Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯШЧЭ АДЗІН КАНДЫДАТ У ПРЭЗЫДЭНТЫ ЗАЯЎЛЯЕ, ШТО ЁН САБРАЎ 100 ТЫСЯЧАЎ ПОДПІСАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Увечары 19 ліпеня патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі дэпутат Менскага гарадзкага савету дэпутатаў Юры Данькоў правёў адмысловую прэсавую канфэрэнцыю.

На ёй было заяўлена, што ініцыятыўная група Данькова сабрала каля 125 тысячаў подпісаў выбацаў у ягоную падтрымку. Заўтра, 20 ліпеня, неабходныя дакумэнты будуць перададзеныя ў Цэнтральную выбарчую камісію.

Увогуле прэсавая канфэрэнцыя Юр'я Данькова праводзілася зь іншай нагоды. Спадар Данькоў, які зьяўляецца гаспадаром казіно "Данькоў-клюб", запрасіў 19 ліпеня пяцёрку кандыдатаў ад шырокай грамадзянскай кааліцыі згуляць палітычную рулетку, каб вызначыць адзінага кандыдата.

Але ніхто зь пяцёркі на сустрэчу не зьявіўся, і таму замест прэтэндэнтаў жэрабя кідалі журналісты. Цікава, што больш за ўсё фішак ставілі на Сямёна Домаша, але рулетка вызначыла зусім іншага пераможцу — ім стаў Сяргей Калякін, на якога, дарэчы, паставіў толькі адзін журналіст — Юры Пацёмкін з агенцыі БелаПАН.

Што тычыцца спадара Данькова, дык ён заявіў, што прадстаўляе цэнтрысцкую плынь у беларускай палітыцы. Паводле Юр'я Данькова, ён як ніхто іншы адчувае на дзейнасьці свайго клюбу ўзьдзеяньне палітыкі беларускай дзяржавы. Штогод клюб губляе каля 30% прыбыткаў. Больш за тое, за апошнія два гады "Данькоў-клюб" трымаецца толькі за кошт замежных наведнікаў.

Юры Данькоў заявіў, што ён будзе настойваць на абраньні кіраўнікоў вэртыкалі, а не на іхным прызначэньні. Без адказнасьці прадстаўнікоў улады перад выбарцамі ня можа быць элемэнтарнай дэмакратыі, — заявіў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты. Спадар Данькоў таксама адзначыў, што ён гатовы для перамоваў зь іншымі кандыдатамі ў прэзыдэнты ад дэмакратычнай кааліцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG