Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ. ЛАГОЙСК


Міхал Стэльмак

(Несьцяровіч: ) "Лагойск варты таго, каб стаць у шэраг найлепшых гарадоў Беларусі. Тут такая спадчына..." — лічыць былы настаўнік, а зараз пэнсіянэр Віктар Несьцяровіч.

Зьміцер Шэвель — прадстаўнік сярэдняга пакаленьня. Вось як у ягоным уяўленьні выглядае сучасны Лагойск:

(Шэвель: ) "Мястэчка невялікае. Тут людзі адзін аднаго ведаюць. Таму мяне, прыкладам, убачаць, дык адразу: "Вунь бээнэфавец пайшоў". Пра іншага, напрыклад, скажуць, што той камуніст. Тут усе людзі на віду..."

Частка мясцовых жыхароў гаворыць пра Лагойшчыну толькі вершамі. Напрыклад, 77-гадовы Іван Жардзецкі:

(Жардзецкі: ) "Я шмат паезьдзіў па краіне
І быў нямала за мяжой.
Няма зямлі больш сэрцу мілай
Яе Лагойшчынай завём.
Тут і каменьні, і прыгоркі,
Тут шмат рачулак і крыніц.
І перад кожнай у здранцьвеньні
Упасьці хочацца мне ніц".

Віктар Несьцяровіч лічыць, што народная творчасьць на Лагойшчыне жыве сёньня дзякуючы найперш не дзяржаве, а руплівасьці мясцовых прыхільнікаў нацыянальнай культуры:

(Несьцяровіч: ) "Мяне цешыць, што ёсьць настаўнікі, якія душу ўкладаюць у нашае нацыянальнае адраджэньне".

Між тым, намаганьні лагойскіх рупліўцаў нацыянальнага адраджэньня сутыкаюцца з чэрствасьцю мясцовых чыноўнікаў. Асабліва няўтульна ў іхных кабінэтах пачувае сябе беларускае слова.

Спадар Несьцяровіч некалі выкладаў беларускую мову і літаратуру, і ён лічыць, што цяперашняя моўная палітыка скіраваная на русіфікацыю лагайчанаў:

(Несьцяровіч: ) "Мая ўнучка пайшла некалі ў першую клясу беларускамоўную і вельмі натхнілася гэтым. І вельмі добра справа пайшла. Але потым пайшло на спад. Пайшла на спад беларуская мова".

(Стэльмак: ) "На вашую думку, чым гэта выклікана?"

(Несьцяровіч: ) "Недальнабачнасьцю нашых палітыкаў і ўладаў. Затармазілі працэс, сказалі, што трэба дзесяцігодзьдзі".

Дарэчы, цяперашняя моўная палітыка выклікае спрэчкі і ў асяродзьдзі лагойскіх вернікаў. У прыватнасьці, не ўхваляе яе прадстаўнік Царквы эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў Міхась Пазьняк. Ён лічыць, што Божае слова варта несьці да людзей па-беларуску. Бо гэта, на ягоную думку, згуртуе вернікаў, умацуе іхную веру:

(Пазьняк: ) "У Лагойску зараз мы распачынаем вялікую праграму. Праводзім шмат мерапрыемстваў, каб народ прыйшоў да Слова Божага".

(Стэльмак: ) "Колькі чалавек у вашай баптысцкай суполцы?"

(Пазьняк: ) "У нашай суполцы зараз 25 чалавек. Ёсьць у Лагойску і адвэнтысты 7-га дня, там 3 ці 4 чалавекі. Сьведкі Еговы — іх больш за 10 чалавек ужо. Ёсьць тут у нас і царква эвангельскіх пяцідзясятнікаў — там таксама больш за 20 чалавек".

(Стэльмак: ) "Якія ў вас дачыненьні з уладамі Лагойску?"

(Пазьняк: ) "Мы нядаўна сутыкнуліся з праблемай — нам патрэбны быў клюб на некаторы час. Але нам адмовілі, і мы будзем маліцца і прасіць, каб Бог даў нам клюб".

Між тым, улады Лагойску лічаць, што мясцовае насельніцтва мусіць быць ім удзячнае. Усімі дзеяньнямі вэртыкалі кіруе, маўляў, клопат пра эканамічныя і сацыяльныя інтарэсы шараговых жыхароў раёну. Гаворыць старшыня Лагойскага раённага савету дэпутатаў Яўген Ганчарэнка:

(Ганчарэнка: ) " Раённыя ўлады, раённы выканаўчы камітэт надаюць шмат увагі дабрабыту нашага насельніцтва. Мы аднавілі 8 дзіцячых садкоў, 8 комплексных прыёмных пунктаў бытавога абслугоўваньня насельніцтва. Аднаўляем магазіны, школы. У нас зьяўляюцца і працоўныя месцы. Мы сёньня займаемся добраўпарадкаваньнем Лагойску".

Інакш лічыць лідэр раённай арганізацыі Беларускага Народнага Фронту Зьміцер Шэвель:

(Шэвель: ) "Зь цяперашнім старшынём райвыканкаму я не знаёмы. Бо ён памяняўся, за час улады Лукашэнкі яны тут памяняліся некалькі разоў. Калі чалавек Лукашэнку чымсьці не спадабаўся, ён яго зьмяняе.

Былы кіраўнік вэртыкалі "зрабіў" для Лагойску шмат. Вось паказуха, якую вы бачыце перад сабою — плітка ляжыць, асфальт паклалі, бардзюры, якіх у нас не было раней, зрабіў. Цэнтар, вуліцы ў цэнтры прыгожа выглядаюць. А дастаткова прайсьці мэтраў 200-300 убок — дык там бруд па калена. Вясной і восеньню немагчыма па такіх вуліцах хадзіць".

Лагойскай вэртыкальлю да нядаўняга часу кіраваў Мікалай Гіль. Паводле ягоных словаў, уласнаручна напісаў заяву Аляксандру Лукашэнку аб вызваленьні. Але падчас знаходжаньня на пасадзе старшыні райвыканкаму ён, маўляў, сумленна працаваў на карысьць дабрабыту лагайчанаў:

(Гіль: ) "Вы знаходзіцеся ў гэтым гістарычным парку. Тут шмат зроблена дзеля ягонага ўпарадкаваньня. Дзеці тут адпачываюць. Вось гэтым і трэба займацца. Чаго мне не давялося зрабіць, дык гэта скончыць добраўпарадкаваньне і рамонт бальніцы, які пачалі. Мне таксама хочацца, каб наш Лагойск стаў адным з найлепшых у краіне".

Нягледзячы на старажытны век, у Лагойску фактычна не засталося помнікаў даўніны. Самае прыкметнае месца ў горадзе — заснаваны 200 гадоў таму парк братоў Тышкевічаў. Краязнавец Несьцяровіч абураецца абыякавасьцю да гістарычнай спадчыны Лагойску:

(Несьцяровіч: ) "У нас нават вуліцы братоў Тышкевічаў няма. Вуліца Камсамольская — гэта вуліца былая Замкавая. Была ў нас і вуліца Касьцёльная. У нас каго хочаш ведаюць, а толькі не братоў Тышкевічаў. Акадэмікі.

Што крыўдна, дык гэта тое, што ў час разгулу нашага вандалізму 13 пакаленьняў Тышкевічаў выкінулі з фамільных склепаў на сьметнік. А так хацелася б, каб гэта было ўшанавана. Але нашы ўлады пакуль пра гэта ня думаюць".

Абураны палітыкай мясцовага кіраўніцтва і лідэр БНФ Зьміцер Шэпель. Але яго найперш не задавальняюць гаспадарчыя справы, сацыяльны стан лагайчанаў. Вельмі высокае беспрацоўе сярод працаздольнай часткі мясцовага насельніцтва.

(Шэвель: ) "Гэта асноўная на цяперашні час праблема. Яна ўсіх турбуе. Людзі езьдзяць у Менск працаваць. У Бараўляны, напрыклад, у шпіталь працаваць. З гэтым зьвязаная і транспартная праблема. Калі раніцай трэба ў Менск паехаць, дык туды нельга ўбіцца — столькі людзей.

Сам я ўладкаваўся працаваць на беларуска-нямецкае сумеснае прадпрыемства. Можа, яно вырашыць хаця б часткова праблему лагойскіх беспрацоўных".

Набліжэньне прэзыдэнцкіх выбараў прыкметна актывізавала палітычнае жыцьцё Лагойску. Адметна, што зь цяперашніх прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду двое — ураджэнцы Лагойшчыны. Гэта Ўладзімер Ганчарык і Сяргей Антончык. Паводле Зьмітра Шэвеля, палітычныя сымпатыі жыхароў раёну выглядаюць наступным чынам:

(Шэвель: ) "У нас ідзе збор подпісаў, і вельмі ахвотна людзі падпісваюцца за Домаша. Хаця яго й не паказваюць па тэлевізіі. Але людзей гэта не палохае — яго хочуць ведаць. І наогул, гэта фігура без адмоўнага іміджу.

Пэнсіянэры маюць намер галасаваць за Лукашэнку, бо чамусьці думаюць, што іншы прэзыдэнт ім ня дасьць пэнсіяў. А вось я неяк меў размову з далёкім сваяком Ганчарыка, дык той сказаў, што за яго ня будзе ні падпісвацца, не галасаваць. Яму Ганчарык чамусьці не падабаецца як чалавек. А пра Антончыка тут размоваў не вядзецца, бо ён не з Лагойску, а з Плешчаніцаў".

Уладзімер Ганчарык нарадзіўся непадалёку ад райцэнтру ў вёсцы Аўгустова. Варта зазначыць, што тут ягоныя пазыцыі нашмат мацнейшыя, як у самім Лагойску. Гаворыць загадчыца мясцовага Дома культуры Тамара Жалнерчык:

(Жалнерчык: ) "Мы рады, што наш зямляк вылучаецца ў прэзыдэнты і гатовыя за яго галасаваць. Я жыву ў вёсцы 10 гадоў, і як дзеці мае пайшлі ў школу, дык я сутыкнулася з тым, што ў нас ёсьць такі Ганчарык — ён заўсёды дапамагае на Новы год з цукеркамі..."

Зь нецярплівасьцю чакае прэзыдэнцкіх выбараў і Віктар Несьцяровіч:

(Несьцяровіч: ) "Каго мы выберам, я ня ведаю. Але хочацца, каб ён быў шчырым патрыётам нашай Беларусі, які б памятаў, што мы — найстаражытнейшая нацыя. Вось чаго хацелася б".

(Стэльмак: ) "З Лагойшчыны паходзяць два цяперашнія прэтэндэнты на прэзыдэнта — Антончык і Ганчарык".

(Несьцяровіч: ) "Быў бы за гонар, каб выбралі нашага земляка. Я ведаю Ганчарыка — годны чалавек. Антончыка таксама ведаю, хаця й менш. Але ўрэшце слова за народам".

Улады мяркуюць, што бясспрэчным палітычным лідэрам на Лагойшчыне зьяўляецца Аляксандар Лукашэнка. Але, як запэўніў старшыня райсавету Яўген Ганчарэнка, вэртыкальшчыкі ня маюць да гэтага ніякага дачыненьня. Як і прадпісана законам, чыноўнікі нібыта не займаюцца агітацыяй, а ствараюць для ўсіх прэтэндэнтаў роўныя ўмовы:

(Ганчарэнка: ) "Калі праходзіў збор подпісаў у падтрымку таго ці іншага кандыдата, вэртыкаль нікому не перашкаджала гэтага рабіць. Не было ніякага ціску, людзі спакойна зьбіралі подпісы.

Мы нікога не выдзяляем. Тут аддалі ўсё на разуменьне людзей. Калі захоча сустрэцца зь людзьмі Антончык, хай сустракаецца, Ганчарык захоча — таксама ня будзем рабіць перашкодаў. Калі Аляксандар Рыгоравіч захоча прыехаць на Лагойшчыну — тое ж самае. Іншаму прэтэндэнту таксама не адмовім. Лагойская зямля выслухае ўсіх, але высновы зробіць свае".

Што тычыцца меркаваньня шараговых грамадзянаў Лагойшчыны, то яны насамрэч розныя. Многія сьцьвярджаюць, што ня вызначыліся ў палітычных сымпатыях і падтрымаюць на выбарах таго кандыдата, хто рэальна дапаможа вырашыць іхныя праблемы. Самая балючая зь іх — жыльлё.

80-гадовая Яніна Жукоўская і яшчэ дзесяць сем'яў лагайчанаў жывуць у памяшканьні, якое браты Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы пабудавалі для жывёлы:

(Жукоўская: ) "Гэта былая панская стайня. Пан Тышкевіч тут гадаваў коні. Пасьля вайны, калі жыць не было дзе, яе аддалі пад жыльлё. І я атрымала гэты пакой у 1956-м годзе. З гэтага часу я тут у гэтым пакоі й жыву. Ён зараз валіцца".

(Стэльмак: ) "А вы зьвярталіся, каб вам замянілі жыльлё?"

(Жукоўская: ) "Зараз ніхто яго не заменіць. Тут зараз правяць такія афэрысты, якія толькі й глядзяць, каб далі ў лапу. Таму цяпер ніхто мне нічога ня дасьць, бо нічога не будуюць. А купіць я ж нічога не змагу, бо 42 тысячы рублёў атрымліваю пэнсіі. Так што — чакай, бабуля, тут сваёй сьмерці ў гэтай панскай стайні".
XS
SM
MD
LG