Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАР ЗША Ў АБСЭ ДЭВІД ДЖОНСАН: КАЛІ БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ НЯ ВЫКАНАЮЦЬ ПРАЦЭДУРЫ ЗАПРАШЭНЬНЯ НАЗІРАЛЬНІКАЎ, ВЫБАРЫ НІХТО НЕ ПРЫЗНАЕ


Максім Лукашэвіч, Прага

Учора спадар Джонсан выступіў перад Пастаянным камітэтам ПА АБСЭ з пытаньнем, калі беларускія ўлады запросяць АБСЭ назіраць за выбарамі прэзыдэнта. Выбары – у верасьні, а Бюро дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека, які мае вырашыць пытаньне назіральніцтва за выбарамі, дагэтуль не запрошанае.

У Польшчы, дзе выбары адбудуцца ў сьнежні, БДІПЧ ужо запрошаны. Мы папрасілі Дэвіда Джонсана расказаць пра свой выступ:

(Джонсан: ) “Я і шэраг маіх калегаў, у прыватнасьці, мы маем моцную падтрымку Эўрапейскага зьвязу, Канады і Нарвэгіі, малілі беларускага прадстаўніка, каб ён перадаў свайму ўраду патрэбу выканаць абяцаньне, дадзенае ўсім нам, а таксама і грамадзянам Беларусі, - запрасіць назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары. Гэтае патрабаваньне зафіксавана ў капэнгагскім дакумэнце, які быў абмеркаваны яшчэ ў 1990 годзе. Яно абавязвае ўсе краіны-члены АБСЭ запрашаць Бюро дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека, каб яно вырашыла, ці павінна быць дасланая місія назіральнікаў на выбары ў дадзеную краіну. Гэтае рашэньне Бюро робіць на падставе таго, ці такое назіральніцтва спрыяе празрыстасьці і справядлівасьці выбараў. Відавочна, што Бюро лічыць, што міжнароднае назіраньне маючых адбыцца выбараў, а таксама і ўнутранае, - вельмі паспрыяюць адкрытасьці гэтых выбараў, якая так патрэбная. Празрыстасьць патрэбная, каб выбары былі прызнаныя легітымнымі”.

(Карэспандэнт: ) “Мы ўдакладнілі ў Дэвіда Джонсана, запрашэньне чакаецца не на адрас назіральнікаў, а Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, якое павінна вырашыць, ці варта назіральнікаў дасылаць?”

(Джонсан: ) “Гэта так. У гэтым сутнасьць капэнгагскіх абавязацельстваў – запрасіць гэтаю Бюро, а тады яно вырашыць, ці мэтазгодна пасылаць назіральнікаў. Думаю, існуе вялікая верагоднасьць, што Бюро, якое базуецца ў Варшаве, выступіць са станоўчым рашэньнем – пасылаць назіральнікаў. І Злучаныя Штаты Амэрыкі сярод іншых гатовыя назіраць за выбарамі пад эгідай Бюро”.

(Карэспандэнт: ) “Учора спікер “палаты прадстаўнікоў” Папоў заявіў, што “некаторыя хочуць нас падштурхнуць даслаць запросіны раней, як мы атрымалі іхную згоду прыехаць. А так ня робіцца”. Камэнтуе амбасадар ЗША ў АБСЭ Дэвід Джонсан:

(Джонсан: ) “Патрабаваньне, зь якім усе мы пагадзіліся ў капэнгагенскім дакумэнце, - гэта, каб краіна запрашала назіраць. У прыватнасьці, найперш запрасіць Бюро дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека. Гэта – працэдура запрашэньня АБСЭ назіраць. Таму мы чакаем запрашэньня. Дырэктар офісу Бюро ў Варшаве азадачаны сытуацыяй і зрабіў зразумелым беларускім уладам, што ён патрабуе запросінаў зараз. Для таго, каб плянаваць эфэктыўнае назіральніцтва. Інакш для ўладаў Беларусі будзе сумная сытуацыя, бо тады яны правядуць такія выбары, якія ніхто ня будзе разглядаць як легітымныя. Яны ўпусьцяць вельмі важную магчымасьць спыніць ізаляцыю, у якой дзякуючы сабе і апынуліся”.

(Карэспандэнт: ) “Мы запыталіся ў спадара Джонсана, ці не паўставала ўчора ў ПА АБСЭ пытаньне “эскадрону сьмерці” ў Беларусі і зьніклых?”

(Джонсан: ) “Пра гэта гаворыцца ўжо тыдні, ня толькі ўчора. Учора я перад Пастаянным камітэтам зачытаў заяву Дзярждэпартамэнту ЗША, зробленую напярэдадні. Я зноў зьвярнуў увагу камітэту на нашу заклапочанасьць тым, што дагэтуль у Беларусі няма адкрытага расьсьледаваньня, каб даведацца, што сталася з гэтымі людзьмі. Я паведаміў пра наш страх, што ў цэнтры Эўропы, у 21 стагодзьдзі, адбываюцца такія падзеі і паводзіны ўладаў”.
XS
SM
MD
LG