Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖНАРОДНАЕ НАЗІРАНЬНЕ ЗА ВЫБАРАМІ Ў БЕЛАРУСІ БУДЗЕ КААРДЫНАВАЦЬ БДІПЧ


Уладзімер Глод, Менск

Кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі днямі вярнуўся зь Вены, дзе трымаў справаздачу перад Сталым камітэтам АБСЭ.

Менавіта на гэтым паседжаньні ішла размова і пра міжнароднае назіраньне за выбарамі прэзыдэнта Беларусі. Каардынаваць яго будзе Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Яно плянуе прыслаць у Беларусь 14 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія пачнуць выконваць свае функцыі за 6 тыдняў да пачатку выбараў, і прыкладна 150 кароткатэрміновых назіральнікаў.

Кіраўнік Сталага камітэту АБСЭ спадар Бота з Румыніі заклікаў беларускія ўлады прыслаць запрашэньні для супрацоўнікаў Бюро, паколькі без адпаведных афіцыйных дакумэнтаў яны ня могуць прыехаць у Беларусь.

Паводле спадара Віка, ягоная служба ўжо пачала займацца магчымым уладкаваньнем 14 назіральнікаў. Для іх рыхтуюць офісы, шукаюць кватэры і г.д. Але на сёньняшні дзень афіцыйнага запрашэньня назіральнікам ад уладаў Беларусі няма.

Чаму ўлады цягнуць з афармленньнем неабходных дакумэнтаў? Вось што адказвае на гэтае пытаньне ўдзельнік сёньняшняга паседжаньня лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) "Улады хочуць паказаць, што ў нас ня горш чым у Расеі і запрашаюць прадстаўнікоў Расеі. Імпэрскае прадстаўніцтва дасьць адназначную характарыстыку, што ў нас сытуацыя такая — ёсьць пэўныя няроўнасьці, ёсьць пэўныя недапрацоўкі, але гэта ніяк ня можа паўплываць на вынікі выбараў. Гэта ж зразумела, якая схема адпрацаваная і што робіцца".

(Карэспандэнт: ) "Ці ня ёсьць гэтая зацяжка ўскосным прызнаньнем магчымай фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў?"

(Шушкевіч: ) "Ускоснага прызнаньня ня трэба. Трэба прамое прызнаньне. Ніводзін прадстаўнік незалежных сілаў з тых 600 назіральнікаў, што былі прапанаваныя, не ўвайшлі ў сьпіс тых 2200 сяброў тэрытарыяльных камісіяў. Які яшчэ доказ патрэбны іншы? Зразумела, што ўсё робіцца для татальнай фальсыфікацыі".

Дарэчы, сёньня адзін з патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Леанід Сініцын выступіў з адмысловай заявай, у якой таксама зьвяртае ўвагу на тое, што беларускія ўлады не запрашаюць міжнародных назіральнікаў, паколькі не зацікаўленыя ў правядзеньні сумленных і справядлівых выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG