Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМІЖ ПІНСКАМ І ЛУНІНЦАМ ЗЬЯВІЎСЯ ПОМНІК РЭПРЭСАВАНАМУ САВЕТАМІ РОДУ СКІРМУНТАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Бакінічы

"Тут жыў, працаваў і любіў гэтую зямлю род Скірмунтаў у 1740–1940 гадох", па польску і па-беларуску напісана на невялікай гранітнай пліце, якую праз намаганьні Тэрэзы Скірмунт пабудавалі на месцы, дзе да прыходу савецкай арміі стаяў храм, у якім месьціліся склепы з рэшткамі дзевяці Скірмунтаў. Тут дагэтуль захавалася вялізная яма ад царкоўнага фундамэнту, на дне якой і цяпер ляжаць склепы.

У 1939-м годзе Станіслава Скірмунта, які быў сваяком знакамітага дзеяча Беларускае Народнае Рэспублікі Рамана Скірмунта, арыштавалі бальшавікі ды хацелі расстраляць, аднак нейкім чынам сьмяротнае пакараньне зьмянілі на лягер, адкуль ён трапіў на вайну і потым быў забіты ў Польшчы і пахаваны на брацкіх могілках, так і не пабачыўшы сям’і. Трохі пазьней жонку й дзяцей Станіслава Скірмунта накіравалі ў лягер у Казахстан, дзе праз голад памерла сястра Тэрэзы Гражына, а брата Янэка выратавалі казахі.

У Бакінічах дагэтуль жыве спадарыня Марыя Міхалевіч, якая за польскім часам была нянькай Тэрэзы Скірмунт. Яна кажа, што Станіслаў Скірмунт ня быў вельмі заможным панам, але быў добрым гаспадаром і нічога дрэннага простым вяскоўцам не рабіў:

(Міхалевіч: ) "Як чырвоныя прыйшлі, дык мяне з хаты прагналі а пана Станіслава недзе забралі ды замардавалі недзе — ніхто ня ведае. А сям’ю ў Сібір павезьлі".

Напярэдадні прыходу чырвонай арміі, Скірмунты мелі магчымасьць зьехаць за мяжу, але пан Станіслаў адмовіўся. Гаворыць Тэрэза Скірмунт:

(Скірмунт: ) "Мае бацькі заўсёды жылі ў міры з тутэйшымі. Мы ўжо сядзелі ў машыне, калі бацька забраў мяне ды сказаў маёй маці: "Калі хочаш, уцякай, а дачку (г.зн. мяне) пакінь. Мы мусім зараз бараніць нашых людзей, і калі мы паедзем — гэта здрада".

Калі энкавэдысты прыйшлі арыштоўваць Станіслава Скірмунта, сяляне спрабавалі абараніць яго, узяўшы ў шчыльнае кола, аднак ён зразумеў, што можа праліцца кроў і папрасіў людзей разысьціся. Па словах Тэрэзы Скірмунт, ледзь не адзіная віна ейнага бацькі перад савецкай уладай была ў тым, што ён меў трох паляўнічых сабак зь мянушкамі Ленін, Сталін і Троцкі.

Сёньня на асьвячэньне помніку, у якім узялі ўдзел каталіцкі й праваслаўны сьвятары, прыйшло шмат вяскоўцаў, якія асабіста ці па расповедах бацькоў ведаюць ды ўспамінаюць добрым словам сваіх колішніх землякоў з роду Скірмунтаў.

На гранітнай пліце таксама выявы радавога гэрбу ды два крыжы — каталіцкі й праваслаўны. Тэрэза Скірмунт кажа, што ейныя продкі-каталікі гэтак сама паважалі і праваслаўную веру і нават ахвяравалі грошы на будаўніцтва праваслаўнай царквы, бо Бог адзіны.

Пяць гадоў таму пані Тэрэза (а яна ўжо працяглы час на пэнсіі і жыве ў Варшаве) на свае грошы пабудавала ў цэнтры Бакінічаў каплічку ў гонар Маці Божай, якая выратавала частку сям’і Скірмунтаў ды жыхароў Бакінічаў у часе Другой усясьветнай вайны.

Нягледзячы на сталы век і ня вельмі добрае здароў’е, Тэрэза Скірмунт шмат робіць, каб дапамагчы тутэйшым: яна прывозіць гуманітарную дапамогу мясцовай школцы, а таксама шукае ў Польшчы зацікаўленых бізнэсоўцаў, якія хацелі б інвэставаць у Бакінічы грошы.

(Скірмунт: ) "Я хачу выратаваць Бакінічы. Тут добрая зямля, добрыя людзі, і нельга гэтак проста "сьпісаць" гэтую вёску. Тут мае карані".

Аднак паводле спадарыні Тэрэзы, пакуль ахвотных няшмат — з-за дрэнных беларускіх законаў.

Варта адзначыць, што сёньня нікога з прадстаўнікоў улады, акрамя старшыні сельсавету, ў Бакінічах не было.

На разьвітаньне Тэрэза Скірмунт прасіла ўзрушаных землякоў толькі пра адно: засыпаць зямлёй катлаван ад царквы, дзе ляжаць ейныя продкі.

XS
SM
MD
LG