Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ ГРУПЫ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА АДБІВАЮЦЦА АД НАПАДНІКАЎ-ПРЫХІЛЬНІКАЎ ЛУКАШЭНКІ


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Іраіда Місько распавяла, што ейная група згарнула дзейнасьць пікетаў, бо апошнімі днямі пачасьціліся напады экстрэмістаў.

Так было пазаўчора, калі на пікет збору галасоў на карысьць вылучэньня Зянона Пазьняка каля цэнтральнага ўнівэрсаму з кулакамі накінуўся нейкі прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі, але Іраіда Місько не разгубілася. Яна выцягнула з гаспадарчай торбы таўкач, якім звычайна таўчэ для сьвіньняў бульбу і рашуча адагнала экстрэміста прэч.

Але тут жа апрануты ў цывільнае да яе падышоў начальнік аднаго з аддзелуў гарадзкой управы міліцыі спадар Ласкавец. Нікога з удзельнікаў сутычкі ён не затрымліваў, але загадаў зьвярнуць пікет. Маўляў, выстаўлены тут партрэт Зянона Пазьняка і ягоныя біяграфічныя дадзеныя зьяўляюцца перадвыбарчай агітацыяй, якая пакуль што не дазволеная.

Такім чынам з учорашняга дня ініцыятыўная група Пазьняка ў Жодзіне зьбірае подпісы шляхам абходу кватэраў ды інтэрнатаў. Праўда, і цяпер не абыходзіцца без эксцэсаў. Так, учора Іраіда Міско зноў адбівалася з дапамогай таўкача ад нейкага прыхільніка Аляксандра Лукашэнкі каля аднаго з дамоў на вуліцы 50 год Кастрычніка.

Напружаная сытуацыя са зборам подпісаў дзеля вылучэньня Леаніда Сініцына склалася і ў суседнім з Жодзіна Барысаўскім раёне. У прыватнасьці, у калгасе Бродаўка, сяброўка мясцовай ініцыятыўнай групы спадара Сініцына Вольга Цімафеева сёньня зьвярнулася ў тамтэйшае прадстаўніцтва Беларускага гэльсынскага камітэту.

Яна паведаміла, што ёй забаранілі зьбіраць подпісы на карысьць Сініцына. У прыватнасьці, старшыня праўленьня гаспадаркі Тамара Каралёнак.

Абвастрыліся адносіны з уладамі маладэчанскага рэгіянальнага аддзяленьня Гэльсынскага камітэту, які патрабуе ад кіраўніцтва выканкаму азнаямленьня з дакумэнтамі, зьвязанымі з вылучэньнем кандыдатураў у выбарчыя камісіі.

Па-першае, старшыні выканкамаў Заяц і Чурсін не дапусьцілі да гэтых дакумэнтаў праваабаронцаў, па-другое, сёньня адміністрацыя маладэчанскага галоўпаштамту папярэдзіла старшыню аддзяленьне Эдуарда Баланчука, каб той тэрмінова пакінуў габінэт, які арэндуе Гэльсынскі камітэт.
XS
SM
MD
LG