Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК:"ДАСТАТАК У КОЖНЫ ДОМ"


Юры Сьвірко, Менск

(Ганчарык: ) “Я ня проста станоўча ацэньваю гэты ўчынак сяброў пяцёркі, а я разумею, як цяжка ім далося такое рашэньне, таму што кожны зь іх упэўнены, што ён можа ня горш выканаў бы гэтую ролю – ролю цяжкую, адказную, але інтэгруючую. Я ім кажу дзякуй за такое рашэньне. Яны кіраваліся не сваімі асабістымі інтарэсамі, а думалі – і гэта ня гучныя словы – пра будучае Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у Вас дэвіз кампаніі, лёзунг, пад якім вы пойдзеце?”

(Ганчарык: ) “Улічваючы прынятае рашэньне, мы паглядзім на гэта крыху інакш – каб узяць усё лепшае, што ёсьць у іншых. Галоўная мэта была такая: “Дастатак – у кожны дом”.

Заявіў Уладзімер Ганчарык, агульны прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў Беларусі й адзіны кандыдат ад апазыцыйнае пяцёркі.

Спадар Ганчарык, дарэчы, уваходзіць яшчэ ў склад чацьверкі прэтэндэнтаў, якія дакладна ўжо здалі больш як 100 тысячаў подпісаў у мясцовыя выбарчыя камісіі. Вось што распавёў мне а 16-й гадзіне ў сыботу, спаслаўшыся на папярэднія дадзеныя журнальнага ўліку, супрацоўнік Цэнтарвыбаркаму Аляксандар Чупракоў:

(Чупракоў: ) “Ужо відаць, што чатыры групы прайшлі 100-тысячны парог. Гэта групы Лукашэнкі, Домаша, Гайдукевіча й Ганчарыка. Гэтыя групы візуальна прайшлі, і ёсьць групы, якія знаходзяцца, можна сказаць, у памежным стане й зараз правяраюцца. Гэта Калякін, Марыніч, Калугін, ну й Чыгір, Сініцын, Казлоўск”і.

(Карэспандэнт: ) “А Ярашук, Пазьняк?”

(Чупракоў: ) “Ну, не, гэтыя пакуль не наблізіліся ўшчыльную да гэтай лічбы. Але зараз ідзе яшчэ праца паралельна са штабамі ініцыятыўных групаў, каб былі ў нас зьвесткі больш поўнымі, і ў панядзелак ужо будуць даведзеныя да ўсіх сродкаў масавае інфармацыі ўжо канчатковыя дадзеныя. Пазьняк, Ярашук папярэдне, паводле зьвесткаў журнальнага ўліку, крыху больш за 70 тысячаў, але гэта папярэдне ізноў жа”.

Я запытаў супрацоўніка Цэнтарвыбаркаму Аляксандра Чупракова, ці могуць усё ж Зянон Пазьняк і Аляксандар Ярашук набраць 100 тысячаў подпісаў пасьля ўсіх праверак у панядзелак?

(Чупракоў: ) “Ну, выключыць такую сытуацыю тэарэтычна нельга, але дакладна мы ў панядзелак будзем ведаць, таму што зараз ідзе выверка ўжо непасрэдна з подпісамі, а не з журналам,”—

сказаў спадар Чупракоў з Цэнтарвыбаркаму.

Падсумоўваючы ягонае паведмленьне, скажу, што шанец на рэгістрацыю маюць: уся апазыцыйная пяцёрка, якая сёньня вылучыла адзіным кандыдатам Уладзімера Ганчарыка, а таксама Сяргей Гайдукевіч, Міхаіл Марыніч, Леанід Калугін, Леанід Сініцын і Аляксандар Лукашэнка.

Апошнія два, відавочна, пойдуць да канца. Спадар Калугін яшчэ ў пачатку кампаніі адмовіўся сказаць мне, чаму ён вырашыў ісьці ў прэзыдэнты.

А якую пазыцыю займае Міхаіл Марыніч?

(Карэспандэнт: ) “Вырашана, што будзе Ганчарык ад пяцёркі. Як Вы да гэтага ставіцеся?”

(Марыніч: ) “Станоўча. Любы зь пяцёркі – для мяне харошы партнэр”.

(Карэспандэнт: ) “Вы можаце зьняць сваю кандыдатуру пры пэўных умовах на карысьць Ганчарыка?”

(Марыніч: ) “Гэта будзе ўзгоднена, калі пачнецца сапраўдны працэс сустрэчы з калектывамі, агітацыя і г.д.”

(Карэспандэнт: ) “У Вас няма праблемы з подпісамі?”

(Марыніч: ) “Няма”.

(Карэспандэнт: ) “Вы здалі сто тысячаў?”

(Марыніч: ) “Так, мы прайшлі гэтую мяжу,” –

паведаміў сп.Марыніч, амбасадар Беларусі ў Латвіі. Сяргея Гайдукевіча і Леаніда Сініцына, каб узяць у іх камэнтар да абвешчаньня Ўладзімера Ганчарыка адзіным кандыдатам ад пяцёркі, сёньня мне знайсьці не ўдалося.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG