Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЁЗУНГ ПІКЕТУ Ў ПІНСКУ: БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ БЕЗ ЛУКАШЭНКІ!


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

"Сем гадоў ва ўладзе — семсот бед у народу", "Беларусь у Эўропу без Лукашэнкі", "Дыктатуры — не, уладзе народу — так" — такія плякаты трымалі ўдзельнікі пікету, які распачаўся сёньня а чацьвертай гадзіне на скрыжаваньні вуліц Пушкіна і Савецкай.

Арганізатары пікету — старшыня пінскай філіі Беларускага Народнага Фронту Алесь Моргаль і сябар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Сяргей Касьцюковіч — прымеркавалі сваю акцыю да сёмых угодкаў уступленьня Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Гаворыць Алесь Моргаль:

(Моргаль: ) "Гэты дзень — нагода зьвярнуць увагу пінчукоў на тое, што ўсё трэба мяняць, бо за сем гадоў жыцьцё наша значна пагоршылася. Мы таксама хочам прыцягнуць увагу да маючых адбыцца выбараў ды заклікаць прыйсьці на выбары ды прагаласаваць".

Цікава, што амаль усе мінакі пра сёньняшнія ўгодкі даведваліся менавіта ад удзельнікаў пікету. А некаторыя людзі сталага ўзросту гучна падтрымлівалі пікетоўцаў.

(Мінак: ) "Я чакаю свабоды! Ня трэба мне прыгнёту прэзыдэнта! Ён маркі забраў!"

Варта адзначыць, што акцыя адбылася у адным зь месцаў, якія выканкам яшчэ ў 1997-м годзе сваім рашэньнем вызначыў дзеля пікетаваньняў. Мясцовыя апазыцыянэры называюць іх "рэзэрвацыямі", бо там зусім ня людна.

З гэтай нагоды незадоўга да пікету некалькі жыхароў гораду зьвярнуліся ў выканкам з прапановай дадаць да вызначаных месцаў некалькі больш людных, прыкладам — плошчу Кірава і месца каля Цэнтральнай бібліятэкі, якія ёсьць больш прымальнымі дзеля выказваньня сваіх перакананьняў празь пікеты. Днямі яны атрымалі адказ ад намесьніка старшыні гарвыканкаму Ўладзімера Федаровіча, у якім гаворыцца, што на думку пінскай вэртыкалі "мяняць пералік месцаў дзеля пікетаваньня нямэтазгодна".

XS
SM
MD
LG