Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСК ПРЫЕХАЎ РАСЕЙСКІ КАЛЕГА ЛІДЗІІ ЯРМОШЫНАЙ


Юры Сьвірко, Менск

Цікава, што іншы прэтэндэнт, актор Яўген Крыжаноўскі, заяву пра сваю адмову ад удзелу ў выбарах пакуль у ЦВК не даслаў. Таму афіцыйна зараз прэтэндэнтаў — 21, улучна са спадарамі Крыжаноўскім і Мякекам.

Сёньня ў Менск на запрашэньне беларускага Цэнтарвыбаркаму прыехаў старшыня ЦВК Расеі Аляксандар Вешнякоў на чале з адмысловай дэлегацыяй, у склад якой уваходзяць два сябры Цэнтарвыбаркаму Ўкраіны й прадстаўнік Вугоршчыны Том Золтан, генэральны сакратар Асацыяцыі арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнае ды Ўсходняе Эўропы.

Цэнтарвыбаркам цяпер настолькі заняты гэтымі назіральнікамі, што пакуль нават не абмяркоўваў пытаньня пра разгляд сёньняшняй заявы аднаго з прэтэндэнтаў Мікалая Мякекі. Калі яе будуць разглядаць і колькі засталося прэтэндэнтаў? — спытаўся я ў прэсавага сакратара ЦВК Валер'я Юрэвіча.

(Юрэвіч: ) "Фармальна яшчэ 21. Мякека напісаў заяву сёньня, прынёс афіцыйную заяву ў камісію пра тое, каб яго зьнялі. Фармальна матываваў нібыта нязгодай з дэкрэтам прэзыдэнта №20 — афіцыйна. Але ўсім зразумела, празь якую прычыну — у чалавека 135 асобаў ініцыятыўная група", — сказаў спадар Юрэвіч.

На маё пытаньне пра Яўгена Крыжаноўскага, які на мінулым тыдні абвесьціў пра сваю адмову ад удзелу ў выбарах, прэсавы сакратар Цэнтарвыбаркаму адказаў гэтак:

(Юрэвіч: ) "Не, Крыжаноўскі яшчэ заяву не падаваў".

А старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў сёньняшнім інтэрвію газэце "Звязда" зрабіла шэраг цікавых заяваў. Камэнтуючы чуткі пра тое, што адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Павал Казлоўскі нарадзіўся па-за межамі Беларусі, яна сказала: "Калі браць Казлоўскага, то мне вядома, што ягоныя бацькі зьяўляюцца беларусамі".

Наконт адсутнасьці Зянона Пазьняка ў Беларусі спадарыня Ярмошына заявіла: "Фармальна ён мае права знаходзіцца там, дзе захоча, нават на ўвесь пэрыяд выбарчай кампаніі. Але ці ведае падобныя выпадкі гісторыя?" — запыталася старшыня Цэнтарвыбаркаму.

А вось якую заяву яна зрабіла наконт парушэньняў: "Я б не сказала, што колькасьць парушэньняў вялікая. Яны, зразумела, ёсьць, але давайце не забываць, што ў кожнай групе жывыя людзі, якія ня маюць юрыдычнай адукацыі і часта дзейнічаюць у не зусім спрыяльных умовах". Што гэта за ўмовы, Лідзія Ярмошына не патлумачыла, але дадала, што шмат пасьведчаньняў зьбіральнікаў подпісаў парвалі выбарцы.

Пра гісторыю з Аляксандрам Валчанінам, зьбіральнікам подпісаў за Аляксандра Лукашэнку ў Жодзіне, спадарыня Ярмошына сказала, што "парушэньняў выбарчага заканадаўства ў сытуацыі з Валчаніным ня выяўлена. Ён катэгарычна абверг якія б то ні было факты ціску на сябе як з боку адміністрацыі, так і кіраўніцтва ініцыятыўнай групы". Але старшыня ЦВК прызнала, што ў спадара Валчаніна "быў канфлікт з кіраўніком мясцовай вэртыкалі".

Лідзія Ярмошына заявіла таксама, што зьвесткі пра парушэньне заканадаўства на карысьць Аляксандра Лукашэнкі праверылі, і большасьць гэтых зьвестак нібыта не адпавядае рэчаіснасьці.

Ня мае Лідзія Ярмошына прэтэнзіяў і да асьвятленьня выбараў сродкамі масавай інфармацыі, хаця ўсё ж заяўляе: "Я магу крыўдзіцца на недзяржаўныя выданьні, бо я бачу за пэўнымі публікацыямі заказ". Пра замовы ў дзяржаўных газэтах і на тэлебачаньні яна не сказала нічога.

Спадарыня Ярмошына лічыць, што брудныя тэхналёгіі ўжо выкарыстоўваюцца, і "ўжо разгарнуліся дзьве падобныя інфармацыйныя кампаніі". Першая, паводле ейных словаў, скіраваная на дыскрэдытацыю Цэнтральнай і мясцовай выбарчых камісіяў як нелегітымных. "Другая кампанія — дыскрэдытацыя аднаго з удзельнікаў выбарчай кампаніі, я маю на ўвазе дзейнага прэзыдэнта", — заявіла "Звяздзе" Лідзія Ярмошына.

XS
SM
MD
LG