Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЕВЕ НЕ СПЫНЯЮЦЦА ПРАВАКАЦЫІ СУПРАЦЬ ЗЬБІРАЛЬНІКАЎ ПОДПІСАЎ


Аляксандар Сердзюкоў, Гомель

Цягам тыдня не спыняюцца правакацыі ў адносінах да тых магілёўцаў, якія зьбіраюць подпісы за пяцёрку патэнцыйных дэмакратычных кандыдатаў. Учора міліцыянты затрымалі лідэра магілёўскай філіі Маладой Грамады Аляксандра Бальшова, які стаяў ля чыгуначнага вакзалу ў пікеце за Міхаіла Чыгіра. Аднак па праверцы дакумэнтаў яго выпусьцілі.

Сёньня прадстаўнікі адміністрацыі стадыёну "Спартак" спрабавалі разагнаць зьбіральнікаў подпісаў за Сямёна Домаша, якія сталі непадалёк ад стадыёну. як паведаміў старшыня філіі фонду Льва Сапегі Ўладзімер Шанцаў, на працягу гадзіны да іх падыходзілі ды прапаноўвалі адысьціся ад стадыёну, дзе месьціцца рэчавы рынак гораду.

У той жа час кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстановаў Магілёва ствараюць найлепшыя ўмовы для прыхільнікаў Лукашэнкі. Подпісы за яго зьбіраюць на прадпрыемствах і ў працоўны час. Рабочых папярэджваюць, што інакш яны ня змогуць совечасова атрымаць заробак ці пайсьці ў адпачынак.

Перад кіраўнікамі сельскіх гаспадарак таксама ставяць задачу сабраць неабходную колькасьць подпісаў. У студэнтаў інтэрнату пэдагагічнага ўнівэрсытэту зьбіралі пашпарты і прымушалі падпісвацца за Лукашэнку, інакш яны б маглі ў верасьні не патрапіць у інтэрнаты.

За цяперашняга кіраўніка дзяржавы ўжо сабралі некалькі дзясяткаў тысячаў подпісаў — у абласной камісіі адмаўляюцца назваць канкрэтную лічбу. Але ўжо вядома, што пляну на 150 тысяч падпісчыкаў за Аляксандра Лукашэнку на Магілёўшчыне гэтак і ня выканалі.

Сярод пяцёркі найбольш подпісаў на Магілёўшчыне аддаюць за Ўладзімера Ганчарыка. Паводле інфармацыі каардынатара штабу Аляксандра Сяўкова, за Ганчарыка падпісаліся 18 000 магілёўцаў.

Адзін з кіраўнікоў ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша старшыня абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Валеры Сівуха паведаміў, што яны сабралі ўжо больш як 11 000 подпісаў за Сямёна Домаша і заўтра спыняюць гэтую кампанію. Як заявіў Андрэй Дзігун, каардынатар абласнога штабу Міхаіла Чыгіра, да гэтай лічбы набліжаецца і абласная група былога прэм'ер-міністра.

Некалькі тысяч магілёўцаў падпісаліся і за Паўла Казлоўскага. 8 000 жыхароў
вобласьці вылучылі кандыдатам на прэзыдэнта лідэра камуністаў Сяргея Калякіна.

Пра вынікі збору подпісаў на карысьць іншых прэтэндэнтаў пакуль што невядома. Абласная выбарчая камісія паабяцала прадаставіць неабходную інфармацыю пры канцы тыдня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG