Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗУБРЫ”: ШАНЦАЎ ПЕРАМАГЧЫ Ў ДЫКТАТАРА НЯМА!


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Незарэгістраваны рух выпускае сваю газэту без сыходных дадзеных, таму распаўсюднікі рызыкавалі патрапіць у пастарункі, што, дарэчы, і адбылося ў Барысаве ўчора і сёньня ў Крупках.

Там і там былі арыштаваныя 4 чалавекі. Паколькі ўсе затрыманыя былі маладзейшыя за 18 гадоў, міліцыянты рэшту газэтаў канфіскавалі, а на юнакоў і дзяўчатаў склалі пратаколы пра затрыманьні. Іх да канца месяцу разгледзяць камісіі справаў непаўнагадовых у Крупках і Барысаве.

Сёньня ж увечары “Зубры” ў Барысаве, апранутыя ў адмысловыя майкі з надпісамі “Час выбіраць!”, “Скажам дурню – не!” бесперашкодна прайшлі калёнай па ходніках цэнтральнага праспэкту Рэвалюцыі. Затым яны перасеклі чыгунку і спусьціліся да берага Беразіны. Пад час шэсьця “Зубры” раздалі блізу 2-х тысячаў паасобнікаў спэцвыпуску газэты мінакам, пасажырам на чыгуначным вакзале, а таксама тым, хто адпачываў на цэнтральным пляжы Барысаву.

Тут, між іншым, адзін з “зуброў” хуценька насунуў на твар вусатую маску і стаў на лыжы. Пад рогат барысаўцаў “лыжнік” пабег па пляжным пяску. Але тут нечакана ў руках хлопцаў і дзяўчат у руках зьявіліся гнілыя памідоры, які паляцелі ў “спартоўца”.

Урэшце барысаўцы і госьці гораду загналі “лыжніка” ў рэчку, лыжы паламалі, маску падралі.

Ці закранулі арганізатары акцыі чыйсьці гонар і годнасьць? На маё пытаньне адказвае барысаўскі прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Зьміцер Бародка:

(Бародка: ) “Арганізатары пэрфомэнсу весяліліся, забаўляліся, нікога не абражалі. Калі народ сьмяецца – гэта нармалёва”.

Акцыя прайшла без затрыманьняў.
XS
SM
MD
LG