Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫКРАДАНЬНЕ БЕЛАРУСІ


Віталь Тарас, Прага

Уладзімер Плешчанка:

“Незалежнасьць і магчымасьці свабоды на маё пакаленьне зваліліся амаль нечакана. Мы мала чаго тады зрабілі, каб Беларусь была незалежнай краінай, як гэта рабілі іншыя народы Эўропы. На нашыя плечы зваліўся цяжар зараз адстаяць я. Адстаяць, пакуль ёсьць магчымасьць, бяз зброі і ахвяраў”.

Барыс Хамайда:

“З таталітарызму паасобку не выходзяць. І падзяліўшыся на партыі – таксама. Трэба выходзіць гуртам. Думаю, патрэбная шырокая грамадзкае аб’яднаньне з дзьвюма зразумелымі кожнаму мэтамі: адхіленьне Лукашэнкі ад улады і правядзеньне пасьля гэтага вольных выбараў”.

Са старшынём гарадзкой рады Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ўладзімерам Плешчанкам гутарыла карэспандэнт радыё Свабода ў Віцебску Браніслава Станкевіч.

(Станкевіч) “Наша гаворка адбываецца падчас зьбіраньня подпісаў за вылучэньне Зянона Пазьняка ў кандыдаты на прэзыдэнцкую пасаду, каля так званага Сіняга дому, добра вядомаму кожнаму віцябляніну. І ня толькі віцябляніну – “сіні дом” стаўся вядомым на ўсю Беларусь, дзякуючы шматлікім акцыям Беларускага народнага фронту, якія праводзяцца тут яшчэ ад 91-га году. І галоўнымі ўдзельнікамі гэтых акцыяў заўсёды былі два чалавекі – тутэйшыя апазыцыянэры Ўладзімер Плешчанка ды Барыс Хамайда”.

Калі Ўладзімер Плешчанка ўпершыню ў жыцьці сутыкнуўся з несвабодай? Вось ягоны адказ:

(Плешчанка: ) “Мая маці, як і ўсе калгасьніцы, рыхтаваліся да вясновай сяўбы – перабіралі насеньне. Прыйшла старшыня сельскага выканкаму і абвесьціла, што памёр Сталін. Жанчыны пачалі плакаць. Мая маці ўздыхнула і не заплакала – твар яе зьмяніўся ў добрай усьмешцы. Старшыня сельсавету на яе накінулася. Маці спалохалася. Прыйшла – пачала расказваць бацьку. Бацька сказаў: не магла ты зрабіць выгляд, як і ўсе астатнія?!

Вось тады я адчуў, што мае бацькі – несвабодныя людзі. Яны вымушаныя прыстасоўвацца. Вось гэта перпшы выпадак у маім жыцьці, калі я адчуў, што такое свабодны ці несвабодны чалавек.

Потым, цягам жыцьця, прыходзілася сутыкацца зь несвабодай ужо самому неаднаразова. Калі прыходзілася ўступаць у камсамол, каб паступіць у інстытут. Калі прыходзілася на вытворчым аб’яднаньні ўключаць у суаўтары вынаходніцтва людзей, якія ніякага дачыненьня ня мелі да яго. І шмат чаго іншага”.

Уладзімер Плешчанка нарадзіўся ў 1948-м годзе ў вёсцы Варонаў пад Віцебскам. Вучыўся ў Варонаўскай сельскай школе, потым у Віцебску. Скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут, працаваў у вытворчым аб’яднаньні “Маналіт”. Зараз беспрацоўны.

Восем месяцаў Уладзімер Плешчанка правёў у турме – пасьля таго, як у 98-м годзе быў асуджаны за злоснае хуліганства. Яго абвінавцілі ў тым, што ён, нібыта, сарваў з пастамэнту бюст Суворава, які стаяў пад вокнамі раённага ваенккамату, і занес яго за трыста мэтраў адтуль.

Апошнія адзінаццаць гадоў ягонае імя ўвесь час згадвалася побач зь імем Барыса Хамайды, у тым ліку ў міліцэйскіх пратаколах аб затрыманьні.

Барыс Хамайда распавёў у тэлефоннай гутарцы гісторыю аб тым, як некалі бацька ўпершыню прывёў яго ў дзіцячы садок.

(Хамайда: ) “Агледзеўшыся, я пабачыў, што знаходжуся ў замкнёнай прасторы агароджы. Выхавацелька захоплена чытала нейкую кніжку і, здавалася, зусім не зьвяртала ўвагі на дзяцей. І я вырашыў сыйсьці.

Ніводнай дзіркі ў агароджы не знайшлося. Брама была зачыненая нейкім мудрагелістым кручком. І я знайшоў простае выйсьце: пералез праз агароджу. Майго зьнікненьня ніхто не заўважыў.

Ведаючы правілы дарожнага руху, я пайшоў пешшу да бацькі, які працаваў у цырульні. Ён аслупянеў. Першым пытаньнем было – хто мяне прывёў? Я адказаў, што прыйшоў сам. Бацька хутка ськінуў белы халат, схапіў мяне за руку і павёў назад. У садку бацька пачаў чытаць выхавацельцы натацыю, што ніхто не наглядае за дзецьмі, і яны самастойна пакідаюць установу.

Зьбегліся іншыя выхавацелькі. А я ня мог уцяміць – чаго яны глядзяць на мяне як на дзіва? А яны сапраўды ўпершыню бачылі дзіця, здольнае выбрацца з агароджы. Гэта была першая вылазка па-за межы “зоны”.

Барыс Хамайда нарадзіўся ў 1948-м годзе ў Віцебску. Скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэту. Галоўны рэдактар віцебскай апазыцыйнай газэты “Выбар”, выхад якой улады неаднаразова спрабавалі спыніць.

Неаднаразова караўся за арганізацыю недазволеных уладмі пікетаў, мітынгаў, шэсьцяў. Самы вялікі тэрмін пакараньня – 50 содняў адміністрацыйнага арышту.

Разам з Уладзімерам Плешчанкам Барыс Хамайда ў Беларускім народным Фронце з 1989-га году. Абодва былі выключаныя з партыі БНФ у 1995-м. Абодва ўвайшлі ў Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком.

Аднак, падчас сёлетняй выбарчай кампаніі пазыцыі Хамайды й Плешчанкі ўпершыню разыйшліся. Але пра гэта – крыху пазьней.

Што азначае свабода ў разуменьні Уладзімера Плешчанкі?

(Плешчанка: ) “Калі ты можаш улетку ўстаць рана, прайсьці па мокрай траве да возера, акунуцца ў яшчэ студзёнай вадзе. А ў зімку – праехаць на лыжах па полі, якое некалі араў твой дзед.

Мець радзіму і прытулак. Мець магчымасць і права адстаяць тваю і тваіх блізкіх чалавечую годнасьць.

Ну, і вядома ж, мець права жыцьцёвага выбару”.

Аб праве на свабоду выбару гаворыць і Барыс Хамайда.

(Хамайда: ) “Маё права – без перашкодаў выказваць свае погляды. Гэта стан душы. Але мая свабода не павінна абмяжоўваць свабоды іншага чалавека. Мой сусед павінен мець такое ж права выказваць свае погляды.

Чуючы іншыя думкі, я вывяраю свае на жыцьцястойкасьць. І яшчэ. Я не магу быць свабодным у несвабоднай краіне. Амаль усе рэпрэсіі, перанесеныя ад рэжыму, былі наступствам маіх поглядаў на пытаньні свабоды й незалежнасьці Беларусі.

У нейкай абстрактнай краіне я не магу быць вольным. Хачу мець свабоду ў сваёй беларускай хаце”.

Што трэба зрабіць, каб беларускі народ стаў свабодным. Сваімі развагамі дзеліцца Ўладзімер Плешчанка:

(Плешчанка: ) “Як і ўсім народам, што ня мелі свабоды, былі яе пазбаўленыя – дамагчыся. У 91-м незалежнасьць і магчымасьці свабоды на маё пакаленьне зваліліся амаль нечакана. Мы мала чаго тады зрабілі, каб Беларусь была незалежнай краіны, як гэта рабілі іншыя народы Эўропы.

На нашы плечы зваліўся зараз цяжар адстаяць незалежнасьць – адстаяць, пакуль ёсьць магчымасць, без крыві і ахвяраў. Неабходна сарваць пляны Масквы замяніць ужо непатрэбнага ёй Лукашэнку на іншага – такога ж адданага Маскве, але крыху больш цывілізаванага, зьнешне больш дэмакратычнага. Сёньня нам, беларусам, нельга ашукацца”.

У ацэнцы нядаўняга мінулага – у тым, што Беларусі не ўдалося яшчэ вырвацца з абдымкаў таталітарызму, што Беларускаму народнаму фронту не ўдалося пераламіць грамадзкую сьвядомасьць і нават адстаяць сымболі незалежнасьці, Уладзімер Плешчанка і Барыс Хамайда сыходзяцца.

А вось на пытаньне “што рабціь” кожны зь іх адказвае па-свойму. Уладзімер Плешчанка прымае ўдзел у выбарчай кампаніі Зянона Пазьняка.

Выбар Барыса Хамайды іншы. Адказ, які ён даў у запісы перадачы Крок да свабоды – нешта большае, чым проста адказ. Гэта, хутчэй, ягоны асабісты маніфэст. Вось найбольш прынцыповы, як мне падаецца, яго фрагмэнт:

(Хамайда: ) “Мне зразумела, што шляхам выбараў з таталітарызму выйсьці немагчыма. Колькі ня выстаўляй назіральнікаў – вынік будзе такі, які пажадае ўлада. Тут як ні галасуй – усё адно, прайграеш. Таму я катэгарычна не прымаю ўдзелу апазыцыйных палітыкаў у прэзыдэнцкім выбарчым фарсе, бо ўсе яны будуць скарыстаныя Лукашэнкам у якасьці статыстаў. Удзел у выбарах – фактычнае прызнаньне лукашэнкаўскага антыканстытуцыйнага перавароту 1996 г., прызнаньне яго канстытуцыі, яго самога ў якасьці кіраўніка дзяржавы, так званай палаты прадстаўнікоў, цэнтрвыбаркаму.

Асабіста я сумняваюся, што кандыдаты здольныя выканаць свае абяцаньні і трымацца літары закону. Занадта лёгка яны “прагнуліся” перад нелегітымнай уладай. Занадта лёгка пераступілі празь зьніклага Віктара Ганчара – легітымнага старшыню цэнтарвыбаркаму, і пайшлі танчыць кракавяк зь нелегітымнай сп. Ярмошынай.

І праз жывога Сымона Шарэцкага зь лёгкасьцю пераступілі.
Я ўпэўнены, што пасьля таго, як авантура з выбарамі лясьнецца, прэтэндэнты адразу згадаюць і канстытуцыю 94-га году і сп-ра Шарэцкага. Будуць прасіць “дзядзьку Сымона”, каб хутчэй бег у Брусэль тлумачыць, што выбары былі несапраўдныя.

Асабіста я буду байкатаваць выбары пры любым раскладзе. З таталітарызму па-асабку не выходзяць. І падзяліўшыся на партыі – таксама. Трэба выходзіць гуртам. Думаю, патрэбна шырокае грамадзкае аб’яднаньне, з дзьвюма зразумелымі кожнаму мэтамі: адхіленьне Лукашэнкі ад улады і правядзеньне пасьля гэтага вольных выбараў. Пасьля перадачы ўлады абраным легітымным ворганам аб’яднаньне самараспускаецца. Гэта шанец кансалідавацца.

З таталітарызму не выходзяць пад калектыўным кіраўніцтвам. Патрэбен беларускі Майсей. Ня ведаю – калі і як, але ён абавязкова зьявіцца”.

Так лічыць Барыс Хамайда.

Дэмакратычныя палітыкі, што ўступілі ў барацьбу за прэзыдэнцтва – незалежна ад свайго мінулага і матываў, якімі яны кіруюцца – рызыкуюць ня менш, чым тыя, хто сёньня адмаўляецца ад удзелу ў палітыцы, так бы мовіць, байкатуючы яе.

Словы пра кансалідацыю так і застануцца словамі, калі па-ранейшаму чакаць прыходу Мэсыі і таго, што таталітарны рэжым у Беларусі будзе зруйнаваны адным узмахам ягонай рукі.

На заканчэньне слова Барысу Хамайду.

(Хамайда: ) “Ці веру я, што беларускі народ будзе мець волю? Безумоўна, веру. Я бы хацеў зьвярнуцца да ўсіх сьвядомых беларусаў. Чым бы ні скончылася гэтае верасьнёўскае глупства – не пакідайце Беларусі, бо сапраўдная барацьба толькі пачынаецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG