Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭКСПЭРТЫЗА СВАБОДЫ. ЦІ МАРАЛЬНА ЎСЁ ТОЕ, ШТО СЛУЖЫЦЬ СПРАВЕ ПЕРАМОГІ АПАЗЫЦЫІ


Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Аляксандар Класкоўс

Яны выклікалі ня толькі разгубленасьць улады і дзяржаўных мэдыяў, але і пэўныя сумненьні некаторых незалежных журналістаў. Ці варта карыстацца паслугамі людзей, якія самі маюць дачыненьне да гэтых ці іншых злоўжываньняў, чаму грамадзкая думка так хутка робіць зь іх герояў, да якіх наступстваў гэта прывядзе?

(Дракахруст: ) “Апошнім часам у незалежным друку зьявіўся шэраг публікацыяў, у якіх узьнімаецца, разглядаецца маральны аспэкт дзейнасьці апазыцыі пад час перадвыбарчай кампаніі. Тут можна прыгадаць публікацыі Ірыны Халіп у БДГ, Уладзімера Дорахава ў “Известиях в Беларуси”, і, нарэшце, артыкул Аляксандра Класкоўскага ў “Бюлетэні БелаПАН”.

Усе гэтыя аўтары зьвяртаюць увагу на тое, як хутка былыя паплечнікі Аляксандра Лукашэнкі, прычым людзі, што заплямілі сябе злоўжываньнямі, а тое і злачынствамі, робяццца ці не кумірамі апазыцыі, як толькі яны выступаюць зь нейкімі выкрываньнямі злоўжываньняў ўлады, сталпамі якой яны былі. У сваім артыкуле А. Класкоўскі прыгадвае пра генэрала КГБ Кеза, які меў дачыненьне да зьбіцьця дэпутатаў падчас іх галадоўкі ў 1995 годзе, і пра Івана Ціцянкова, які ня толькі быў лукашэнкаўскім “заўхозам”, але і ўласнаручна пасьля рэфэрэндуму 1995 году ірваў бел-чырвона-белы сьцяг.

Артыкул сп-ра Класкоўскага называецца “Ці маральна ўсё тое, што служыць справе перамогі апазыцыі?”. Паразважаць на гэтую тэму ў нашу сёньняшнюю “Экспэртызу “Свабоды” мы запрасілі самога Аляксандра Класкоўскага і галоўнага рэдактара газэты “Беларускі час” Аляксандра Старыкевіча. Нагадаем, што першае выкрывальнае інтэрвію Івана Ціцянкова зьявілася менавіта на старонках “Беларускага часу”. Сп-р Старыкевіч, які ў Вас адказ на пытаньне, якое сп-р Класкоўскі вынес у загаловак свайго артыкулу?

(Старыкевіч: ) “Я пакуль што ня бачу аніякага рэальнага супрацоўніцтва паміж узгаданымі пэрсонамі і апазыцыяй. Калі той жа Іван Ціцянкоў вырашае даць інтэрвію – гэта ёсьць інфармацыйная нагода. Спадзяюся, гэта ня трэба тлумачыць ані нашым слухачам, ані тым больш – прафэсыйным журналістам. Нідзе я не бачыў артыкулаў, у якіх таго ж Ціцянкова называлі б героем”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Класкоўскі, што Вы можаце сказаць у адказ на словы сп-ра Старыкевіча?”

(Класкоўскі: ) “Наконт сувязі паміж асобамі, якія зрабілі выкрывальныя выступы, і апазыцыяй – калі я не памыляюся, генэрал Валеры Кез увайшоў у склад ініцыятараў руху “За новую Беларусь”, які ўзначаліў Васіль Лявонаў. Я мяркую, што мае суразмоўцы – дастаткова дасьведчаныя людзі, каб разумець, што гэты шквал выкрывальніцтваў з вуснаў былых паплечнікаў Лукашэнкі – гэта, мякка кажучы, не спантаны працэс, на яго вельмі актыўна працуюць перадвыбарчыя штабы . Таму аналізаваць гэтую тэндэнцыю з ўсіх бакоў, у тым ліку і казаць пра пэўныя яе маральна сумніўныя асьпэкты – гэта задача публіцыстыкі і аналітыкі”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Старыкевіч, я хачу прыгадаць Вам досьвед нашай найноўшай гісторыі, а менавіта досьвед мінулай прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году. Тады і апазыцыя, і незалежныя журналісты да апошняга моманту талакою “тапілі” Вячаслава Кебіча. І сабе, і грамадзтву яны тлумачылі, што Кебіч – самае вялікае зло, хто заўгодна, толькі ня Кебіч, любыя сродкі тут дарэчы, любыя сродкі тут апраўданыя. Вынік вядомы.
На Ваш погляд, тая кампанія ня ёсьць пэўным урокам і для апазыцыі , і для журналістаў пад час гэтай кампаніі?”

(Старыкевіч: ) “Зразумела, ёсьць. Таму я думаю, што кожны вырашае сам для сябе, як паступаць у дадзенай сытуацыі, зь кім мець справу, а зь кім ня мець. Але, на маю думку, апазыцыя сёньня ня ў тым стане, каб выбіраць сродкі – іншых у яе проста няма. Кампанію гэтага году, як уласную палітычную гульню, апазыцыя даўно прайграла.

Так, можна, напрыклад, толькі паспачуваць тым, хто робіць стаўку на людзей кшталту Івана Пашкевіча. Я дазволю сабе працытаваць ягоную заяву, зробленую адразу ж пасьля зьнікненьня Віктара Ганчара : “Пра Ганчара пачалі забываць. Каб прыцягнуць да сябе ўвагу, ён хутчэй за ўсё, як і былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка , выехаў за мяжу альбо на адно з лецішчаў сваіх знаёмых, дзе ў гэты час і знаходзіцца “в полном здравіі”.

Але мае пэўную рацыю і Ўладзімер Дорахаў, які піша ў сваім артыкуле, што беларускае чынавенства зараз назірае, як будзе ставіцца апазыцыя да выхадцаў з атачэньня Лукашэнкі, якія зараз пакінулі яго, і з гэтага будуць рабіцца пэўныя высновы. Я б не перабольшваў значэньня гэтага моманту, але ўлічваць яго трэба.

Ну і навогул, калі мы ўжо пачынаем дыскутаваць па пытаньнях маралі, то можна спытацца: “А чым лепшы Лябедзька, які таксама быў у лукашэнкаўскай камандзе?”

(Класкоўскі: ) “Тут сп-р Старыкевіч сапраўды закрануў вельмі вялікую і балючую тэму. Я на свае ўласныя вочы бачыў, як у свой час шмат хто зь цяперашніх апазыцыйных лідэраў спрыяў прыходу Лукашэнкі да ўлады. Я працаваў тады ў рэдакцыі “Народнай газэты”, якая месьцілася як раз у Доме ўраду, побач з Авальнай заляй, і таму мы бачылі гэтыя кулюары палітыкі ў літаральным сэнсе. І мы чулі, як гэтага дырэктара саўгасу называлі “тэрмінатарам”. Яны лічылі, што гэты чалавек, зь яго энэргіяй і “ламавым” падыходам, расчысьціць шлях іншым фігурам, якія лічылі сябе разьвітымі і дэмакратычнымі”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Класкоўскі, пад час цяперашняй перадвыбарчай кампаніі, кажучы высокім штылем, вырашаецца лёс краіны. І ўявіце сабе, што апазыцыя і незалежныя журналісты будуць прытрымлівацца таго падыходу, які Вы прапануеце: усё мусіць быць чыстым, нельга выкарыстоўваць перабежчыкаў, бо гэта брыдка. І вось калі ў выніку застанецца Лукашэнка, што яны скажуць сябе: “Мы былі чыстымі і таму вынік нас не цікавіць”? Ці яны скажуць: “Мы праігралі, краіна прайграла і вінаватыя ў гэтым мы”?

(Класкоўскі: ) “Я ня стану хаваць, што аніякіх сымпатыяў да цяперашняга рэжыму ў мяне няма. Я за тое, каб была больш разумная, прагрэсыўная ўлада. Але разам з тым я лічу, што ангажаваная журналістыка ўрэшце рэшт выконвае кепскую ролю. Ня можа быць абсалютнай аб'ектыўнасьці, гэта міт, але ж трэба часам казаць нават і горкія рэчы тым, хто лічыць сябе па-за крытыкаю, таму што ён, быццам, змагаецца за сьвятую справу.

З вуснаў сп-ра Старыкевіча прагучала тэза, што ў апазыцыі, быццам, замала сілаў, каб выбіраць сродкі. Я б з гэтым паспрачаўся. У свой час і каманда Лукашэнкі была, дарэчы, ня самая моцная паводле рэсурсаў. І таму яны ішлі напралом, не выбіраючы сродкаў. Вынікі мы ведаем”.

(Старыкевіч: ) “Я крышку ведаю практыку амэрыканскага заканадаўства, дзе дапускаецца нават тое, што злачынца вызваляецца ад адказнасьці, калі ён “здае”, выкрывае большага злачынцу, свайго шэфа. Ці дапушчальна гэта ў беларускай палітыцы – пытаньне, мне здаецца, рытарычнае.

Рэакцыя дзяржаўнага прапагандысцкага апарату на выхад з ценю Ціцянкова паказала, што яны бачаць у гэтым пэўную небясьпеку. Нават Лукашэнка асабіста паспрабаваў нанесьці апераджальны ўдар і дыскрэдытаваць былога генпракурора Бажэлку, які можа распавесьці ня самыя прыемныя для Аляксандра Рыгоравіча рэчы”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Старыкевіч, я хацеў бы удакладніць Вашае сапраўды трапнае параўнаньне пра амністыю для злачынцы, які выкрывае большага злачынцу. Размова ўсё ж ідзе пра перадвыбарчую кампанію. І ці ня лічыце Вы, што такія “тушынскія пералеты” – учора быў апірышчам ўлады, а сёньня стаў вялікім змагаром зь ёю, ня надта добра ўспрымаюцца выбаршчыкамі.

Вы сказалі, што злачынцам даюць амністыю за згоду выкрыць іншага. Але Вы ж разумецце, што ў нашых ўмовах гэтыя людзі, атрымаўшы індульгенцыю, яны не грахі замольваць пойдуць. Калі ўлада ў верасьні пераменіцца, яны будуць ірвацца ў гэтую новую ўладу, каб заняць тыя мейсцы, якія яны займалі пры Лукашэнку.

(Старыкевіч: ) “Мы блытаем розныя рэчы. Ёсьць факты інтэрвію, няма фактаў супрацоўніцтва. Апазыцыя не адказвае за тое, што Ціцянкоў ці хто іншы раптам пачынае гаварыць і даваць інтэрвію. Я ня чуў, каб Лябедзька, Вячорка ці хто іншы прапаноўваў уступіць у шэрагі сваёй партыі, напрыклад, Кезу. І ня думаю, што мы гэта бліжэйшым часам убачым ці пачуем. Тое, што Цяцянкоў перасьледуе асабістыя інтарэсы – у гэтым няма аніякага сакрэту. Але хто перашкаджае перамагчы Лукашэнку, карыстаючыся іншымі сродкамі? Але няма ані перамогаў, ані сродкаў ужо шмат гадоў”.

(Класкоўскі: ) “Вы, Юры, закранулі вельмі слушны аспэкт праблемы. Трэба ўзгадаць пра электарат, пра выбаршчыка. Колькі б яго ня бэсьцілі, што ён, маўляў, цьмяны, і чаканьні ў яго патрыярхальныя, усё ж ня варта думаць, што ў масы людзей зусім атрафавалася маральнае пачуцьцё. Уявім сябе сытуацыю: у самы пік перадвыбарчай кампаніі хтосьці з дэмакратычных кандыдатаў, у ідэале – адзіны кандыдат, у прамым эфіры вымушаны адказваць наўпрост на пытаньне: “А як Вы ставіцеся да выкрывальніцкіх “закідаў” Івана Ціцянкова, які драў сьвяты для Вас бел-чырвона-белы сьцяг?”. На гэтыя пытаньні трэба будзе так ці інакш адказваць.
XS
SM
MD
LG