Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

CЬМЕРЦЬ САМАЙ УПЛЫВОВАЙ ЖАНЧЫНЫ СЬВЕТУ


Мікола Іваноў, Прага

Амаль усе галоўныя газэты сьвету зьмясьцілі сёньня артыкулы, прысьвечаныя памяці памёрлай на 84-м годзе жыцьця Кэтрым Грэхэм. Чатыры апошнія дзесяцігодзьдзі яна ўзначальвала адну з самых уплывовых і магутных мэдыя-карапарацыяў ЗША – Washington Post. За гэтыя гады прыбыткі карапарацыі павялічыліся ў амаль 20 разоў. Сёньня ў склад Washington Post Corporation уваходзяць, акрамя газэты Washington Post і часопіса Newsweek, яшчэ каля 500 розных кампаніяў у галіне телебачаньня, газэтнага бізнесу, Інтэрнэту і адукацыі.

Катрын Грэхэм была вельмі таленавітая журналістка. За сваю аўтабіяграфічную кніжку “Прыватная гісторыя” яна атрымала самую прэстыжную ў ЗША прэмію ў галіне журналістыкі – Пуліцэтараўскую.

“Мы будзем памятаць яе як сапраўды цудоўную жанчыну, - заявіў Артур Сульцбергэр, - былы кіраўнік іншай гіганцкай мэдыя -карпарацыі New York Times, - якая мела глыбокі ўплыў на ход падзеяў у ЗША і замежжы. На працягу ўсёй другой паловы ХХ стагодзьдзя яна, дзякуючы свайму таленту і адвазе, здолела зьмяніць аблічча амэрыканскай журналістыкі, і кожнаму, каму блізкія ідэалы свабоднай і незалежнай прэсы, будзе не хапаць яе”.

Кэтрын Грэхэм узначаліла карпарацыю Washington Post ва ўзросьце 48 гадоў у 1963 годзе пасля сьмерці яе мужа.

У сваёй біяграфічнай кніжцы “Прыватная гісторыя” яна піша, што пачаткова ў яе было пачуцьцё, быццам бы яна не адпавядае такой высокай пасадзе. Яна, як і іншыя амэрыканскія жанчыны яе пакаленьня, была ў палоне ілюзіяў, што галоўная роля жанчынаў быць жонкамі і маці. “Мы выхоўваліся ў перакананьні, - піша яна, - што заданьне жыцьця жанчыны – зрабіць мужчыну шчаслівым і зрабіць тое самае для дзяцей”.

Вельмі хутка, аднак, Кэтрын Грэхэм ператварылася ў спраўнага патрабавальнага мэнэджэра, які можа ўважліва слухаць сваіх падначаленых, але і можа жорстка патрабаваць.

Галоўная яе заслуга ў тым, што яна зрабіла журналістыку рэальнай сілай у амэрыканскім палітычным жыцьці. Двойчы ў яе журналісцкай кар’еры былі моманты, калі лёс ЗША ў значнай ступені вырашаўся зь яе ўдзелам і пад яе выразным уплывам.

Першы раз гэта здарылася, у 1971 годзе, калі Washington Post нягледзячы на беспрэцэдэнтны націск з боку Белага Дому ажыцьцявіла сэрыю публікацыяў сакрэтных папераў Пентагону, якія раскрывалі праўду пра Віетнамскую вайну.

Другі – гэта сэрыя сэнсацыйных рэпартажаў у справе “Уотэргейт”, якая прывяла да імпічменту і адстаўкі прэзыдэнта Рычарда Ніксана. Калі Washington Post
пачала публікацыю гэтых рэпартажаў, Белы Дом паспрабаваў фінансава зьнішчыць карпарацыю Кэтрын Грэхэм. Акцыі яе на фондавай біржы ўпалі на амаль 50%. Але Грэхэм не зламалася і давяла публікацыю да канца.

Кэтрын Грэхэм у складаныя 70-я гады вайграла бітву за свабоду прэсы ў ЗША і такім чынам заваявала сабе вядучае месца ў амэрыканскім палітычным жыцьці. Яе асабістымі сябрамі былі прэзыдэнты Ліндан Джонсан і Рональд Рэйган, францзскі прэзыдэнт Валеры Жыскар Д’Эстэн, прэзыдэнт Філіпінаў Карасон Акіна, чэскі прэзыдэнт Вацлаў Гавэл, Замбіі Кэннэт Каўнда.

Сяброўствам зь ёй ганарыўся стваральнік кампаніі Microsoft Біл Гейтс, ангельская прынцэса Дыяна і іншыя ўплывовыя асобы сьвету.

Пасля сьмерці Кэтрын Грэхэм кіраўніцтва карпарацыяй Washington Post, якая прыносіць штогод амаль 1,4 млрд. даляраў прыбытку, перайшла да яе сына Дональда Грэхэма.
XS
SM
MD
LG