Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАМІЖ МЕНСКАМ І ВАШЫНГТОНАМ БЫЎ НАЛАДЖАНЫ ТЭЛЕМОСТ, У ЯКІМ УЗЯЛІ ЎДЗЕЛ ЖОНКІ ЗЬНІКЛЫХ У БЕЛАРУСІ ЛЮДЗЕЙ


Ігар Карней, Менск

Візыт у ЗША стаў для Людмілы Карпенкі, Ірыны Красоўскай, Сьвятланы Завадзкай ды Тацяны Клімавай трэцім пасьля паездак у Расею і Францыю. Паўсюль жонкі зьніклых у Беларусі асобаў мелі адну мэту: давесьці на рэальных прыкладах пра бяспраўе ў цяперашняй Беларусі. Таму першае, пра што спыталася супрацоўніца Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, якая вяла эфір з Вашынгтону было: ці не баіцеся вы наступстваў сваёй актыўнасьці пасьля вяртаньня на Радзіму? Адказвае Людміла Карпенка:

(Карпенка: ) "Так, мы засталіся літаральна бяз стрыжня. Нам цяжка, але й іншага выйсьця ў нас няма. Таму што цудоўна разумеем: пры цяперашняй уладзе нічога не даведаемся. Я асабіста хачу пры жыцьці паглядзець у вочы чалавеку, у якога паднялася рука забіць майго мужа. Ці баімся? Вядома, страх ёсьць. Але я ж кажу: іншага выйсьця ў нас няма".

Часам усяго знаходжаньня ў ЗША беларускія жанчыны мелі шэраг вельмі важных сустрэчаў. Беларускае пытаньне падымалі ў часе кантактаў з дарадцам дзяржсакратара па дэмакратыі, правах чалавека і працы Лорнам Крэнэрам, намесьнікам дарадцы па эўрапейскіх справах Стывэнам Пайфэрам, супрацоўнікамі Савету нацыянальнай бясьпекі й шэрагам амэрыканскіх сэнатараў.

Вялікая цікавасьць была да візыту і ў амэрыканскай прэсы. Адно з самых важных пытаньняў, якое ўзьнімалі жанчыны — магчымасьць стварэньня міжнароднай камісіі па расьсьледаваньні кожнай справы па зьніклых у Беларусі асобна. Вось што распавяла Ірына Красоўская:

(Красоўская: ) "Што тычыцца міжнароднай камісіі па расьсьледаваньні, то мы рэальна ўяўляем, як складана яе стварыць і арганізаваць яе работу. Але сам факт звароту да ўрадаў іншых краінаў дзеля стварэньня такой камісіі можа быць успрыняты як моцны маральны ўплыў на беларускія ўлады з мэтай правядзеньня сьледзтва па фактах зьнікненьня нашых мужоў".

Самае гарачае пытаньне, якое цікавіла беларускіх журналістаў — ці была сустрэча са сьледчымі Случакам і Петрушкевічам, якія атрымалі палітычны прытулак у ЗША менавіта пасьля таго, як распавялі пра мэханізм зьнікненьня апанэнтаў беларускага рэжыму.

Сьвятлана Завадзкая распавяла, што такой мэты ў іх ня было. Найперш, яны добра знаёмыя з тымі матэрыяламі, якія трапілі ў друк, а па-другое, сьледчыя наўрад ці маглі б дадаць што новае, пакуль ня маюць гарантыяў бясьпекі сваіх сем'яў. Зараз Сьвятлану больш непакояць заявы тых сьледчых, якія займаюцца справай ейнага мужа ў Менску.

(Завадзкая: ) "Тое, што мне кажуць сьледчыя — што мы з вамі будзем сустракацца гады й гады, з упэўненасьцю, што Дзіму ня знойдуць ні заўтра, ні празь месяц, мяне прыводзіць у шокавы стан. Таму я тут, я хачу дабіцца праўды, хачу ведаць, што адбылося. Адзінае, у чым я ўпэўненая — што гэта будзе пасьля зьмены цяперашняй улады".

Людміла Карпенка таксама дадала, дзеля чаго іхная невялікая дэлегацыя зрабіла такі міжнародны палітычны тур. Яна лічыць, што гэта патрэбна ня толькі ім, але й тым людзям, якія дагэтуль зьяўляюцца патэнцыйнымі ворагамі рэжыму Лукашэнкі.

(Карпенка: ) "Пакуль гэта тычыцца нас, невялікай колькасьці мужчынаў і жанчын. Але заўтра гэта можа быць закрануць іншых мужоў, сыноў нашых жанчын. Мы хочам, каб міжнародная супольнасьць пра гэта ведала і выпрацавала сваё стаўленьне да нашых уладаў".

А напрыканцы тэлемоста паміж Менскам і Вашынгтонам Людміла Карпенка зьвярнулася да дэмакратычных кандыдатаў на прэзыдэнцкую пасаду з такімі словамі: "Можа здарыцца так, што ня будзе чаго дзяліць. Прыйшоў час выбіраць".

XS
SM
MD
LG