Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫГОДЫ ГЛЯБАЛІЗАЦЫІ


Валерыя Красоўская, Прага

Амартыя Сэн кажа, што сёньня сьвет непараўнальна багацейшы, чым калісьці. Тым ня менш, мы жывем у часы надзвычайных нягод і ашаламляльнай няроўнасьці. Трэба мець на ўвазе гэты кантраст, гледзячы на распаўсюджаны скептыцызм наконт глябальнага эканамічнага парадку ды на талерантнасьць сусьветнай грамадскасьці ў адносінах да так званых антыглябаліязацыйных пратэстаў, часта лютых, разьюшаных, нярэдка гвалтоўных.

Антыглябалізацыйныя пратэсты – не пратэсты супраць глябалізацыі. Яны зь цяжкасьцю могуць лічыцца антыглябалізацыйнымі, паколькі, у сутнасьці, зьяўляюцца самымі глябальным падзеямі ў сучасным сьвеце.

Антыглябалізацыйныя пратэсты самі па сабе ёсьць часткай агульнага працэсу глябалізацыі, працэсу, ад якога няма сэнсу бегчы – і нават няма вялікага сэнсу ў самім імкненьні уцякаць. Удзельнікі пратэстаў з Сіэтлу, Мэльбурну, Прагі, Квэбэку – ня йстотна, адкуль, – не мясцовыя немаўляткі, а дарослыя мужчыны ды жанчыны з усяго сьвету, якія сваім удзелам ў адпаведных падзеях выказваюць усеагульнае незадавальненьне.

Глябалізацыя – ня глупства – сьцьвярджае аўтар артыкулу. Глябалізацыя ўзбагаціла культурны ды навуковы сьвет, прынесла многім людзям эканамічную карысьць. Больш тысячагодзьдзя з разьвіцьцём турызму і гандлю, ростам міграцыі, распаўсюджаньнем культурных уплываў, пашырэньнем ведаў і ростам узаемаразуменьня адбывалася яе сталеньне.

Распаўсюджаная галеча ды бязрадасныя, жабрацкія, кароткія жыцьці, панавалі ў сьвеце няшмат стагодзьдзяў таму, толькі дзе-нідзе пакідаючы аазісы багацьця. Сучасныя тэхналёгіі разам з міжнароднымі эканамічнымі сувязямі зрабілі вялікі ўнёсак у паляпшэньне гэтага цяжкага становішча.

Суцэльную беднасьць немагчыма пераадолець, калі не дапускаць жабрацкія краіны да сучасных тэхналёгіяў, прывелеяў міжнароднага гандлю і ўзаемаабмену, а таксама да сацыяльных і эканамічных выгодаў, якія дае жыцьцё ў адкрытым грамадзтве.

Пытаньне ў тым, ці разьмеркаваньне вынікаў глябалізацыі справядлівае. Існуюць шмат альтэрнатыўных рашэньняў разьмеркаваньня вынікаў каапэрацыі. Усе гэтыя рашэньньні прыносяць тую ці іншую карысьць уцягнутым бакам.

Нязгода удзельнічаць у каапэрацыі не прыносіць нічога. Калі і існуе неабходнасьць задаць пытаньне, дык гэтае пытаньне павінна быць аб тым, ці разьмяркаваньне вынікаў супрацоўніцтва сумленнае ды прыймальнае, а не аб тым, ці існуюць увогуле выгоды для кожнага з бакоў.

Выкарыстаньне рынкавай эканомікі можа прывесьці да розных вынікаў. Пытаньне “Ці прымаць рынкавую форму эканомікі?” не павінна ставіцца ўвогуле. Немагчыма мець разьвітую эканоміку, калі не эксплюатаваць яе экстэнсыўна.

Але прыняцьцё гэтага тэзісу замест заканчэньня дыскусіі, хутчэй, толькі пачынае яе. Вынікі рынкавай эканомікі залежаць ад таго, як разьмяркоўваюцца ды выкарыстоўваюцца матэрыяльныя ды працоўныя рэзэрвы, якімі нормамі і правіламі карыстуюцца ўдзельнікі працэсу і гэтак далей. Ва ўсіх гэтых накірунках дзяржава ды грамадзтва граюць ролі, значныя ня толькі ў межах адной краіны, але і ўсяго сьвету.

Трэба адзначыць, што рынак – толькі адзін са шматлікіх інстытутаў. Акрамя патрэбы ў сацыяльнай палітыцы, накіраванай на абарону бедных (зьвязана з першапачатковай адукацыяй, абаронай здароўя, забяспячэньнем занятасьці, зямельнымі рэформамі, абаронай грамадзянаў на дзяржаўным узроўні, упаўнаважаньнем жанчынаў і іншым), разьмеркаваньне выгодаў міжнароднага супрацоўніцтва залежыць таксама ад рознастайных глябальных пагадненьняў.

Патрэбныя зьмены і ў палітчынай, і ў інстытуцыйнай сыстэме. Наяўныя міжнародныя інстытуты тым ці іншым чынам спрабуюць прыстасавацца да зьменьлівай сытуацыі. Усясьветны Банк пад уладай Джэймса Вольфэнсана ўжо перагледзеў свае прыярытэты. Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў – не апошняя ў тым заслуга Кофі Анана – прэтэндуе зараз на больш значную ролю, нягледзячы на абмежаваныя фінансавыя рэсурсы.

Але патрэбна больш пераменаў. Моцныя структуры, якія знаходзяцца ў аснове інстытуцыйнай герархіі, неабходна перагледзець з улікам новай палітычнай рэчаіснасьці, - упэўнены Амартыя Сэн.






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG