вылучэньню Сямёна Домаша паведамiлi, што ў падтрымку гэтай кандыдатуры на Берасьцейшчыне падпiсалася 23 тысячы 801 чалавек. Актывiсты гэтай групы даволi стрымана камэнтуюць прынятае ў мiнулую сыботу рашэньне аб вылучэньнi Ўладзiмера Ганчарыка адзiным кандыдатам ад дэмакратычнай апазыцыi. На пытаньне, цi будуць прыхiльнiкi Домаша ў берасьцейскiм рэгiёне працаваць на вызначанага адзiнага кандыдата, кiраўнiк абласной iнiцыятыўнай групы Рыгор Бакiевiч адказаў, што ўся праца будзе скiраваная на дасягненьне перамогi на прэзыдэнцкiх выбарах.

У мясцовых iнiцыятыўных групах Паўла Казлоўскага ды Мiхаiла Чыгiра палiчылi бессэнсоўным паведамляць пра вынiкi кампанii па збору подпiсаў за вылучэньне гэтых кандыдатаў у Берасьцейскай вобласьцi, паколькi канчатковае рашэньне аб рэгiстрацыi прымае Цэнтрвыбаркам. Але было заўважана, што ў апошнi дзень гэтай кампанii ўзьнiкала шмат праблемаў: адказныя чыноўнiкi выканкамаў з розных прычынаў адсутнiчалi на сваiх працоўных месцах, што не дазваляла засьведчыць падпiсныя лiсты.

На падобныя факты, якiя зарэгiстраваныя ў Берасьцейскiм, Пружанскiм, Ляхавiцкiм раёнах, зьвярнулi ўвагу ў абласной iнiцыятыўнай групе Сяргея Калякiна. Кiраўнiк гэтай групы Сяргей Фяцiсаў паведамiў, што за лiдэра ПКБ у рэгiёне было сабрана 16 тысячаў 690 подпiсаў. Спадар Фяцiсаў адзначыў, што рашэньне аб вылучэньнi Ўладзiмера Ганчарыка адзiным кандыдатам успрынятае станоўча, i ягоная група будзе дапамагаць весьцi кампанiю ў падтрымку гэтага палiтыка.

А вось як адказаў на пытаньне, цi будуць iнiцыятыўныя групы ўсiх дэмакратычных кандыдатаў працаваць разам, кiраўнiк iнiцыятыўнай групы Ўладзiмера Ганчарыка на Берасьцейшчыне Анатоль Ляўковiч:

(Ляўковiч:) «Я лiчу, што гэта будзе. Бо прынятае палiтычнае рашэньне, i вызначаны зь "пяцёркi" адзiны кандыдат. Але калi нехта ўласна адмовiцца "весьцi" Ганчарыка, для нашай каманды гэта будзе не праблема. Таму што наша каманда працавала, i мы кампанiю правядзем".
XS
SM
MD
LG