Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ.


Юрась Барысевіч, Менск

Мэтай акцыі быў сынтэз беларускай мовы і экспэрымэнтальнай электроннай музыкі. Усе паэты, што выступілі ў "Танэлі" (а сярод іх былі Андрэй Хадановіч, Ільля Сін, Віктар Жыбуль, Зьміцер Вішнёў), прапанавалі кожны свой спосаб беларусізацыі дыскатэчнай культуры. У акцыі браў удзел вядомы культуроляг Валянцін Акудовіч.

Мэмарыяльная дошка ў гонар скульптара Анатоля Анікейчыка будзе цяпер аздабляць дом, дзе ён пражыў свае апошнія 15 гадоў. За сваю творчую кар’еру Анікейчык увасобіў у камяні постаці многіх рэвалюцыянэраў, у тым ліку Чэ Гевары, але цэнтральнае месца ў ёй займаў вобраз Янкі Купалы. Гэта Анікейчык стварыў помнікі песьняру на Вайсковых могілках і ў Купалаўскім сквэры, а таксама ў Араў-парку ў Нью-Ёрку.

У выстаўным комплексе "На ростанях" праходзіць выстава двух варыянтаў праекту Музэю сучаснага мастацтва, што мае паўстаць на месцы цяперашняга кінатэатру "Беларусь". Будынак будзе велізарны — паводле плошчы ў 7 разоў большы за кінатэатар. У навакольным сквэры плянуецца зрабіць сад скульптураў пад адкрытым небам. Аўтары праекту чакаюць заўвагаў і прапановаў ад жыхароў сталіцы.

Студыя "Bulba records" выпусьціла першы сольны альбом Валіка Грышко, лідэра рок-гурту "Беларускі клімат". Тэксты песень напісаныя на арыгінальнай трасянцы зь беларускіх, ангельскіх, італьянскіх і расейскіх словаў. Здымак аўтара на вокладцы кампакт-дыску парадыруе клясычны помнік Леніну з працягнутай у будучыню рукой.

Сёлета ў Менску на рагу вуліцаў Татарскай і Грыбаедава пачнецца адбудова мячэту. Сьвятыня для вызнаўцаў ісламу паўстане паводле архіўных красьлюнкаў старога мячэту, зруйнаванага менскімі ўладамі ў 60-х гадах. Грошы на будаўніцтва (больш за мільён даляраў) абяцае даслаць дабрачынная фундацыя з Саудаўскай Арабіі.

У Доме дружбы адчынілася выстава натурмортаў і краявідаў фотамастака Алега Яравенкі. Аўтар выставы — былы бізнэсовец, які знайшоў паратунак для душы ў мастацтве, калі разарылася ягоная фірма. Той псыхалягічны крызыс яшчэ адчуваецца ў сюжэтах твораў Якавенкі: пераважаюць бітыя бутэлькі і яйкі, парэзаныя яблыкі, шчарбатыя сьцены старых дамоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG