Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАШТОВАЯ СКРЫНКА 111. СЛУХАЧЫ З ХВАЛЯВАНЬНЕМ ПІШУЦЬ ПРА ВЫБАРЫ


Валянцін Жданко, Менск

Хада выбарчай кампаніі, стыль асьвятленьня гэтай кампаніі ў дзяржаўных мэдыях, а таксама імёны магчымых кандыдатаў на прэзыдэнта схіляюць многіх нашых слухачоў да пэсымістычных развагаў і высноваў. Вось што піша на гэтую тэму Леанід Мосін зь Менску:

"Няма за каго галасаваць на гэтых выбарах. Што ні кандыдатура — то ці былы паплечнік Лукашэнкі, ці намэнклятуршчык, ці апантаны нацыяналіст, ці рэваншыст з кампартыі. Уяўляю, што будзе, калі хто-небудзь зь іх дарвецца да ўлады. Ды ні за што ня будуць яны мяняць Канстытуцыю, якую стварыў пад сябе Лукашэнка. Кожны захоча кіраваць аднаасобна, не зважаючы ні на парлямэнт, ні на суд.

І яшчэ невядома, ці ня стане ў Беларусі горш пры такіх асобах. Бо каму зь іх можна верыць? Калі той жа Сініцын здрадзіў Лукашэнку, якога цягнуў да ўлады і ў якога быў кіраўніком адміністрацыі — дзе гарантыя, што гэтак жа ня здрадзіць дэмакратычным прынцыпам, за якія цяпер нібыта выступае?

А Пазьняк зь ягонай пячорнай нянавісьцю да Расеі? Няўжо ён не разумее, што ў самога яго няма ніякіх шанцаў на перамогу, што ягоныя лёзунгі падтрымлівае некалькі адсоткаў насельніцтва? А калі разумее, чаму фактычна дапамагае Лукашэнку, адцягваючы галасы ад дэмакратычных кандыдатаў?

Палітыка — увогуле брудная справа. Каб не запэцкацца, найлепш увогуле ня ўдзельнічаць у гэтым фарсе, не хадзіць на выбары. Тады, прынамсі, сумленьне застанецца чыстае", — напісаў Леанід Мосін зь Менску.

Ці ўдзельнічаць у выбарах — зразумела, ваша асабістая справа, спадар Леанід. Але тое, што гэта — найлепшае выйсьце для беларусаў — тэза, мне здаецца, сумнеўная. Ігнараваць палітыку можна, але гэта зусім не азначае, што яна будзе ігнараваць вас. Хутчэй наадварот — тады замест вас для вас жа вызначыць будучыню хтосьці іншы.

Наконт небясьпекі таго, што новы прэзыдэнт не захоча мяняць Канстытуцыю, паводле якой у Беларусі фактычна скасаваны падзел улады. Сапраўды, такая спакуса для пераможцы існуе. Але наўрад ці хтосьці з разважлівых палітыкаў дэмакратычных поглядаў пажадае, каб Беларусь і надалей заставалася ў міжнароднай ізаляцыі, без інвэстыцыяў і фактычна бяз будучыні.

А не ажыцьцявіўшы дэмакратызацыю грамадзкага жыцьця, ня маючы незалежнага суду, свабодна абранага парлямэнту і вольных мэдыяў — гэта значыць, зь сёньняшнім дзяржаўным ладам, любая ўлада асуджаная паўтарыць лёс Беларусі Лукашэнкавай.

Таксама пра магчымыя вынікі выбараў разважае ў сваім лісьце Алесь Цадко з Маладэчна. Ён піша:

"Cёньня палітычная сытуацыя ў Беларусі падобная на тую, што была ў лістападзе 1996 году. Тады ўпершыню на "рэфэрэндуме" была апрабаваная сыстэма масавых фальсыфікацыяў. Летась яе адшліфавалі на выбарах у "палату прадстаўнікоў". З гэтым пагаджаецца нават непасрэдны ўдзельнік тых сумнеўных акцыяў Іван Пашкевіч — нядаўні паплечнік Лукашэнкі.

Як тады, так і цяпер усе выбарчыя камісіі сфармаваныя пад жорсткім кантролем вэртыкалі. Зноў будуць фактычна бескантрольныя датэрміновыя выбары. А што казаць пра манапалізацыю электронных мэдыяў — на тэлебачаньні і дзяржаўным радыё 90% эфірнага часу займае Лукашэнка.

Усе ўсё гэта бачаць. І Захад, я думаю, не прызнае вынікаў такіх выбараў.

Абнадзейвае тое, што насуперак жаданьню Лукашэнкі, спантанна (у многім дзякуючы выбарчай кампаніі) пачынае фармавацца шырокі фронт апазыцыі. На мой погляд, усім апазыцыйным сілам (у тым ліку Зянону Пазьняку, нягледзячы на ўсе супярэчнасьці ды разыходжаньні) патрэбна аб’яднацца ў адзіны рух — і стварыць пасьля сфальшаваных выбараў урад нацыянальнага выратаваньня. Бо наступныя пяць гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнкі Беларусь ужо проста ня зможа вытрымаць — нават за кошт вёскі, дзе заробкі ў 3-5 разоў ніжэйшыя, чым у сталіцы", — напісаў Алесь Цадко з Маладэчна.

Сёньня многія прыхільнікі апазыцыі паўтараюць гэтае вашае цьверджаньне, спадар Алесь, — што Беларусь, маўляў, ня вытрымае яшчэ пяць гадоў пры Лукашэнку. Я, аднак, згадваю, што гэткія ж запэўніваньні гучалі і ў 1995-м, і ў 1996-м гадах — тады, як акрэсьлілася палітыка Лукашэнкі як выразна антыдэмакратычная і антырынкавая.

Таталітарныя рэжымы могуць трымацца дзесяцігодзьдзямі — досьвед Кубы, Паўночнай Карэі ды і былога СССР пра гэта сьведчыць. Яны трымаюцца нават тады, калі людзям няма чаго есьці і ўва што апранацца. І аснова іхнай трываласьці — гвалт над асобай, запалохваньне, адсутнасьць свабоды.

Ліст ад Васіля Кобеца з Данецку, з Украіны. Ён піша:

"У Беларусі любоў да Масквы пераўзышла ўсе спадзяваньні расейцаў. Па ўсёй Беларусі куды ні зірні — вуліцы, кінатэатры, гатэлі — усе "маскоўскія". У Менску дадумаліся нават могілкі "маскоўскімі" назваць. Няўжо і нябожчыкаў з Масквы вязуць? Вось ужо, сапраўды, халопская адданасьць ня ведае межаў.

Сам я беларус, часта слухаю вашы перадачы і сачу за тым, што адбываецца ў Беларусі. Вельмі хочацца, каб на радзіме адбыліся зьмены ў лепшы бок.

Але, назіраючы за выбарчай кампаніяй, я прыйшоў да высновы, што ўсе прэтэндэнты ідуць тым жа шляхам і ў той жа бок, што і Аляксандар Лукашэнка. Толькі адзін палітык — Зянон Пазьняк — здольны павесьці народ у правільным кірунку. Але такіх разумных і прыстойных людзей заўсёды спрабуюць ачарніць ды абліць брудам. Кажуць, жыхары Беларусі не давяраюць яму. А што зрабілі дэмакраты, каб пра яго так не казалі, каб паверылі яму? Для гэтага трэба езьдзіць па рэгіёнах, прыходзіць на вытворчасьць, у навучальныя ўстановы і тлумачыць людзям, хто такі Пазьняк", — напісаў Васіль Кобец з Данецку.

Ня думаю, спадар Васіль, што ўсе дэмакраты павінны езьдзіць па вёсках ды тлумачыць людзям, што Зянон Пазьняк не такі, як пра яго думаюць, і што яму павінны паверыць. Усё ж гэта задача найперш самога палітыка і ягонай каманды. Талент пераконваць, весьці за сабой людзей і ўрэшце праз усе перашкоды заваёўваць палітычную ўладу — і ёсьць талентам палітычнага дзеяча.

Ліст ад Юзэфа Русакевіча зь мястэчка Майсягала Віленскага раёну Літвы. Ён піша:

"Сачу за сытуацыяй у сьвеце, асабліва ў Літве, Беларусі, Польшчы. Праўду кажучы, няма толку нідзе. Калі нават у ЗША паўгода лічылі галасы і не маглі вызначыць, хто павінен быць прэзыдэнтам, то што ўжо казаць пра Беларусь.

Як мне здаецца, зь вялікага розуму чалавеку настае канец. Паглядзіце, які хаос і дзікунства ў сьвеце: войны, жабрацтва, голад, наркаманія, алькагалізм, прастытуцыя… І адначасова сярэднявечная цемната, нават непісьменнасьць. І што найцікавей — на цэлым сьвеце (ня толькі ў нас) — адзін прэзыдэнт, кароль і Бог — даляр. Пад ягоным уплывам ужо ўсе ў сьвеце — і там, дзе ёсьць дэмакратыя, і там дзе яе няма і ніколі ня будзе.

А хто грошай ня мае — той страйкуе, бушуе, за капейку працуе альбо сядзіць у турме. А калі супраціўляецца — яго зьнішчаюць. Зьнішчаюць цэлыя народы (так было пры камуністах), зьнішчаюць цэлыя дзяржавы і цяпер, прытым тыя, хто лічаць сябе дэмакратамі.

Так што бедненькія Беларусь і Літва абсалютна нічога ня значаць у сьвеце. І ў будучыні, як мне здаецца, як ім, так і суседзям, толькі хамут ды пуга сьвецяць. Ніякі Лукашэнка не дапаможа. Не дапамогуць і іншыя — пуціны, бушы. І што мы маем — хаос, рай адзінкам і пекла мільёнам. І нічога добрага ў будучыні я ня бачу", — напісаў Юзэф Русакевіч зь мястэчка Майсягала Віленскага раёну Літвы.

І Літва, і Беларусь, спадар Юзэф, паводле эўрапейскіх маштабаў — невялікія краіны. Натуральна, яны ня могуць разьлічваць на ролю, якую іграюць на кантынэнце і ў сьвеце, для прыкладу, Нямеччына, Францыя ці Вялікабрытанія. Але невялікія і сярэднія дзяржавы складаюць большасьць у Эўропе. І з тае прычыны, што яны ня граюць ключавой ролі ў міжнароднай палітыцы, іхныя насельнікі зусім не пачуваюць сябе абяздоленымі ці дыскрымінаванымі.

Наадварот, самы высокі ўзровень дабрабыту на кантынэнце якраз у невялікіх краінах — Люксэмбургу, Швайцарыі, Швэцыі…

На заканчэньне — ліст ад Тамары Гагінай са Смаргоні Гарадзенскай вобласьці, якая распавядае ў сваім лісьце пра тое, як у ейным горадзе ставяцца да памяці слыннага зямляка, мэмуарыста і падарожніка Івана Сініцкага. Яна піша:

"Вы шмат распавядаеце пра забытую спадчыну. У гэтай сувязі варта было б згадаць пра Івана Францавіча Сініцкага, слыннага ўраджэнца Смаргоншчыны. На пачатку стагодзьдзя яго за прыналежнасьць да арганізацыі сацыял-дэмакратаў некалькі рызоў ссылалі ўглыб Расеі, ён доўга вымушаны быў жыць на эміграцыі.

Іван Сініцкі пісаў карэспандэнцыі ў віленскія газэты, арганізаваў бібліятэку, напісаў кнігу-дасьледаваньне пра Новую Зэляндыю — першае на расейскай мове дасьледаваньне гэтых выспаў. Ён быў аўтарам "Нашай Нівы", падтрымліваў сувязь з Таварыствам беларускай школы.

Пахаваны ў Смаргоні. Але памяць пра яго землякі ня надта шануюць. Магіла вельмі занядбаная. У мясцовай улады не знайшлося грошай нават на помнік. Звароты ў райвыканкам ні да чаго не прывялі. Абяцалі, што 5-я школа будзе даглядаць магілку. (Якраз каля гэтай школы месьціцца сад, які некалі заклаў Іван Сініцкі.) Але адміністрацыя школы на гэта не зважае. Добра, што хоць вуліцу назвалі ягоным імем", — напісала Тамара Гагіна са Смаргоні.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Аляксандар Самец з Карэлічаў, Аляксей Блахін з Горадні і Ніна Кірычун зь Берасьця.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.


XS
SM
MD
LG