Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 ПРЭТЭНДЭНТАЎ НА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА ЗАЯВІЛІ, ШТО САБРАЛІ ПА СТО ТЫСЯЧАЎ ПОДПІСАЎ


Юры Сьвірко, Менск

На сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэсавым цэнтры старшыня ЦВК Расеі Аляксандар Вешнякоў паведаміў, што 24 ліпеня будзе весьці ў Варшаве перамовы з дырэктарам Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ спадаром Штудэманам наконт супольнага назіраньня за беларускімі выбарамі.

Паводле спадара Вешнякова, не пазьней за пачатак жніўня будзе прынятае рашэньне пра пачатак доўгатэрміновага назіраньня па лініі АБСЭ. "Мы зацікаўленыя ў гэтым супрацоўніцтве, якое дазволіць атрымаць аб'ектыўныя ацэнкі", -- зазначыў Аляксандар Вешнякоў, які выказаў таксама гатоўнасьць супрацоўнічаць зь беларускімі унутранымі назіральнікамі ды няўрадавымі арганізацыямі.

Старшыня расейскага Цэнтарвыбаркаму асудзіў кіраўніка кампаніі "Слаўнафта" за публічную падтрымку Аляксандра Лукашэнкі 5-цю мільёнамі даляраў на паліва для сялян, а таксама рэклямны ролік Беларускага тэлебачаньня пра фэст "Славянскі база", дзе паказваюць разам Аляксандра Лукашэнку, Уладзімера Пуціна й Леаніда Кучму.

(Вешнякоў: ) "Вось тут ужо прысутнічае прадмет для сур'ёзнага аналізу й мабыць адпаведнага ўмяшальніцтва, можа быць, выбарчага органу, які сочыць за забесьпячэньнем роўных умоваў для кандыдатаў, у тым ліку правядзеньня перадвыбарчае агітацыі", -- заявіў Аляксандар Вешнякоў.

А старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла, што сёньня Цэнтарвыбаркам атрымаў яшчэ дзьве заявы пра адмову ад далейшай барацьбы -- іх напісалі Сяргей Антончык, які ўчора зьняў сваю кандыдатуру на карысьць Міхаіла Марыніча, і Валеры Леванеўскі, гарадзенскі прадпрымальнік.

А вось актор Яўген Крыжаноўскі, які далучыўся да каманды Леаніда Сініцына, падобнае заявы яшчэ не напісаў і нават браў удзел у сёньняшніх сустрэчах з дэлегацыяй замежных арганізатараў выбараў як усё яшчэ прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта.

Далей спадарыня Ярмошына абнародвала тыя зьвесткі пра колькасьць здадзеных у мясцовыя выбаркамы подпісаў, што меліся на сярэдзіну дня пятніцы. Ініцыятыўная група Сяргея Гайдукевіча здала амаль 96 тысячаў подпісаў, Сямёна Домаша 95 тысячаў, Леаніда Калугіна -- 77 тысячаў, і спадарыня Ярмошына заявіла, што гэта сапраўдная сэнсацыя, бо дырэктар заводу лядоўняў "Атлянт" мае групу колькасьцю ўсяго 135 чалавек.

Далей ідуць Уладзімер Ганчарык -- 66 тысячаў здадзеных подпісаў, Леанід Сініцын -- 59 тысячаў, Павал Казлоўскі -- 42 тысячы. Наступная група прэтэндэнтаў паводле колькасьці здадзеных да абеду пятніцы подпісаў -- гэта Міхаіл Марыніч з 33-ма тысячамі, Сяргей Калякін з 31-й тысячай, Зянон Пазьняк з амаль 30 тысячамі ды Аляксандар Ярашук з 20-цю тысячамі подпісаў.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму зусім забылася пералічыць Аляксандра Лукашэнку, але потым, спахапіўшыся, сказала, што ён тры дні назад здаў больш як 200 тысячаў подпісаў. І яшчэ адна цікавая заява Лідзіі Ярмошынай:

(Ярмошына: ) "Група Чыгіра -- 19 тысячаў. Такое адчуваньне, што Міхаіл Мікалаевіч хоча бразнуць дзьвярыма таксама, як і астатнія. Таму што сёньня чамусьці толькі ад ягонае групы надыходзяць тэлефанаваньні пра тое, што старшыні выканкамаў, зацьверджваючы подпісы, аркушы забіраюць. Чамусьці толькі ў аднаго Чыгіра яны зьнікаюць у невядомым напрамку. Проста я вас рыхтую да чарговай сэнсацыі, якая паступіць".

Гэтую заяву Лідзіі Ярмошынай на маю просьбу пракамэнтавала Юлія Чыгір:

(Чыгір: ) "Усё, што яна гаворыць, гэта глупства. Гэта хацелася б, мабыць, Ярмошынай, каб мы грукнулі дзьвярыма. Мы гэтага ня будзем рабіць, калі яна сама нас не папросіць.
Па-другое, я думаю, што гэтая яе заява ўзьнікла ў сувязі з наступнай сытуацыяй".

Спадарыня Чыгір распавяла, што непаразуменьне адбылося ў Цэнтральным раёне Менску, дзе адной са зьбіральніц подпісаў сказалі, што трэба здаваць аркушы хутчэй, бо будзе позна. Аднак жонка Міхаіла Чыгіра адзначыла:

(Чыгір: ) "Адзін выпадак. І больш ніякіх такіх выпадкаў не было. І не зьбіраемся мы абвінавачваць камісію ў тым, што нешта зьнікае".

З тых прэтэндэнтаў, якія ўжо здалі больш за тысячу подпісаў, засталіся яшчэ Віктар Цярэшчанка (16 тысячаў) і Юры Данькоў (4 з паловай тысячы). Абодва яны сьцьвярджаюць, што іхнія групы сабралі патрэбны для рэгістрацыі кандыдатам мінімум подпісаў. А вось усе астатнія на абед пятніцы перадалі мясцовым камісіям усяго па некалькі соцень подпісаў.
Такім чынам, папярэдне можна сказаць, што тых, хто абвесьціў сябе стотысячнікам і можа пайсьці на рэгістрацыю, -- 14.

Нагадаю, месяц таму было 22 ініцыятыўныя групы. Натальля Машэрава першай адмовілася ад удзелу ў выбарчай гонцы, а потым тое самае зрабілі спадары Мякека, Антончык, Леванеўскі, а таксама Крыжаноўскі.
Усяго адмоўнікаў пакуль 5. Застаюцца яшчэ тры прэтэндэнты -- Канстанцін Канановіч, Валянцін Сямак і Сяргей Скрабец, ад якіх пакуль нічога не чуваць.
XS
SM
MD
LG