Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗА ЎДЗЕЛ У АКЦЫІ АПАЗЫЦЫІ НА 10 СУТАК АРЫШТАВАНЫ БЕРАСЬЦЕЕЦ СЯРЖУК БАХУН


Алег Супрунюк, Берасьце

Справа Сяржука Бахуна тычылася ягонага ўдзелу ў акцыi, што адбылася ў сьнежнi мiнулага году – ў Мiжнародны дзень правоў чалавека. Тады мiлiцыянты затрымалi пяць чалавек, якiя пазьней былi пакараныя адмiнiстрацыйнымi штрафамi. У прыватнасьцi, кiраўнiк берасьцейскага "Маладога фронту" павiнен быў сплацiць штраф памерам 200 мiнiмальных заробкаў.

Паколькi спадар Бахун гэта не зрабiў, да яго на кватэру прыйшлi судовыя выканаўцы, каб апiсаць маёмасьць. Гэты вiзыт ня быў плёным, паколькi бацькi Сяржука Бахуна заявiлi, што ў хаце няма маёмасьцi, якая належыць асабiста iхняму сыну.

У вынiку справа маладафронтаўца зноў трапiла ў суд Ленiнскага раёну Берасьця i судьдзя Алег Мiранюк сёньня прыняў рашэньне пакараць Сяржука Бахуна на 10 суткаў арышту.

Чаму менавiта зараз была ўзгадана гэтая справа распавядае сястра Сяржука Бахуна Алена:

(А.Бахун:) "Хутка будуць выбары, а Сяржук ёсьць чалавек, якi можа зарганiзаваць добры супрацiў уладам. I таму ўлады перашкаджаюць i робяць, каб ён быў проста лiквiдаваны на пэўны час".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы лiчыце, гэты перасьлед неяк паўплывае на стаўленьне Сяржука да гэтай выбарчай кампанii?"

(Бахун:) "Не, наўрад цi. Я думаю, што гэта зактывiзуе яго яшчэ больш".

Да гэтага трэба дадаць, што перасьлед адбываецца i ў дачыненьнi да бацькоў Сяржука Бахуна, якiя цягам апошнiх месцаў пазбавiлiся працы на адказных пасадах у аб'яднаньнi "Брэстгараднiнапрам". Пётар Бахун, нават уладкаваўшыся ў iншую дзяржаўную ўстанову, атрымлiвае заўвагi цяпер ужо да свайго новага начальства.

Гэтыя папярэджаньнi зьвязаныя з тым, што бацька мясцовага кiраўнiка "Маладога Фронту" удзельнiчае ў кампанii збору подпiсаў за вылучэньне апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты.
XS
SM
MD
LG