Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НАВАПОЛАЦКУ НАСТРОЕНЫЯ СУПРАЦЬ ГАНЧАРЫКА


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Агулам у Наваполацку збор подпісаў за канкрэтных кандыдатаў ажыцьцяўлялі 12 ініцыятыўных групаў. Пры гэтым толькі пяці ўдалося сабраць больш за тысячу подпісаў. Пераможцам тут, як і трэба было чакаць, стаўся Аляксандар Лукашэнка. За яго падпісаліся 3315 новапалачанаў. Другі радок у Сямёна Домаша — 2187 подпісаў, ну а на трэцяй пазыцыі нечакана апынуўся Леанід Сініцын — свае аўтографы за земляка пакінулі ў падпісных лістах 1515 чалавек.

Адметнасьцю “падпісной кампаніі” сталася тое, што за адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Уладзімера Ганчарыка ў горадзе беларускіх нафтахімікаў сабрана ўсяго толькі 113 подпісаў — гэта самы горшы паказьнік.

Дарэчы сказаць, факт вылучэньня лідэра Фэдэрацыі прафсаюзаў адзіным кандыдатам ад апазыцыі ўспрыняты дэмакратычнымі сіламі Наваполацка неадназначна. Надоечы з гэтае нагоды адбылася лятучая нарада, частка ўдзельнікаў якой ухваліла згаданую кандыдатуру, назваўшы сп. Ганчарыка беларускім Каштуніцам, якога можа падтрымаць ня толькі Масква, але й здаровая частка лукашэнкавай “вэртыкалі”, іншыя ж паставіліся да такога выбару нэгатыўна.

Ну а сябры ініцыятыўнай групы, якая зьбірала подпісы за Сямёна Домаша, выступілі з адмысловай пісьмовай заявай. У заяве, за подпісам кіраўніка групы Андрэя Мацука, гаворыцца, што само вылучэньне адзінага кандыдата адбывалася келейна, без кансультацыяў з рэгіёнамі, што вылучаны кандыдат, гэтак жа як і арганізацыя, якую ён ачольвае, ня мае палітычнае вагі ды аўтарытэту, і ў такой сытуацыі група абвяшчае пра самароспуск і, адпаведна, адмаўляецца працаваць на карысьць адзінага кандыдата. Адначасова аўтары заявы заклікаюць Сямёна Домаша не сыходзіць з выбарчай дыстанцыі і працягваць барацьбу за прэзыдэнцкую пасаду.
XS
SM
MD
LG