Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯГЛЕДЗЯЧЫ НІ НА ШТО, БЕЛАРУСКІЯ АСЯРОДКІ ЗАХОЎВАЮЦЦА Ў ШКОЛАХ СТАЛІЦЫ


Валянціна Аксак, Менск

Канчатковая карціна стане выразнай толькі напрыканцы жніўня. Аптымізм жа спадарыні Анісім грунтуецца на выніках першага рэйду па школах. У прыватнасьці, яна паведаміла нашаму радыё, што ў гімназіі №4 сёлета плянуюць набраць ня дзьве клясы, як летась, а чатыры. І ў іх ужо падалі каля 70 заяваў. Ня меншае набор пачаткоўцаў і школе №89, якую спадарыня Анісім таксама днямі наведала.

Беларускія асяродкі ў школах сталіцы захоўваюцца толькі дзякуючы рупнасьці грамадзкіх ды бацькоўскіх арганізацыяў, лічыць Алена Анісім. Гэта пацьвярджае Зьміцер Саўка, адзін з актывістаў гарадзкога бацькоўскага камітэту, які летась дамогся, каб пачалі беларускае навучаньне ў школе №23, што на праспэкце Скарыны.

(Саўка: ) "Летась бацькоўскаму камітэту ўдалося "выбіць" з гарадзкіх уладаў само рашэньне, што там будзе беларускі набор, і гэта прадвызначыла посьпех. Там, дзе ўлады абвяшчаюць, што набор будзе, дзеці набіраюцца. Калі ж адміністрацыя не жадае — яна ўсё робіць, каб беларускамоўнага набору не адбылося. Мы ня можам сказаць, што адміністрацыя гэтай школы робіць так, каб набору не было, але і спрыяньня няма. Пасыўная пазыцыя".

Слушнасьць высноваў спадара Саўкі пацьвярджае прыклад адміністрацыі школы №2. Ейны дырэктар Аляксандар Сядзяка штогод абвяшчае набор толькі на беларускае навучаньне, і праблемаў з вучнямі няма. Сёлета мяркуюць набраць тры клясы, сказалі мне ў канцылярыі гэтае школы. Але пры гэтым адміністрацыя забясьпечвае ў школе высокі ўзровень навучаньня, што зьяўляецца для бальшыні бацькоў вызначальным пры выбары, куды аддаць дзіця вучыцца. Так, ва ўжо згаданай 23-й школе летась па-беларуску вучыліся 16 хлопчыкаў і дзяўчынак, а сёлета ў гэтую клясу бацькі хочуць перавесьці сваіх дзяцей з паралельных расейскамоўных. Вось як тлумачыць гэта Зьміцер Саўка:

(Саўка: ) "Таму што ў нас лепшая настаўніца, у нас лепшыя дзеці. Таму што вынікі навучаньня відавочныя. Мы вельмі задаволеныя нашай настаўніцай Алай Шахрай — выдатны чалавек, выдатна вучыць... А добрая слава далёка йдзе..."

Да бацькоў сёлетніх пачаткоўцаў зьвесткі пра посьпехі беларускамоўных вучняў таксама дайшлі. І пра высокую кваліфікацыю настаўніцы наступнае клясы таксама. Таму, паводле інфармацыі гарадзкога бацькоўскага камітэту беларускіх вучняў, праблемаў з наборам у новую беларускую клясу ў 23-й школе няма.

XS
SM
MD
LG