Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛІ «ПЯЦЁРКА» НЯ ВЫЗНАЧЫЦЦА З АДЗІНЫМ КАНДЫДАТАМ, ГЭТА ЗРОБІЦЬ СТВОРАНАЯ КАЛЕГІЯ ВЫБАРШЧЫКАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік у часе сустрэчы групы міжнародных назіральнікаў з прэтэндэнтамі на прэзыдэнта. Некаторыя прэтэндэнты гавораць, што ўлады наўмысна перашкаджаюць здаваць падпісныя лісты.

У штабе Міхаіла Чыгіра, за якога сабрана каля 120 тысячаў подпісаў, паведамілі, што ў адной зь менскіх выбарчых камісіяў актывістам адмовіліся даваць даведку, колькі яны здалі подпісаў. Падобныя выпадкі фіксуюцца і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Гаворыць прэтэндэнт Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) “Праблемы ёсьць, і мы гаварылі на гэтай сустрэчы аб тым на месцах ідзе тармажэньне гэтага працэсу з боку выканкамаў, сельскіх саветаў і гэтак далей. Аб гэтым заяўлялі практычна ўсе тыя магчымыя кандыдаты, якія былі на сустрэчы. Улада любым шляхам хоча, каб людзі сёньня, нашыя ініцыятыўныя групы не змаглі здаць гэтых подпісаў. Галоўнае сёньня – пасьпець гэтыя подпісы здаць”.

З Паўла Казлоўскага сабрана звыш 100 тысячаў подпісаў.

Прэсавы сакратар Цэнтарвыбаркаму Валеры Юрэвіч не выключае, што недзе ў рэгіёнах перад выбарчымі камісіямі могуць паўставаць гэтак званыя праблемы тэхнічнага характару, але ўсе сабраныя подпісы, маўляў, будуць прынятыя. На сёньняшняй сустрэчы зь міжнароднымі назіральнікамі Золтанам Тоттам з Вугоршчыны, Аляксандрам Вешняковым, старшынём Цэнтарвыбаркаму Расеі ды іншымі прысутнічала большасьць прэтэндэнтаў. Толькі Аляксандра Лукашэнку і Зянона Пазьняка прадстаўлялі кіраўнікі іхных штабоў – Мікалай Чаргінец і Сяргей Папкоў.

Многія прэтэндэнты казалі пра тое, як улады запалохвалі зборшчыкаў подпісаў, пра 20-ты дэкрэт Лукашэнкі, супярэчны Канстытуцыі, пра тое, што ніводзін прадстаўнік дэмакратычных сілаў не трапіў у склад выбарчых камісіяў, пра многае іншае.

Міхаіл Чыгіра, напрыклад, прасіў даслаць у Беларусь камісію Інтэрполу, каб тая дала заключэньне пра крымінальную справу яго сына. Мікалай Чаргінец запэўніваў назіральнікаў, што ніякіх парушэньняў у часе выбарчай кампаніі ўлады не дапускаюць. І выбары пройдуць дэмакратычна.

Назіральнікі абяцалі, што будуць пільна вывучаць усе прэтэнзіі з боку прэтэндэнтаў. Гаворыць удзельнік сустрэчы Міхаіл Чыгір:

(Чыгір: ) “Прадстаўнікі міжнародных наглядальнікаў заверылі, што яны будуць прымаць усе захады, каб выбары былі дэмакратычнымі. Ну, будзем спадзявацца, што, можа, якія зрухі і будуць, а, можа, насамрэч у нас будуць дэмакратычныя выбары”.

А вось якое ўражаньне ад сустрэчы ў іншага прэтэндэнта – Сямёна Домаша.

(Домаш: ) “Нармальная сустрэча рабочая. Я думаю, для іх карысная, для нас карысная. Для нас карысна тое, што сур’ёзная гэтая арганізацыя па нагляданьні, падключыўся расейскі Цэнтарвыбаркам. Там чалавек Вешнякоў, я лічу, такі прыстойны, нармальны, які будзе кіравацца перадусім заканадаўствам, якое ў нас існуе, міжнароднымі нормамі. Так што мы чакаем ад сёньняшняй сустрэчы, што карысьць будзе”.

Паводле апошніх зьвестак, за спадара Домаша сабрана больш за 150 тысячаў подпісаў. Тым часам рэпрэсіі і правакацыі супраць актывістаў штабу Домаша не спыняюцца. Учора невядомыя спрабавалі зьбіць кіроўцу Домаша Руслана Маранчака. А ў пасёлку Радунь Воранаўскага раёну звольнены з пасады галоўны лекар мясцовага шпіталю кіраўнік ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша Станіслаў Леўчык.

Заўтра пяцёрка прэтэндэнтаў павінная вырашыць, хто будзе адзіным кандыдатам. Калі не, дык гэта за іх зробіць калегія выбаршчыкаў, якая таксама зьбярэцца заўтра. Сёньня прайшла нарада кіраўнікоў апазыцыйных партыяў і зацьвердзіла склад калегіі. У яе войдуць па тры прадстаўнікі ад кожнай партыі, па пяць прадстаўнікоў выбарчых штабоў прэтэндэнта, а таксама старэйшынаў калегіі – Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Васіль Лявонаў, Васіль Старавойтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG