Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСПЭРТЫЗА СВАБОДЫ. ПЕРШЫ ЭТАП ПРЭЗЫДЭНЦКАЙ КАМПАНІІ – ЛЮДЗІ ПАЗБАЎЛЯЮЦЦА ЎЛАСНАГА СТРАХУ


Вядучы: Віталь Цыганкоў

(Цыганкоў: ) "Сёньня патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты здаюць свае подпісы ў выбарчыя камісіі. Пасьля гэтага пачнецца праверка сапраўднасьці подпісаў, і з 5 жніўня - афіцыйная рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты.

Першае пытаньне ўдзельнікам нашай размовы - якія ўражаньні ад кампаніі? Ці процістаяла ўлада зборшчыкам подпісаў рэальна ці, хутчэй, неяк па інэрцыі? Што паказаў збор подпісаў, які настрой людзей?"

(Палевікова: ) "На самым першым этапе - фармаваньне ініцыятыўных групаў - я бачыла, што многія людзі павінны былі пераадолець нейкі страх. Сёньня магу сказаць, што многія гэта зрабілі - гэта вельмі прыемна".

(Цыганкоў: ) "Можна назваць гэта першым вынікам кампаніі…"

(Палявікова: ) "Так. Людзі актыўна ўключыліся, і гэта быў ня толькі збор подпісаў, гэта было пераадоленьне сабе, і адказ на многія пытаньні, і агітацыя свайго кшталту. Мы знайшлі многа новых валанцёраў, якія будуць працаваць на далейшых этапах, і, галоўнае, - на этапе кантролю".

(Цыганкоў: ) "Сяргей, хада выбарчай кампаніі ў правінцыі, безумоўна, адрозьніваецца ад сталічнай (хаця Горадню, вядома ж, нельга назваць тыповай правінцыяй). У сталіцы больш праваабарончых арганізацыяў, журналістаў, у тым ліку расейскіх, замежных, - больш увагі палітычным працэсам. Ці адбылося і ў правінцыі тое самае пераадоленьне страху, пра якое гаварыла спадарыня Палевікова, ці там удавалася людзям процістаяць намаганьням улады спыняць палітычную актыўнасьць?"

(Астраўцоў: ) "Перш за ўсё, у мяне стварылася такое ўражаньне, што большасьць кандыдатаў займалася зборам подпісаў менавіта ў сталіцы. Зруземела, там насельніцтва амаль два мільёны, і ня так лёгка знайсьці людзей у правінцыі, стварыць нейкія структуры - прасьцей займацца гэтым у сталіцы.

У гэтым сэнсе вылучаўся Сямён Домаш, менавіта ў яго найбольш людзей працавала ў вобласьці. І калі гаварыць пра ціск уладаў, найбольш фактаў дае група Домаша. Аднак не было такіх прыкладаў, каб хапалі людзей за рукі, перашкаджалі зьбіраць подпісы. Улады, канечне, супраціўляліся, але часьцей неяк маўкліва. Ёсьць, канечне, прыклады, калі ў Слоніме намесьнік старшыні райвыканкаму тэлефанаваў дырэктарам вясковых школаў, якія запісаліся ў групу Сямёна Домаша, пагражалі ім, і некаторыя адмаўляліся.

Але ў асноўным улады займалася іншым - а менавіта зборам подпісаў за Лукашэнку. Я думаю, калі будзе далей разбор, то будуць глядзець - чаму ў Віцебскай вобласьці, напрыклад, улады, забясьпечылі столькі подпісаў, а ў Гарадзенскай на 5 тысячаў менш".

(Цыганкоў: ) "Сяргей гаварыў пра тое, што на Гарадзеншчыне найбольшай актыўнасьцю вылучалася група Сямёна Домаша. Гэта лёгка патлумачыць, гэта ягоная родная вобласьць. Але, магчыма, спадарыня Палевікова можа запярэчыць таму тэзісу, што кандыдаты амаль забыліся на правінцыю, надавалі ёй менш увагі, чым сталіцы. Так гэта ці не, і калі так, то чаму гэта адбылося?"

(Палевікова: ) "Тактыка можа быць рознай у розных камандах. Мы ў свой плян уключылі ўсе абласныя цэнтры. Але так склалася каманда, што ў нас ёсьць патрымка ў Брэсцкай, Магілеўскай і Віцебскай абласьцях. І трошкі слабей на Гомельшчыне і Гарадзеншчыне. Так што тут Сяргей мае рацыю".

(Цыганкоў: ) "Варта параўнаць лічбы сабраных подпісаў у гэтай кампаніі і досьвед першых прэзыдэнцкіх выбараў у 1994-ым годзе. Тады кандыдаты сабралі значна больш подпісаў. Напрыклад, Зянон Пазьняк - 216 тысячаў, Васіль Новікаў -183, Аляксандар Лукашэнка – 156 тысячаў, Станіслаў Шушкевіч - 123. І гэта толькі тыя, якія былі прызнаныя сапраўднымі. Бачам, што зараз лічбы трошкі меншыя.

Відаць, палітычных актывістаў ня стала за гэтыя гады нашмат болей. І яны падзяліліся паміж большай, чым тады, колькасьцю камандаў кандыдатаў. Бо зараз ужо 11 чалавек заявілі, што сабралі подпісы - у 1994 годзе подпісы сабралі толькі 6 чалавек.

Ну, і па-другое, зьмяніліся правілы правядзеньня кампаніі. Можа, яшчэ ня ўсе ведаюць правіла, паводле якога калі звыш 15% подпісаў прызнаюцца несапраўднымі, прызначаецца яшчэ адна праверка. І калі зноў звыш 15% няслушныя, то тады ўсе подпісы на гэтым участку, раёне, горадзе не ўлічваюцца. Напэўна, менавіта таму ўсе кандыдаты імкнуцца больш асьцярожна, абачліва ставіцца да колькасьці подпісаў. Сападырня Палевікова, я ведаю, што Ўладзімер Ганчарык, паводле дадзеных ягонага штабу, сабраў ужо 190 тысячаў подпісаў. А колькі вы зьбіраецеся здаць у Цэнтарвыбаркам?"

(Палевікова: ) "Мы даўно заявілі, што зьбіраемся здаваць 120 тысячаў і не болей. Гэта нашая тактыка. Мы даўно палічылі, колькі застанецца, калі будзе несапраўдных 15%, і гэтай далей. У нас у любым выпадку застаецца 100 тысячаў подпісаў. Даваць шанцы ўладам, каб даваць тыя ж 190 тысячаў, якія мы мелі ўжо ўчора, мы лічым, няма падставаў, каб яны яшчэ больш знаходзілі ў нас памылак. Мы ведаем, што ў нас будзе звыш 200 тысчаў подпісаў, але гэта наш рэзерв на наступных этапах кампаніі".

(Цыганкоў: ) "У правінцыі збор подпісаў неяк павялічыў колькасьць палітычна актыўнасьць людзей? Зьбіралі тыя ж самыя людзі, якія даўно ў палітыцы, ці, паводле вашых назіраньняў, у штабах кандадатаў зьявіліся новыя твары?"

(Астраўцоў: ) "Такі вынік, безумоўна, ёсьць. І тут зноў нельга не сказаць пра Сямёна Домаша. Калі іншым кандыдатам даводзілася прыяжджаць у Горадню і шукаць тут валанцёраў, то Домаш такія структуры ўжо меў. Ён даўней стварыў у горадзе каардынацыйны камітэт "Гарадзенская ініцыятыва", у якім аб'ядналіся звыш як 30 рэгіянальных прадстаўнікаў партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.

Потым гэта было зроблена на ўзроўні вобласьці, а потым была створаная "Рэгіянальная Беларусь". Ня трэба было шукаць людзей, якія хочуць яго падтрымаць, хочуць мець іншага дэмакратычнага прэзыдэнта. Таму ў яго задача была гэтым спрошчана".

(Цыганкоў: ) “Хаця прагнозы - справа неўдзячная, я прапаную Вам, спадарыня Палявікова, рызыкнуць, і даць прагноз на тое, колькі Цэнтарвыбаркам зарэгіструе кандыдатаў. Якую стратэгію выбярэ ўлада - рэгістраваць як мага больш ці як мага больш адсейваць?"

(Палявікова: ) "Па-мойму, тактыка Цэнтарвыбаркаму - зарэгістраваць чым болей кандыдатаў. Чым больш будуць удзельнічаць ад Пазьняка да камуністаў - гэта канкурэнты адзінаму кандыдату. І гэта на карысьць таму сцэнару, які задумала ўлада".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG