Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСПЭРТЫЗА СВАБОДЫ. ЯК УЛАДА МОЖА РЭАГАВАЦЬ НА "ДАКУМЭНТЫ ГАНЧАРЫКА"?


Вядучы: Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: ) "Cярод тых дакумэнтаў, якія сёньня прадставіў у СМІ Ўладзімер Ганчарык, ёсьць і пратакол допыту начальніка СІЗА палкоўніка Алкаева. Алкаеў распавядае, што паводле вуснага загаду тагачаснага міністра ўнутраных справаў Сівакова камандзір роты СОБРа Паўлючэнка прыходзіў і сачыў за выкананьнем сьмяротных прысудаў.

Паўлючэнка ня толькі прысутнічаў падчас гэтай працэдуры, але і рабіў свае камэнтары. У прыватнасьці, ён спытаў выканаўцу, чаму той страляе ня ў сэрца, а ў галаву, бо пры стрэле ў сэрца выцякае менш крыві. Гэты ды іншыя факты з абнародаваных Ганчарыкам дакумэнтаў мы абмяркоўваем у сёньняшняй "Экспэртызе Свабоды".

Ці можна вызначыць праўдападобнасьць дакумэнтаў, якія прадставіў Уладзімер Ганчарык? Наколькі яны адпавядаюць тым правілам, якія існуюць у структурах праваахоўчых органаў? Ці можна верыць гэтым дакладам і рапартам?"

(Грыб: ) "Я як былы супрацоўнік органаў унутраных справаў (прапрацаваў там 36 каляндарных гадоў), хачу сказаць, што такія справы раней былі немагчымыя. Допуску іншых людзей да выкананьня сьмяротных прысудаў не было — гэта вельмі сакрэтная, вельмі строгая справа.

Напрыклад, я быў і начальнікам упраўленьня ўнутраных справаў, і кіраваў упраўленьнем у Міністэрстве ўнутраных справаў. І я ніколі ня ставіў сабе мэты, нават калі б захацеў, такой магчымасьці не было б, — каб я мог пайсьці і быць пры прывядзеньні прысудаў у выкананьне".

(Цыганкоў: ) "Варта нагадаць адну акалічнасьць, якая ёсьць у копіях "дакумэнтаў Ганчарыка". Кіраўнік СІЗА Алкаеў кажа, што не хацеў дапускаць Паўлючэнку на месца выкананьня прысуду, але на гэтым настойваў тагачасны міністар Сівакоў. І толькі пасьля некалькіх "просьбаў" ён вымушаны быў падпарадкавацца".

(Грыб: ) "Начальнік СІЗА ня меў права выконваць загад — думаю, гэта было вуснае распараджэньне — міністра ўнутраных справаў. Але загад, інструкцыі — адно, а жыцьцё ёсьць жыцьцё. Калі міністар яму загадаў раз, два, і каб ён ня выканаў, то пазбавілі б пасады. Выгналі б, знайшлі б падставы.

Але Алкаеў парушыў інструкцыю і дапусьціў да гэтых мерапрыемстваў чалавека, якога не павінен быў дапусьціць".

(Цыганкоў: ) "Перш чым перадаць слова адвакату Сяргею Цурку, нагадаю, што ён таксама працаваў у праваахоўчых структурах — ён працаваў пракурорам".

(Цурко: ) "У рапарце Лапаціка мэтодыка складаньня гэтага рапарту і стыль выключна міліцэйскія, калі можна так казаць. Тыя асобы, якія фігуруюць у ім, гэтым рапартам фактычна абвінавачваюцца ў зьдзяйсьненьні надзвычай цяжкага злачынства. Рапарт рукапісны, і ягонае аўтарства вельмі лёгка праверыць, прызначыўшы экспэртызу почырка. Ёсьць пратаколы допытаў сьведак. Усё гэта пацьвярджае думку, што дакумэнты сапраўдныя.

Пагаджуся са спадаром Грыбам, што такое да 1994 году проста немагчыма было. Каб супрацоўнік (хай і спэцслужбы) быў дапушчаны да вельмі сакрэтнай справы, куды дапускаецца вельмі абмежаванае кола".

(Грыб: ) "Вельмі абмежаванае — пракурор, доктар і выканаўца".

(Цурко: ) "Тым больш што Паўлючэнка — камандзір СОБРу, і гэта не ўваходзіць у ягоныя службовыя абавязкі".

(Грыб: ) "І навошта гэта яму?"

(Цурко: ) "Так. Калі далей аналізаваць тэкст, то мяне ўразіла, што Паўлючэнка вельма прафэсійна ставіцца да таго, куды, у якую частку цела выконваецца прысуд, каб было больш ці менш крыві. Мне жудасна ад гэтых дакумэнтаў".

(Цыганкоў: ) "Як можа ўлада далей рэагаваць на зьяўленьне падобных выкрыцьцяў? Іхная хваля ўсё большае, але дасюль улада іх проста замоўчвае. Як улада можа паводзіць сябе і як павінна паводзіць у такой сытуацыі?"

(Грыб: ) "На маю думку, Ганчарык зрабіў вельмі далікатны крок. Ён не даваў нікуды гэтых матэрыялаў, але накіраваў іх у адміністрацыю прэзыдэнта і чакаў рэакцыі. Але ён ніякай рэакцыі не дачакаўся і тады аддаў паперы ў СМІ.

Калі ўсё гэта абнародавалі і давялі да грамадзкасьці, то тыя службовыя асобы, якія згадваюццца ў гэтых матэрыялах, павінны расцаніць гэта як паклёп на іхны гонар і сумленьне. І яны павінны пачаць крымінальныя справы і прыступіць да расьсьледаваньня. Калі гэтага ня будзе, то яны фактычна прызнаюць сябе вінаватымі.

Але калі будзе, то, мабыць, з гэтай справы будзе тое самае, што і з справай аб паклёпе на прэзыдэнта што да стану ягонага здароўя. Там трэба было даказаць, што чалавек здаровы. А каб даказаць, трэба было правесьці сур'ёзную, можа й міжнародную, экспэртызу. А на гэта ніхто ня пойдзе.

Пачакаем рэакцыі. Калі ніякай ня будзе, значыць, усё, што напісана там — праўда. Але праўда жудасная, якой ніколі не было ў Беларусі".

(Цыганкоў: ) "Спадар Цурко, вы напэўна маеце кантакты з вашымі былымі калегамі з пракуратуры, з МУС. Які ў іх настрой у сувязі са скандальнымі справамі, як адчуваюць сабе зараз супрацоўнікі праваахоўчых органаў? Як рэагуюць на гэтыя выкрыцьці?"

(Цурко: ) "Многія супрацоўнікі, асабліва тыя, што не займаюць высокіх пасадаў, вераць гэтаму".

(Грыб: ) "Сяргей, і гэта абсалютная большасьць. Яны сумленныя людзі, ім надакучыла гэта ўсё".

(Цурко: ) "Так. І тая інфармацыя, якая была апублікаваная, — яна лягічная. Яна ня высмактаная з пальца. Калі гэтую інфармацыю чытае прафэсіянал, ён бачыць, што гэта ня проста які-небудзь піар. Гэта прафэсійныя дакумэнты.

Калі працягваць тое, пра што казаў Мечыслаў Іванавіч, то я лічу, што адразу трэба пачынаць крымінальную справу. І па-другое, асобы, якія фігуруюць у гэтых дакумэнтах, павінны быць адхіленыя на момант сьледзтва".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG